Выбрать главу
Хаваюць без аркестраў i вянкоў, Без ганаровай варты i прамоўцаў. Няма ні ардэноў, ні некралогаў, I толькі ў полі гнуцца каласы.
Ён пяцьдзесят разоў пасеяў жыта I пяцьдзесят разоў абмалаціў, Ён пяцьдзесят гадоў карміў уволю Людзей, якіх ні разу не сустрэў.
Ніхто яму не дзякаваў ніколі, Не ўспамінаў за шумнаю бяседай Імя таго, хто малаціў i сеяў I аддаваў усё, што мог аддаць.
Хаваюць сейбіта. Маўчаць дзяды, a дзеці Нясуць у жменьках вялыя рамонкі, I над палямі не заходзіць сонца, Якое ён заўсёды сустракаў.
Стаяць прысады ў ганаровай варце, A ластаўкі лятаюць нізка-нізка Над пыльным шляхам, над высокім жытам, I журацца пры студнях жураўлі.
Ён першы раз патурбаваў вяскоўцаў, I ўпершыню яго ўзнялі высока Мужчыны над жытнёвымі палямі... А недзе песня жніўная звініць.
1966 г.
ВЕРАСЕНЬ
I туманныя слівы i яблыкі — вось яны — На саломе ляжаць у іскрынках расы, Пахнуць мёдам i верасам сонечнай восені, I рыпяць па дарогах цяжкія вазы.
Халадком задыміліся травы збуялыя. З агародаў паўзуць праз платы гарбузы, Шамаціць на іржэўніку лісце апалае, I рыпяць па дарогах цяжкія вазы.
Аж здаецца, зямля пацяжэла за верасень, Падабрэла, прыціхла ў асенняй красе. Чалавек ёй з маленства да скону даверыўся, Пра яе i турботы, i клопаты ўсе.
I яна адарыла пладамі багатымі Працавітыя рукі шчаслівых людзей. Чырванеюць рабіны над новымі хатамі, Спелы верасень з мёдам i хлебам ідзе.
1963 г.
МАЦІ ПРАВАФЛАНГОВАГА
Жанчыну ў старамодным плацці Праз доўгі клубны калідор, Пад руку ўзяўшы, нібы маці, На сцэну вёў сівы маёр.
I без каманды, без загаду Казах, літовец i грузін, — Плячо к плячу, салдат к салдату, Усе ўзняліся як адзін.
Жанчына хустку развязала I, глянуўшы на ўсе бакі, На прывітанне адказала: — Дзень добры, родныя сынкі!
Здалося ёй, што, зняўшы каскі, Абтросшы горкі пыл вайны, Па воінскаму абавязку Сюды сабраліся яны.
I кожны ёй напомніў сына, Таго, што пісем больш не шле, Што ў сорак трэцім на хвіліну Прылёг з гранатай на скале,
А ўстаў праз тры гады з граніту На скрыжаванні дзвюх дарог. Шумела ядранае жыта, А ён не чуў i чуць не мог.
І не сказала больш ні слова Жанчына, ўспомніўшы сынка, Што стаў навек правафланговым Байцом гвардзейскага палка.
1959 г.
КРЫЛАТЫЯ ДЗЯЎЧАТЫ

Герою Савецкага Саюза

Надзеі Васільеўне Паповай

Пасля санбатаў на гарачым целе Яшчэ смылелі раны i рубцы. I зноў на «кукурузніках» ляцелі Дзяўчаты на Растоў i на Клінцы.
Для ix былі бранёй камбінезоны, Ix прыкрывалі хмары з галавой. A ўнізе дагаралі гарнізоны I захлынаўся шквал перадавой.
Гарэзныя i грозныя дзяўчынкі, Яшчэ не цалаваныя нікім, Ляцелі ў пекла, i парой з аўчынку Зямля i неба бачыліся ім.
Здавалася, ix абмінаюць кулі У бітвах за Дняпро i за Дзясну, Хоць кожнай з ix зеніткі, як зязюлі, Прарочылі апошнюю вясну.
Яны ж ляцелі жураўліным клінам Насустрач перамозе i агню. I, зняўшы шлемафоны пад Берлінам, Заплакалі упершыню,
1963 г.
КАЛЯ КРЫНІЦЫ ХАРАСТВА
У ліпеньскай красе Друскінінкай Стаіць над нёманскаю кручай. Мне раілі: «Крыніцу адшукай Жывой вады. празрыстай i гаючай».
I доўга я шукаў тае вады, Што ад хваробы кожнаму паможа, Што нават сівы стане маладым, А малады — i дужым, i прыгожым.