Нас бачылі толькі глухія дарогі,
Сляды замяталі суровыя зімы.
Мы ў дні адступлення i ў Дзень Перамогі
Былі неразлучны з табою, Радзіма.
Бо верылі ў праўду тваю неадступна,
Таму i жылі i любілі без меры
Трывогі, салюты, i дзень твой наступны,
I сілу тваёй непадкупнае веры.
1961 г.
СОН
Міколу Аўрамчыку
Ты рурскі пыл яшчэ не выдыхаў,
I, мабыць, сняцца па начах
Жывыя мошчы Янаў, Фрыдрыхаў
З адчаем у сухіх вачах.
I ваганеткі ў чорным змроку
Па штрэку, быццам па трубе,
Як прывіды з чырвоным вокам,
Паўзуць начамі на цябе.
Імчыцца клець, a канагонаў
Сякуць сырычныя бічы.
Ты дрот пілуеш, а з палону
Ніяк не можаш уцячы.
I толькі, як у жменьцы вугалю,
У душы агеньчык не пагас,
I мроіцца табе, што цуглі
Грызе не Тойфель, а Пегас.
Вільготных стоек дух смаловы
Дайшоў ад роднае зямлі,
I рыфма ў рыфму, слова ў слова,
Як куля ў кулю, увайшлі
I заіскрыліся радкамі,
Як трапяткі бікфордаў шнур.
Загаласіў, завыў гудкамі
Яшчэ дзядамі кляты Рур...
А ранкам белыя аблокі
I журавоў нясе вясна...
Пякельны Рур даўно далёка,
I толькі ў скронях сівізна.
1964 г.
* * *
Жыццё часамі мачахай было:
Сляпіла вочы, шчокі секла,
То праз чысцілішча вяло,
То зноў кідала нас у пекла.
А я не здаўся, не зачах,
Не набрыняў атрутай злосці,
Таму i сёння у вачах
Гараць іскрынкі маладосці,
Таму так прагна я люблю
Жыццё, людзей.
I веру свята:
Што не паспеў зрабіць — зраблю
I пражыву другую рату.
1962 г.
* * *
Кароткі век у чалавека,
А ўсё ж такі завецца век.
Адзін задоўга да паўвека
Ужо сядзіць сярод калек,
Штодня штурмуе медыцыну,
Да слёз даводзіць дактароў
I без усякае прычыны
Псуе сабе i людзям кроў.
Другі збірае горы хлеба,
Шляхі пракладвае ў Сусвет
I падае, як зорка з неба,
Каб сто гадоў свяціўся след.
1964 г.
* * *
Мы ўсё пазналі i прайшлі —
Пакуты, радасці, трывогу,
I жменьку роднае зямлі
Заўсёды бралі у дарогу.
Тае зямлі, што поіць нас,
Што пахне росамі i хлебам,
Тае зямлі, што не аддасць
Нікога ў крыўду без патрэбы.
Зямлі, што не даруе здрад,
Што ад няпраўды халадзее,
Што i ў пару вялікіх страт
Не траціць лепшыя надзеі.
Надзея ратавала нас,
I мы яшчэ мацней любілі
Сваю зямлю ў той грозны час,
Калі трывогу пратрубілі.
I на дарогах Калымы
Мы свята помнілі прысягу,
I верылі заўсёды мы
Жывому ленінскаму сцягу.
1961 г.
ДУША
Мяне выхоўвалі,
Мяне захоўвалі,
Я то з'яўляўся,
То знікаў,
Мяне вадзілі
I ахоўвалі,
Хоць я нікуды
Не ўцякаў.
I замыкалі,
I пад пломбамі,
Нібы каштоўнасць,
Бераглі,
I неба клеткамі
I ромбамі
Разлінавалі
Як маглі.
Мяне ўзважвалі
I мералі,
Здымалі ў профіль
I анфас,
Але ні разу
Не праверылі
Душы наяўнасць
I запас.
Шкада,
Што не здымаюць
З яе юрысты
I ўрачы,
I ні адна дактыласкопія
He можа
Тут дапамагчы.
Мая душа
Супраціўлялася,
Бо верыла i тым жыла,
Бо не чарсцвела,
Не ламалася —
Была такою, як была.
Хоць дзіўна,
У чым яна трымалася,
А паспрабуй
Яе сагні!
Яна ж з маленства
Гартавалася
На чыстым,
Праведным агні.