Жанчына каля сіняга сумёту
Трымае шалік, паліто i боты.
Я паглядзеў у вочы i пазнаў,
Што i яе калісьці даганяў.
1964 г.
ПЛАЧА ЖАНЧЫНА
Жанчына плача на прыпынку.
А ёй не робіцца лягчэй,
Хоць i бягуць, бягуць слязінкі
З яе заплаканых вачэй.
Якая ж у яе прычына?
Што ёй спакою не дае?
Я думаю,
ці не мужчына
Пакрыўдзіў толькі што яе?
Не дапамог або абразіў,
Упёрся ў графік ці ў статут,
Ці ні за што заляпаў граззю
I столькі нарабіў пакут.
Жанатыя і. халастыя,
Успамінайце кожны раз,
Што ўсе жанкі крыху святыя,
Што маці нарадзіла вас.
1963 г.
ТАБЕ ЗАЙЗДРОСЦІЦЬ СОНЦА
Тані
Твайму юнацтву пазайздросціць сонца,
I горы упадуць да ног тваіх,
Табе не трэба болей абаронцы, —
Ты абароніш i сябе i ix.
Ад зайздрасці, ад смутку i ад злосці,
Ад чэрствасці, спакусы i хлусні
Па праву непадкупнай маладосці
Ты i сябе i блізкіх барані.
I не прасі ні ласкі, ні апекі,
Hi дапамогі чулае радні.
Ты ж напрасткі пераплываеш рэкі,
Гартуешся на сцюжы i агні.
I не шукай удачы выпадковай,
Што крышыцца i гнецца у руках
Стаптанаю іржаваю падковай,
Пакінутай на збітых бальшаках.
Лаві губамі пругкі вецер мая
I абдымі асмужаны прастор,
Твая рука гарачая трымае
Сцяблінку, што дацягнецца да зор.
Ты перайначыш колеры i формы,
Ты выратуеш кволых, ледзь жывых,
А загадаеш — i заціхнуць штормы,
I горы упадуць да ног тваіх.
Ты сілу сэрца, розуму i цела
Сваёй зямлі хоць сёння б аддала.
Табе у вочы сонца паглядзела,
Зажмурыўшыся ад твайго святла.
1962 г.
БАГАЦЦЕ
Нічога мне ніколі не шкада,
На шчырасць i на ласку не скуплюся,
Калі ў твой дом пастукае бяда,
Апошняю скарынкай падзялюся.
Нічога не збіраю, не таю,
Не берагу на чорны дзень i свята,
А ўсё, што ёсць, да кроплі аддаю
I тым шчаслівы i багаты.
1965 г.
* * *
Чалавеку патрэбна не слава,
А людская увага i ласка,
I сардэчнае шчырае слова,
I вясёлая добрая казка.
Чалавеку патрэбна усмешка
Незнаёмых вачэй i знаёмых,
Каб дажджамі размытая сцежка
Стала лёгкай на кручах i стромах.
Чалавеку не трэба спагады, —
Дабрата чалавеку патрэбна,
Каб, мінаючы прорвы i спады,
Узбірацца на стромкія грэбні,
Каб сяброў сустракаў клапатлівых
На дарогах далёка ад дому
I каб сам быў заўсёды шчаслівы,
Калі шчасце прыносіць другому.
1964 г.
KAЛI Ж ТЫ ВЫРАСЛА?
Званкі i голас незнаёмы
Мяне трывожаць кожны раз,
I тое, што знікаеш з дому,
I што вяртаешся не ў час.
А тут i дождж сячэ па шыбах,
I вецер вые як знарок,
I за сцяной, нібыта выбух,
Грыміць па бруку кожны крок.
Усе спяшаюцца кудысьці
Праз вецер i праз дождж густы,
У шыбу стукаецца лісце,
А мне здаецца — гэта ты.
Калі ж ты вырасла, дачушка,
Калі паспела пасталець?
То ціха плачаш у падушку,
То раптам пачынаеш пець.
Чакаеш вечара ад рання,
Хапаеш плашчык на бягу,
Каб не спазніцца на спатканне,
I недзе мокнеш на рагу.
Што ж, я цябе не сунімаю,
Адказваю на ўсе званкі
I ўсё часцей успамінаю,
Што сам калісьці быў такі,
Што не адважваўся спазніцца,
Калі мінула дваццаць год,
Што на спатканне ў навальніцу
Праз ручаіны бег уброд...
А вось трывожуся заўсёды,
I неспакой душу дзяўбе,
Калі i ў добрую пагоду
Няма да поўначы цябе.