* * *
Ты, мабыць, добра ведаеш сама,
Што ні ў дарозе, ні ў сваім пакоі
Мне без цябе ні радасці няма,
Hi шчасця, ні ратунку, ні спакою.
А прыйдзе ж дзень, i нехта з нас дваіх
Адзін у адзіноце застанецца.
Напэўна ты.
I ўжо да рук маіх
Ніколі больш ніхто не дакранецца,
Ім больш не дацягнуцца да пяра,
Не сціснуць руку другу пры сустрэчы,
I гора, як няўмольная гаpa,
Твае прыцісне вузенькія плечы.
Ніхто цябе не выйдзе сустракаць
Hi ў летні дождж, ні ў лютаўскую замець,
I толькі часам будзе дакараць
Надоўга патрывожаная памяць,
Што не паспела нешта расказаць,
Што нечага спытаць не мела часу,
Што ўжо канца з начаткам не звязаць
I не прыпомніць нечага адразу.
Але пакуль жывецца — будзем жыць,
Задумваць не на дні, а на стагоддзі,
Каханнем i сяброўствам даражыць
Пры сонечнай i ветранай пагодзе,
I ўсё, што трэба выказаць, — сказаць,
Нічога не забыцца, не адкласці,
Сустрэчнаму дарогу паказаць,
А час надыдзе — на хаду упасці.
1962 г.
* * *
Усё ў тваёй душы — i радасць, i туга,
I смех, i боль, i ласкі, i дакоры,
То іскаркі ў вачах, то мітульга
Трывожных дум або салодкай зморы.
А прыцемкам асеннім кожны раз
Ты рукі ціха мне кладзеш на плечы,
I мроіцца, што нават позні час
Не сцёр пачуццяў першае сустрэчы,
Ды толькі сэрца нельга ашукаць,
Хоць ты маўчыш, стрымаўшы хваляванне.
Хоць i пяеш, а хочаш адшукаць
Адказ на ўсе трывогі i пытанні
I расказаць аб клопатах сваіх,
Аб мітусні i дробязных турботах.
Ты хоць сягоння прамяняла б ix
На лес дзяўчынкі у кірзовых ботах,
Каб толькі зноў спачатку ўсё пачаць,
Жыць на вадзе, на хлебе i павідле,
Каб вечары на вуліцы страчаць,
Каб золкія світанні не абрыдлі.
Калі б ты зноў спачатку ўсё прайшла,
Каго б ты выбрала, каго б ты абмінула?
Kaго б сагрэла промнямі святла,
Каму б руку ласкава працягнула?
Чаго ж маўчыш? Я ведаю, што ты
Не рада ні спакою, ні дастатку,
А каб вярнуць мінулыя гады,
Ты пачала б ізноў усё спачатку.
Ізноў прайшла б са мною след у след
I сцежкі, i шырокія дарогі,
Каб у жыцці ўсё было як след —
I смех, i боль, i шчасце, i трывогі.
1961 г.
* * *
Мы з табою жылі
У бядзе i ў нястачы.
Ды ў суровыя даўнія
Тыя гады
Я не чуў ад цябе
Ні папрокаў, ні плачу, —
Ты сябе i мяне
Суцяшала заўжды.
Не было ні прытулку,
Ні хлеба, ні к хлебу,
Ні спагадлівых блізкіх,
Ні чулай радні.
Толькі сонца было
I высокае неба,
A начамі свяцілі
I грэлі агні.
А цяпер вось бядуеш,
Што нечага мала: .
То фіранкі старыя,
То трэба змяніць дываны...
I здаецца,
Зязюля даўно адкувала,
I не чутна
За вокінамі
Звону вясны.
Я ж на неба, на зоры
Хачу наглядзецца,
На зямлю, на сяброў,
Бо ніхто не навек!
I пакуль не замоўкне
Гарачае сэрца,
Буду верыць —
Для шчасця жыве чалавек.
1964 г.
ЗАЙЗДРАСЦЬ
Па начах жаніхі i нявесты
То вартуюць чужыя пад'езды,
То шукаюць у скверы прытулку,
То блукаюць па цёмным завулку.
Ix не дождж i не золкія ночы
Заганяюць у цемень, а вочы,
Што глядзяць з недаверам, што судзяць,
Што каханне юначае студзяць.
Кожны вечар у мокрай алеі
Нехта шэпча, цалуецца, млее
Ад гарачай салодкае стомы.
Потым разам стаяць каля дома
I ніяк развітацца не могуць.
Вось нявеста кусае пазногаць
I на вокны глядзіць час ад часу,
Дзе калючыя цені альясу,
Дзе цяпло стометровай кватэры
I цыратай абітыя дзверы,
Дзе фіранкі i фікусы ў пыле,
I карціны у рыначным стылі,
Дзе сталы i серванты з арэху
I не чутна ні песень, ні смеху,
Дзе «Здароўе» — адзіны часопіс,
I «шпіёнскі» зачытаны опус.