Выбрать главу
Неспадзявана, як у снежні гром, Як у глухую поўнач промень сонца, Нібы жар-птушка з вогненным пяром, Ты да мяне ляцела на трохтонцы.
Шчаслівыя, да самага відна Сядзелі мы, пабраўшыся за рукі, I верылі, што толькі смерць адна На свеце мае права на разлукі.
1964 г.
ПАВОДКА
Учора ноччу хрусткі іней Яшчэ лажыўся на лугі, А сёння у празрыстай сіні Крутыя тонуць берагі.
I толькі макаўкі парэчак Тырчаць з імклівае вады. Разводдзе самых ціхіх рэчак Зрывае з берага плыты,
Шпурляе тоўстыя бярвенні На ледарэзы i быкі, Галіны, трэскі i карэнні Нясе у розныя бакі.
I сцежар леташні на мелі Тырчыць, як мачта карабля. Набракла гаркаватым хмелем За дзень адталая зямля.
Мы зноў, як у юнацтве, марым, I я паказваю табе Дажджынку першую на твары I першы коцік на вярбе.
Нас i узрост не перайначыў, За рукі ўзяўшыся, праз сад, Па лужах, каб ніхто не бачыў, Бяжым, як дваццаць год назад.
1958 г.
РАННЯЯ ВЯСНА
Няпэўнае вясны пачатак: Лядыш да шыбіны прыліп, Дубеюць пальцы без пальчатак У клёнаў, ясеняў i ліп,
I парудзелы снег не хоча
Спаўзаць у рыны без пары, I толькі вочы, толькі вочы Нясуць праменьчыкі зары.
У ix — i сонца, i сінеча, I кроплі чыстыя са стрэх, I радасць першае сустрэчы, А на губах i ў сэрцах смех.
Вадою захлынуцца трубы, I ўсе пачуюць навіну, Што вочы добрыя i губы Прынеслі раннюю вясну.
1966 г.
* * *
в. м.
Я цябе прыгадаў Басаногаю, шустраю, тонкай. Пад нагамі рассыпала Раніца зерні расы, I тады, у далёкія тыя часы, Я цябе уяўляў Залатою сасонкай, I здавалася, будзеш такою заўжды — Маладою, іскрыстаю, крышачку колкай. Ды хіба ж загадаеш, Каб вечна квітнелі сады I у небе ніколі не гаслі вясёлкі? Ды хіба ж загадаеш каму, Каб гады Над табою i мною улады не мелі, Каб спынілася плынь веснавое вады, Каб да старасці скроні у нас не сівелі? Пасівелі, а сэрца не хоча старэць — Мабыць, вызнана мала i зроблена мала. Мы гарэлі ў агні, але нам не згарэць, Навальніца прайшла, але нас не зламала. Ты заўсёды была клапатліваю жонкай, Ты суровай была міласэрнай сястрой. Я цябе i цяпер уяўляю сасонкай, Што яшчэ палымнее вячэрняй зарой.
1956 г.
* * *
Будзь музаю маёй, Маім натхненнем, I ласкаю, I казкаю жывой, Маёй надзеяй i маім сумленнем, I толькі будзь заўжды Сама сабой, Няўмольнаю, Спагадлівай, вясёлай, Маўкліваю i надта гаваркой, У дождж іскрыся Чыстаю вясёлкай, У спёку стань Крынічнаю ракой, Прымі мяне У залатое лона, Ад смагі дай Гаючую ваду, I я з твайго Чароўнага палону Ніколі сам Нікуды не пайду. Твайго святла Ужо нішто не засціць; Ты для мяне, Як зорка на зямлі; Таму з табой У горы i ў няшчасці Заўсёды мы Шчаслівымі былі. Ты не даеш Сабе i мне спакою (Жывым супроцьпаказаны Спакой). Свяці вясёлкай, Будзь жывой ракою, Надзеяю i музаю Маёй.
1964 г.
ПРЫЗНАННЕ
Ты ходзіш мяне у дарогу праводзіць, На месяц, на тыдзень, на некалькі дзён. Стаіш i глядзіш, як цягнік адыходзіць I ў змроку знікае апошні вагон.
А потым па плошчах i вуліцах гулкіх Ідзеш, не сустрэўшы нікога нідзе, I толькі чуваць, як у вузкіх завулках, Нібыта у трубах, завея гудзе,
Грыміць у дарожныя знакі да рання I голыя ліпы хістае i гне. Ты, пэўна, сумуеш пасля развітання I з гэтай хвіліны чакаеш мяне.