Унучка, плацце белае надзень:
Сягоння свята. Свята кожны дзень.
1961 г.
* * *
Ушчэнт ступіліся нарогі,
Сашнік нагрэўся ад раллі,
Валы прысталі i на рогі
Барвовы месяц паднялі.
Глядзяць на зоры задуменна
I прагна слухаюць вясну.
А трактар ім ужо на змену
Ідзе i гоніць баразну...
Даўно ў музей здалі нарогі,
Ярмо, налыгач, пасталы,
I сцежкаю, уздоўж дарогі,
Ідуць на пенсію валы.
1966 г.
ЗЯЛЁНАЯ КНІГА
Я з маленства чытаю зялёную кнігу,
Як старонкі, гартаю лугі i палі,
Што шумяць, шапацяць i гамоняць паціху
I складаюць адвечную песню зямлі.
Я гляджу на зялёнае рослае жыта,
На крутыя мурожныя ў лузе стагі
I сябе папракаю, што многа пражыта,
А куды ні зірнеш — застаюцца даўгі.
Колькі я не ўзараў, не скасіў, не пасеяў,
Колькі я не праклаў пуцявін i дарог,
I не вытаптаў сцежак па золкай расе я,
А за сорак гадоў колькі вытаптаць мог!
Можа рана адбіўся ад поля i дому,
Не паверыў сапраўднаму лесу свайму,
Можа песні мае не патрэбны нікому,
Можа толькі спяваю сабе аднаму.
Я сябе вінавачу, суджуся з сабою,
Я палёгкі ніколі нідзе не прашу
I, не здолеўшы вытрымаць першага бою,
Зноў да раніцы новыя вершы пішу.
1960 г.
СЛОВЫ
Над намі словы уладараць.
Мы чуем i гаворым ix.
Яны то здружаць, то пасвараць
Сяброў i ворагаў маіх.
Бо словы розныя бываюць.
Адны — агню стрымаюць шквал,
Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон i забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціцца жыццё.
Ад слова вырастаюць крылы,
A ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы.
Дык не шкадуйце шчырых слоў
A здатным толькі на дакоры,
Умельцам словамі грымець,
Каб не прыносіць людзям гора,
Было б найлепей анямець.
1962 г.
* * *
Нельга ні забыцца, ні адкласці
На наступны, на прыёмны дзень
Нечае маленечкае шчасце,
А самому знікнуць, быццам цень,
Праз другія дзверы на нараду,
Дзе i без цябе ваду стаўкуць,
I спакойна ў доўгую шуфляду
Радасць чалавечую замкнуць.
Нельга абысці i адмахнуцца
Ад чужой трывогі i бяды,
Нельга не пачуць, як сэрцы б'юцца,
Як змаўкаюць сэрцы назаўжды.
Можа, ўзяўшы сэрца пад апеку,
Можна адагнаць адчаю цень.
Чалавек павінен чалавеку
Радасці прыносіць кожны дзень.
1962 г.
РАБІНАВАЯ НОЧ
Максіму Танку
Маланка б'е i ўпоперак i ўдоўж
I ўспыхвае, нібы сухое сучча,
Грукоча гром, i спорны дождж
Між небам i зямлёю ніткі суча.
Рыпяць сівыя сосны на касе,
Кіпіць i вые ўспененая Нарач,
I пласкадонку лёгкую нясе
Ці ў вір, ці ў Гатавічы нанач.
Плывуць у змроку рыбакі,
А дождж сячэ бязлітасна i тупа.
Глядзяць хлапцы у розныя бакі,
Ды не відно ні Мядзеля, ні Купы.
Над Нараччу — рабінавая ноч:
Бушуюць хвалі, дождж i навальніца.
Куды ні павярні, куды ні збоч,
Нідзе не стаць, нідзе не прыпьініцца.
Да раніцы не разбярэш ніяк,
Ад берага ты блізка ці далёка...
I вось агеньчык, быццам бы маяк,
Замільгацеў у цемры адзінока.
На вёслы налягаюць рыбакі,
А неба рэжуць вольтавыя дугі,
I зіхацяць ад свежае лускі
На хлопцах курткі, як кальчугі.
У пласкадонцы б'юцца шчупакі,
Звіваюцца вугры, як бранзалеты,
Не спяць такою ноччу рыбакі
I неспакойныя паэты.