Выбрать главу
I я хацеў крыху памаладзець, Напіўшыся вады, як сырадою, I думаў, што сцяжынка прывядзе Мяне к таму людскому вадапою,
Дзе у чарзе чакаюць хараства, I дужасці, i сілы чалавечай, Дзе робіцца яснейшай галава I маладзеюць згорбленыя плечы.
Шуміць лістамі старасвецкі парк, Схіліўся лебедзь над вадой фантана. Курортніцы двухмесячны загар Паказваюць умела i старанна.
I толькі на узгорку, ля варот, Дзе кветак i курортніц небагата, Стаіць адна, ужо каторы год, Маленькая дзяўчынка з аўтаматам.
Адкінуў пругкі вецер валасы, На сонцы вылінялі бровы. I я ніколі гэтакай красы Не бачыў, светлай i суровай,
Не сустракаў такое чысціні, I хараства, i шчырасці дзявочай, Хоць i здаецца — тысячам зрадні Яе прыжмураныя вочы.
Параіў мне літовец малады: «Гаючую крыніцу не шукай ты...» I хараство адчуў я сапраўды Ля помніка Марытэ Мельнікайтэ.
1958 г.
НАД СІВАШОМ
Мы з добрым другам — латышом Часопісы гартаем. Пілот сказаў: — Над Сівашом Мы зараз пралятаем.
Унізе сцелецца туман, Як шэрыя папахі: Здаецца, сотні партызан Ідуць уброд па пахі,
Паўзуць, пакінуўшы акоп, Смыляць рубцы на целе, Каб за Сіваш i Перакоп Спакойна мы ляцелі.
Унізе — горы i лясы Затканы срэбнай пражай, I толькі кропелькі расы Дрыжаць на фюзеляжы.
I месяц да крыла прымёрз Асколкам сіняй крыгі, I самалёт яго давёз Да старажытнай Рыгі.
1963 г.
ГАНЧАР
Ганчарны круг без перадышкі Гудзе, імчыцца з веку ў век, I кожны дзень з яго гладышкі Здымае добры чалавек.
То задуменны, то шчаслівы, Ён грэе гліну ў руках I сінім золатам палівы Выводзіць зоры на гляках.
А потым у ганчарнай печы Гаршкі, карчагі, гарлачы, Расправіўшы крутыя плечы, Гудуць, нібыта трубачы.
У зыркім полымі свіцяцца, Як маладзіцы, гладышы, Агонь стараецца дабрацца Да ix вясёлае душы,
Каб над крынічнаю вадою Звінела залатое дно, Каб хмельнай сілай маладою У ix іскрылася віно.
Каб у спякоту пад снапамі, Падняўшы гладышы з зямлі, Дзяўчаты прагнымі губамі Густы бярозавік пілі,
А на світанні па суніцы Пайшлі з гладышкамі ў гушчар. Ім будзе мроіцца i сніцца З усмешкай добраю ганчар. Ён зноў бярэцца за работу, Агонь у печы не патух, I падаюць расінкі поту, I зноў гудзе ганчарны круг.
1964 г.
ПАТРЭБЕН ЧАЛАВЕКУ ЧАЛАВЕК
Заўжды хто-небудзь некага чакае, Заўжды хто-небудзь некага шукае — Патрэбен чалавеку чалавек, Што прыйдзе у бядзе на дапамогу, Што пракладзе надзейную дарогу Над кручамі i над вірамі рэк,
Што стане часткай сэрца i сумлення, Што прыйдзе, як высокае натхненне, I цеплыню i ласку прынясе. I я яму аддам усё дазвання: Агонь душы, любоў, i хваляванне, I радасці, i клопаты усе.
Хай свята дружбы лепшым будзе святам, Хай векам дружбы наш завецца век, Хай другу друг заўсёды будзе братам I другам — чалавеку чалавек.
1959 г.
ЯШЧЭ ЎСЕ ТРЫВОГІ НЕ ПРАЙШЛІ
Часамі нас хвалюе драбяза I глупства нам трагедыяй здаецца: То набяжыць гарачая сляза, То ў сэрцы след надоўга застанецца,
Што не назвалі i тваё імя У маленечкай газетнай справаздачы, I самалюбства слізкая змяя I дзень i ноч адразу перайначыць,
Што прэмію да свята не далі I тры пустых білеты ў латарэі, Што зноў дажджы падворак залілі, А ў хаце слаба грэюць батарэі.