1964 г.
ЦІШЫНЯ
Я слухаю начную цішыню:
Чуваць, як б'ецца сэрца птушаняці
I матылёк да зыркага агню
Ляціць i кружыцца, як на вялікім свяце.
Звініць, звініць начная цішыня,
З ліста на ліст скацілася расінка,
Чуваць — каля апаленага пня
Ca скрыпам прабіваецца асінка.
Чуваць, як зоры сінія дрыжаць —
На небе i зямлі такая ціша!
Не хочацца ні думаць, ні зважаць,
Што ў гэты час сейсмограф недзе піша
Крывыя кожнага падземнага штуршка,
Што днём i ноччу кружацца радары,
Што можа застаецца паўвяршка
Да страшнага наступнага удара.
A ўсё чакае сонечнага дня,
Дрыжыць paca, i роўна сэрца б'ецца.
Няхай у ясным небе цішыня
Заўсёды цішынёю застаецца.
1962 г.
ЖАДАННЕ
Ці пахаваў ты блізкага калі,
Ці ўмееш кулаком заціснуць спазмы плачу,
Калі расце грудок сырой зямлі
Над тым,
каго ніколі больш не ўбачыш?
Я пахаваў бацькоў i мацярок.
На ix магілах расцвітае рута.
Крывёю быў адзначан кожны крок
Ад Брэста да апошняга салюта.
Я пахаваў сто тысяч сваякоў —
Братоў, сясцёр, дзяцей i пабрацімаў
На скрыжаваннях сальскіх бальшакоў,
Над Нёманам i у цяснінах Крыма.
Калі цяпер дзяўчаты запяюць
I загудзе паводка на прадвесні,
Перад вачыма твары паўстаюць
Тых,
што сваёй не даспявалі песні.
Мы помнім ix жывыя галасы,
Усмешкі i задумлівыя вочы,
Хоць i не ўсіх знаходзім адрасы
Каля дарог i лугавых абочын.
Ix дзеці i унукі падраслі,
У ix такія ж вочы i усмешкі,
Яны ступаюць смела па зямлі,
Свае пратоптваючы сцежкі,
I ціха шэпчуць першае «люблю»
Дужэюць, распраўляюць крылле,
I любяць тое неба, i зямлю,
I тыя песні, што бацькі любілі.
1960 г.
БЯССМЕРЦЕ
Ці забываецца навек,
Калі сканае чалавек?
Па-мойму, не,
Па-мойму, ў свет
Вядзе заўжды ягоны след.
Яго няма, а ён жыве
У даўняй песні i ў траве,
У цвеце веснавых садоў
I сто i тысячу гадоў.
Няхай яго няма між нас,
Няхай імя закрэсліў час,
А ён жыве ў маёй крыві
I мне загадвае: «Жыві
I за сябе i за мяне,
Каб соль трашчала на спіне,
Каб рукі стомаю гулі,
Каб песні кожны дзень былі».
Я п'ю бярозавік густы
З таго надрэзу, што і ты
Калісьці піў у даўні век,
Мой прашчур, добры чалавек.
I нада мной шумяць лісты
Прысадаў, што дагледзеў ты,
Галінку кожную і сук
Сагрэў цяплом шурпатых рук.
Гудуць пад коламі масты,
Дзе перакінуў кладку ты,
Красуюць жыта i авёс,
Што ты за пазухай прынёс
На ляды ў даўнюю вясну —
На колішнюю цаліну.
Ты ставіў хаты, дровы сек,
Мой дзед, рабочы чалавек,
Не шкадаваў ні рук, ні жыл —
Ты ўсё умеў, ты прагна жыў,
Твае сагрэлі мазалі
Пясчынку кожную зямлі.
Ідуць гады, шумяць гады,
Твае ж не сцерліся сляды.
Ты прагна жыў, жывеш, жыві
Крывінкай у маёй крыві.
А нашы ўнукі ўспомняць нас
На віражах касмічных трас.
Так у бяссмерце, з веку ў век,
Ідзе рабочы чалавек.
1962 г.
ІСЦІНА
Я ўсё калісьці мудрасцю лічыў,
Хацеў дайсці да самае асновы,
Хацеў знайсці да ісціны ключы,
А паланілі формулы i словы.
I самы мудры пасміхаўся ў вус,
Вучыў, i павучаў, i быў прарокам,
Настаўнікам філосафаў i муз,
Адзіным i не адзінокім.
Ён часам сонца засланіць умеў,
Сабе грамы прысвоіць i праменні.
Мінула ўсё, i кожны зразумеў:
Было ўсяго няпоўнае зацьменне.
Для кожнага цяпер не навіна,
Што ёсць на свеце ісціна адна —
Ленін.
1964 г.