Выбрать главу

II

АБРУЧ
Я гнаў абруч, А думаў: еду, еду На край зямлі, За сіні небасхіл, Дзе не відно Ні каляін, ні следу, Дзе асядаў Паружавелы пыл.
Я гнаў абруч I бег за доўгім ценем Праз палыны, Каля размытых круч — I пакаціўся Услед за летуценнем Па небе звонкі Сонечны абруч
За перыстыя Белыя аблокі, У празрыстую Нямую цішыню. А я стаяў I пазіраў здалёку, I ведаў, што яго Не даганю,
Што мне хадзіць Заўсёды пехатою, Што век не адарвацца Ад зямлі, Што не падняцца Сцежкаю крутою Туды, дзе праплываюць Жураўлі.
Усходзілі, заходзілі Свяцілы, Буялі травы, Замеці мялі, А мне тугія Мроіліся крылы, Што нас цяпер Над светам паднялі.
Пульсуюць рэактыўныя Маторы, Плыве над намі Жураўліны ключ, I коціцца У залатое мора Па небе звонкі Сонечны абруч.
1964 г.
ПАЧАТАК
За Глускам, у глухіх барах, Яшчэ мае блукае рэха, I дзень суніцамі прапах,
I зоры плаваюць у рэках,
I золкі золак на Пцічы Мяне туды заўсёды кліча, Дзе расцвітаюць касачы, Дзе мне гады зязюля лічыць,
Дзе каля цёмнае вады, На вузенькім пясчаным мысе, Здаецца, i мае сляды Яшчэ дагэтуль засталіся.
Хоць я ніколі не знайду Сваіх слядоў i хісткай кладкі, A ўсё ж лячу к свайму гнязду, К свайму адзінаму пачатку,
1964 г.
НАЧЛЕГ
Ці многа патрэбна старому каню? Наскубся i спутаны стаў ля агню. Касцёр дагарае, i прысак ачах, Агеньчык мільгае у цьмяных вачах, На доўгую грыву раса асядае, I нават чуваць, як трава маладая З зямлі прабіваецца, цёплай i волкай, I пахне сасоннік празрыстаю смолкай. Курыцца туман над палянай лясною, I дрэмлецца добра у лесе вясною. На цёплым кажусе, на першым начлезе Мне сніцца — лясун на алешыну лезе, Трымае ў руках сукаватую палку I з возера кліча дадому русалку. У лёгкім тумане, пад месяцам сінім, Яна адгукаецца крыкам гусіным, На бераг выходзіць, расчэсвае косы, А з ix, нібы ягады, падаюць росы. Скаціліся росы, як дзве журавіны, На белыя грудзі знаёмай дзяўчыны, I голас знаёмы я чую спрасоння, Што піць паскакалі да возера коні. Я вочы расплюшчыў — ля дзікай ігрушы Бялявыя косы начлежніца сушыць. — Каму ты у сне усміхаўся сягоння? — Пытае яна i глядзіць з-пад далоні.
1963 г.
ПЕРШАЕ КАХАННЕ
Я першую каханую сваю Не зваў на «ты», не цалаваў, не песціў, Я рады быў, што побач пастаю, I сам не свой ішоў на тое ж месца,
Дзе толькі што смяялася яна, Дзе толькі што яе ляжалі рукі. I першага кахання навіна Была пачаткам радасці i мукі.
Я сніў яе, а потым, як у сне, Убачыў: каля нашага паркана Яна ішла, мінаючы мяне, Не бачачы, што побач закаханы.
Яна прайшла, як сонечны прамень, Над часам, над разлукай, над вайною. У самы цяжкі i суровы дзень Яна была, здавалася, са мною.
Я думаў: ёй заўжды семнаццаць год, Яна у сне ўяўлялася такою, Што ад вачэй любы растане лёд I сэрца больш не будзе мець спакою.
I вось сустрэў каханую сваю: Знаёмы твар, але патухлі вочы; Не, гэта не яна, яе не пазнаю, Як вершы, што пісаў мінулай ноччу.
1958 г.
ВЯСНА
Цябе палохае i кліча Зялёны красавіцкі дым, I незнаёмае аблічча, I бэз над берагам крутым.
Цябе трывожыць i гукае Іскрысты шумны крыгаход I той хлапчук, што сустракае Цябе штодня каля варот,
Бярэзнік у ліловым чадзе, I рэчка ў ранішняй смузе, I салаўі, што ў цёмным садзе Пяюць аб шчасці i тузе.