Выбрать главу
Пытаеш, чаму мне з табой не сядзіцца, Чаму, завітаўшы на некалькі дзён, Я зноў ад'язджаю з утульнай сталіцы У нейкі глухі i далёкі раён.
Чаму я хаджу пехатой у завею, Чаму не такі, як мужы у людзей. Ты думаеш, — я ад вандровак сівею, А я адчуваю, што стаў маладзей.
Я чую, як пахне смаловае вецце, Як стукае дзяцел па звонкай сасне, Я чую начамі, як студзеньскі вецер То вые, то снегам шуміць па сцяне.
Я невад на бераг цягну з рыбакамі, Я з імі начую на Куршскай касе, — Мне хочацца толькі сваімі рукамі Адчуць асалоду i цяжкасці ўсе,
У ядраным жыце сустрэць агранома, Блукаць да світання па мокрай траве, Стаяць пад дажджом на дняпроўскім пароме, Пачуць, як дзяўчаты пяюць на жніве,
I думаць з усімі аб сонцы i хлебе, I самую лепшую песню злажыць. Калі ты камусьці хоць крышку патрэбен, Дык хочацца доўга i радасна жыць.
Я новых вандровак маршрут i кірунак На карце, прыехаўшы, зноў правяду, Вясёлку табе прывязу ў падарунак I ў светлыя косы твае запляту.
1958 г.
* * *
І мы сварыліся. За нешта папракалі Адно другога дзень, i два, i тры. Здавалася, што ў гэтакім напале Маланкі свішчуць i гудуць вятры.
Здавалася, нябачнаю мяжою Падзелены даўно i ты, i я, I колкаю, суроваю, чужою Зрабілася каханая мая. За што сварыліся? Чаго не падзялілі — Мы ўспомніць не маглі i ў першы дзень. Ад радасцей i колішніх ідылій У памяці астаўся толькі цень.
Нікому не хацелася скарыцца I першаму пераступіць мяжу, А тут бы нам усмешкай заіскрыцца, Пайсці насустрач першаму дажджу,
Адно другому паглядзець у вочы I адгукнуцца сонечнай вясне, Паслухаць разам, як вада булькоча I кропелькі сцякаюць па вясле,
Як лопаюцца клейкія пупышкі, Як гнёзды ўюць вясёлыя дразды, I на пяску ля парашутнай вышкі Знайсці юнацтва нашага сляды. Хутчэй хадзем! A крыўды i папрокі Няхай узважыць i закрэсліць час. Глядзі — плывуць блакітныя аблокі, Прыслухайся — разводдзе кліча нас,
I белы свет іскрыцца i шчабеча, Прарэзваюцца першыя лісты. Мы зноў ідзём, абняўшыся за плечы, Шчаслівыя ад мудрай дабраты.
1963 г.
* * *
Я шчыра люблю Неспакойных i смелых, I тых, Што сабе не даруюць віну, Люблю маладых I люблю пасівелых, Вясёлых люблю, А кахаю адну.
Каханне не мае Hi межаў, ні стажу, Каханне прыносіць Заўжды навіну. I, мабыць, ніколі Ніхто не адкажа, За што ён кахае На свеце адну.
1964 г.
* * *
Што я ў цябе даўно ў даўгу, Заўсёды ведаю i помню, A дазваніцца не магу К табе па сонечнаму промню.
Ён, як струна, між нас вісіць, Іскрысты, тоненькі i дрогкі. Штодня званю, каб папрасіць Адтэрміноўкі i палёгкі,
Прызнацца у сваёй віне, Паабяцаць, а ты затое Караеш кожны дзень мяне Сваёю шчодрай дабратою.
1965 г.
* * *
Мяняешся, нібы рака, ты: То пацямнееш ад тугі, То на крутыя перакаты Ўзлятаеш ветразем тугім,
Іскрышся сонечнай паводкай I лашчышся, нібы прыбой, Гарыш маланкаю кароткай I ўслед гукаеш за сабой.
Тут i канчаюцца разлукі. Сінее дзень, i побач ты Працягваеш насустрач рукі, Як два надзейныя масты,
Каб зноў трывожыць i смяяцца, Знікаць, іскрыцца i любіць, — Нібы рака, заўжды мяняцца I, як рака, нязменнай быць.
1965 г.