1955 г.
ЛАСІНЫ СЛЕД
На досвітку па хрусткай стыні,
Паміж алешьін i асін,
Страсаючы рагамі іней,
Ідуць мацёрыя ласі
I ловяць мяккімі губамі
Тугія парасткі альхі.
Над пасівелымі гарбамі
Ляціць слупамі снег сухі.
На досвітку у лесе ціха,
Курыцца сіняя імгла,
Але трывожная ласіха
Угору вушы падняла.
I, прыхіліўшыся да вецця,
Глядзіць за снежныя валы,
Здаецца ёй, што свішча вецер
У варанёныя ствалы.
I лес, i снег у чыстых зорах,
У срэбных пацерках — кусты,
Але ласіха чуе шорах
I кожны скрып за тры вярсты.
Завея замяла дарогі...
Якочуць недзе ганчакі,
Закінуў лось на спіну рогі,
Бяжыць ласіха ў хмызнякі.
Праз буралом i крутаяры,
Шарпак ламаючы таўсты,
Яны ў гушчар ляцяць у пары
I ў кроў збіваюць капыты.
Гарачы след у змроку тоне.
З густое снежнае імглы
Шуміць шалёная пагоня,
I свішча вецер у ствалы.
Дыміцца сцежка колкім снегам,
Клубамі сцелецца гання...
Азваўся лес тужлівым рэхам,
I ўсё замерла. Цішыня.
Адразу стала пуста ў лесе,
Смала іскрыцца на кары,
I толькі след на стылым снезе
Гарыць палоскаю зары.
1961 г.
ЛЕСНІЧОЎКА
Зіма заваліла снягамі лясы,
Усе бальшакі прыцярушаны сенам.
Ссівелыя сосны гудуць, як басы,
I ціха звіняць заінелыя сцены.
За вокнамі ноч i сумёты наўкол,
Галосіць завея i просіцца ў сенцы,
То белую шапку адзене на кол,
То круціць i круціць свае вераценцы.
У печы паціху трашчаць смалякі,
I пахне сырою, адталай бярозай.
Здалёку чуваць, як рыпяць бальшакі, —
У хату ідуць лесарубы з марозу;
Каляныя шчокі, іскрынкі ў вачах,
Звіняць у парозе на ботах падкоўкі...
Заснуць лесарубы i сняць па начах
Шчаслівыя сны пад страхой леснічоўкі.
А сёння да поўначы ім не заснуць:
Мігае экран, i, нібы над паводкай,
З далёкага выраю ціха плывуць,
Кагосьці шукаюць i клічуць лябёдкі.
Над гукамі скрыпак яны паплылі,
Лятаюць i кружацца ў хвалях туману,
Схіляюцца нізка, да самай зямлі,
I раптам з блакітнага зніклі экрана.
Куды ж вы? Чакайце! Наўкол замяла
Завея усе бальшакі i дарожкі.
Пабудзьце яшчэ, не ўцякайце з цяпла,
Бо ў лесе застудзіце белыя ножкі.
На лавах сядзяць каля гулкай сцяны,
Глядзяць на сцямнелы экран лесарубы
I чуюць узлёт лебядзінай вясны,
I моўчкі кусаюць каляныя губы.
1964 г.
РЭАКТЬІЎНАЯ ЛЫЖНЯ
Без межаў поле, снег i снег,
I колкія іскрынкі пылу,
Блакітная лыжня мяне
Ізноў вядзе да небасхілу.
За пераездам паражняк
Грыміць i тоне ў белай пары,
A ў неба вузкая лыжня
Узвілася i бяжыць за хмары.
То вынырне, то прападзе,
То мільгане за паваротам.
Яна мяне услед вядзе
За рэактыўным самалётам.
1964 г.
СНЕЖАНЬ
I голыя ліпы,
I гулкія дахі
За ноч апранулі
Сівыя папахі.
А снег мітусіцца,
Ляціць, не сціхае,
Блакітнай становіцца
Поўнач глухая.
Замоўкла усё
I заціхла адразу,
Нібыта i крокі,
I словы, i сказы
Захутаны ў белую
Пухкую вату.
I золак паволі
Плыве сіняваты.
Нідзе не відно
Hi сцяжынак, ні следу.
А мне ўсё здаецца,
Што некуды еду
Праз гурбы i сцюжу,
Праз дзікую замець
I ў полі збіраю
Сняжынкі на памяць
Сузор'і гараць,
Каб з дарогі не збіцца,
А гэта ўсё мроіцца толькі
I сніцца.
На вуліцы ціха,
I светла, i свежа,
У шыбу галінкаю
Стукае снежань.