Выбрать главу
Чакаў яе i спадзяваўся, Здалёк у вокны паглядаў, На роўным месцы спатыкаўся I песні пра яе складаў.
Спяваў аб харастве дзявочым, A ў змроку восеньскіх начэй Табе яе свяцілі вочы, Што прыгажэй за ўсіх вачэй.
Яна цябе назвала любым, I у апошні мірны год Яе ты песціў i галубіў I піў гарачых вуснаў мёд.
Яна ў паход цябе збірала, Як толькі грымнула вайна, Яна касіла, жыта жала, Лісты табе на фронт пісала,
Табой жыла, цябе чакала, I дачакалася яна. Прыйшоў дамоў, У кожнай хаце Ты быў для ўсіх жаданы госць — Знайшоў сяброў, ды хутка страціў Сваю былую маладосць.
I песень не складаеш болей, Знаходзіш сотні розных спраў I топчаш тыя кветкі ў полі, Што колісь для яе збіраў.
I ў асенні змрочны вечар Яна дамоў ідзе адна, Бо ты забыў пра ўсе сустрэчы, Бо стала жонкаю яна.
1955—1956 гг.
* * *
Люблю зямлю, што пахне лесам, Люблю густой жывіцы дух, Вільготны водар свежых трэсак I скрыпеня ружовы пух,
Зялёнае святло ігліцы I пах сунічнае расы, Што, як іскрынкі навальніцы, Усе асыпала лясы.
Люблю сівых дубоў калоны, I соснаў стромкія ствалы, I мёду поўныя калоды, I звон вясёлае пчалы.
Я сок бярозавы з надрэза Губамі прагнымі лаўлю, I рэкі, што прапахлі лесам, I зрубы звонкія люблю.
Здавён зялёнаю, лясною Завецца наша старана, I пахнуць смольнаю сасною Калыска, хата i труна.
1964 г.
АСЕННІ ДЗЕНЬ
Дзень па-асенняму кароткі. Зганяе вецер з хваль луску, I перавернутыя лодкі Гудуць на стоптаным пяску.
Празрыста, пуста i сцюдзённа. Бярэзнік, як манетны двор, Чаканіць золата штодзённа I шчодра кідае ў касцёр,
Што задыміўся верасамі, Што тлее жарам журавін I над празрыстымі лясамі Шугае полымем рабін.
Ляцяць лісты з няўлоўным рэхам На бераг, сцежкі i сляды, А мне здаецца, пахнуць снегам Мае наступныя гады.
1966 г.
ДРУЖЫННІЦЫ
Расінкі дрыжаць на ажыне, I падаюць зоры ў раку. Чацвёра сур'ёзных дружынніц Па ціхім ідуць гарадку.
Прыбраныя, быццам на свята, У пышных каронах валос, Сур'ёзныя, ходзяць дзяўчаты I шчасцем свіцяцца наскрозь.
Выходзяць на ціхую Прыпяць, I вецер ляціць наўздагон. Зірнеш i адважышся выпіць, Каб трапіць да ix у палон.
1962 г.
* * *

Здравствуй, племя младое,

Незнакомое.

A. Пушкін
Рамонкавым пылам i пахамі жыта Авеялі горад начныя вятры. Здаецца, i чвэртка яшчэ не пражыта Таго, што мінула да гэтай пары.
Іду па праспекце, па бруку Нямігі Туды, дзе студэнцкі гудзіць інтэрнат. I нас тут чакалі канспекты i кнігі, А мы на прыпынку чакалі дзяўчат,
Смуглявых i тонкіх, нібы чарацінкі, З брывамі, як пара разгорнутых крыл. Праходзіла ноч, i трамвай на прыпынкі Прыносіў pacy i рамонкавы пыл.
Нас клікала лета на дымныя сцежкі, Дзе наша дзяцінства прайшло басанож, Дзе першае гора было, i усмешкі, I буйныя слёзы, як чэрвеньскі дождж...
Часамі заныюць суставы i косці Ад сотні хвароб i ад тысячы страт, А я па дарогах сваёй маладосці Заўжды вечарамі іду ў інтэрнат.
Мне ўслед углядаюцца ясныя вочы З адчыненых вокан i вузкіх двароў. У спрэчках хлапцоў i у песнях дзявочых Мне чуецца голас далёкіх сяброў.
Хоць я ім чужы i зусім незнаёмы, Прыблудны дзівак i няпрошаны госць, Хаджу вечарамі ля гэтага дома, Каб збоку зірнуць на сваю маладосць.