Хоць i люстры гараць i таршэры,
Кожны вечар тут змрочны i шэры.
Ды спакою начальніка траста
Не зайздросцяць жаніх i нявеста.
Ім бы той вунь маленькі пакойчык,
Што на год адчыняецца двойчы
(На Кастрычнік i Першага мая,
Калі пыл пакаёўка сцірае).
Ім бы толькі настольную лямпу
I акно без адзінае плямкі,
Чарцяжамі завалены стол,
I высокую светлую столь,
I праменьчыкі ранняга сонца,
Ледзяную ваду у калонцы,
Ім бы стос непрачытаных кніг,
Ім бы радасць адну на дваіх,
Ім бы, змораным, разам упасці
У абдымкі спякотнага шчасця,
Запрасіць бы паўгорада ў госці
На ўрачыстасць сваёй маладосці.
Ім прыйдзецца на дужыя плечы
Узяць i радасць i боль чалавечы...
Вось ідуць маладыя на плошчу,
Я гляджу ім услед i зайздрошчу.
1962 г.
ТВОЙ ГОЛАС
Тут сонца i ружы у скверы,
Тут спеюць інжыр i хурма,
I цяжка адразу паверыць,
Што недзе ў Сібіры — зіма,
Што хмары, звісаючы нізка,
Дарогі вадой залілі,
Што восень у нас i над Мінскам
Ляцяць i ляцяць жураўлі,
Што голыя мокнуць асіны,
Што з клёнаў aпалі лісты,
Ад ix, як ад лапак гусіных,
Наўкол засталіся сляды.
Мне так закарцела дадому,
Пакуль не мінуў лістапад.
I раптам знаёмы-знаёмы
Твой голас паклікаў назад.
Хоць ты гаварыла, што рана
Вяртацца, што варта пажыць...
Я чуў, што дрыжыць не мембрана,
А сэрца i голас дрыжыць.
Здалося, нібы ўвачавідку
Мы побач з табою стаім
I провада тонкую нітку
Сагрэлі дыханнем сваім.
Здалося, крануліся скроняў
Гарачыя вусны твае,
Расцвіў віінаград на адхоне
I сонца над намі ўстае.
Бо шчасце не ведае меры,
А шчасця без веры няма.
Няхай жа у нашыя дзверы
Hi разу не грукне зіма.
I раптам, не скончыўшы сказа
Ты змоўкла: хвіліны прайшлі..
I зноў над хрыбтамі Каўказа
Ляцяць i ляцяць жураўлі.
1959 г.
ЧАКАННЕ
Над Іртышом гудзе завея,
Шляхі i сцежкі замяла,
I пасмы белыя, як змеі,
Паўзуць па вуліцах сяла.
Растуць калматыя сумёты,
Прысады гнуцца да зямлі.
За тыдзень нават самалёты
Даставіць пошту не змаглі.
Мароз усё яшчэ лютуе,
Да клямкі прыстае рука,
А каляндар нібы жартуе,
Што ўжо канец сакавіка,
Што недзе вербы ў завушніцах
Стаяць па плечы у вадзе.
Вясна мне толькі часта сніцца,
Але чамусьці не ідзе.
Маўчыш i ты каторы тыдзень,
Хоць напісала б слова ты.
Калі вясна не хутка прыйдзе,
Хоць бы прыйшлі твае лісты.
1958 г.
* * *
Каб пісаліся вершы,
Трэба быць закаханым
У жанчыну, у неба,
У добрых людзей.
I ад шчасця заўсёды
Быць крышачку п'яным,
I ніколі, ніколі
Не траціць надзей.
Трэба быць закаханым
У гоманы бору,
У світанні над полем,
У дождж на сяўбе,
Трэба быць закаханым
У сінія зоры
I ніколі, ніколі —
У самога сябе.
1964 г.
НА КАТКУ
Бывае, што ў часіну адпачынку
Канькі i пада мною зазвіняць,
I хочацца цыбатую дзяўчынку
На віражы дагнаць i перагнаць.
Мільгае патэфоннаю пласцінкай
Блакітны затуманены каток,
I, як іголка, тонкая дзяўчынка
На лёдзе робіць тысячны віток.
Яна ў тумане іскаркай здаецца
Далёкага юначага агню,
Паблісквае канькамі i смяецца,
Што я цяпер яе не даганю.
Яна віецца, кружыцца, лятае —
Яшчэ рывок i зараз абміне,
Бялявая, i ўсё ж такі не тая,
Што некалі адстала ад мяне.