Яшчэ рывок, яшчэ імгненне —
I выйдзе на арбіту ён,
Закон зямнога прыцягнення —
Ужо адменены закон.
Зямля ў блакітным арэоле,
У тонкіх жылках сініх рэк.
Як згустак розуму i волі,
Ляціць савецкі чалавек.
Яго спакойна сэрца б'ецца,
Яму зямныя сняцца сны,
За першым следам след кладзецца
Сярод касмічнай цаліны.
То дзень, то ноч, то зноў світанне,
А ён — у зорнай цішыні,
I першым Сонца прывітанне
Яму прыслала з вышыні.
Яго імя зямля пачула
I ўжо запомніла навек,
Над Рымам, Токіо, Кабулам
Ляціць савецкі чалавек.
Ён родным сынам, братам, другам
Зрабіўся кожнаму з людзей,
За ім i дзень i ноч з Калугі
Спакойны сочыць чарадзей,
Нібы пытае: «Дзе ты, дзе ты?»
Нібы падлічвае віткі.
A ў неба зноў i зноў ракеты
Узлятаюць з Ленінскай рукі.
1961 г.
* * *
I я калісьці поўзаў па зямлі,
Цяпер хаджу, i езджу, i лятаю,
I ў небе сустракаю караблі
Над пікамі Каўказа i Алтая.
I не баюся ўзлётаў або ям,
Да віражоў i нечаканых спускаў
Рыхтуюся, нібы баксёр к баям,
Каб вытрымаць любую перагрузку.
Я ведаю, што вырвемся ў Сусвет,
Замецены касмічнаю імглою,
I ты, i я, i мой сусед,
А сэрцы не разлучацца з Зямлёю.
Бо чалавека вабяць i завуць
З любых вышынь аэрадромаў пліты,
I колеры зямныя, што жывуць
У кожным з нас, як фарбы на палітры.
Здаецца, нахіліўся б i набраў
У акіяне чыстага блакіту,
З лясных азёр — жывога серабра
I золата — з даспеленага жыта,
A зеляніны з пушчаў i лугоў
Начэрпаў бы паўнюткія вядзерцы,
Узяў бы белай фарбы у снягоў,
A чырвані — у неспакойным сэрцы
I рукавы па локці б закасаў,
I лепшую б карціну напісаў.
1964 г.
ДАКОР САБЕ
Жыццё даецца толькі раз,
А я, бывае, марна трачу
I сілы лепшыя, i час
I не лічу за недастачу
Усё, што сёння разгубіў,
Усё, што мог, а не зрабіў
I што, магчыма, заўтра страчу.
Бо што прайшло, таго не вернеш,
Не скажаш часу: «Пачакай».
Тым часам нехта сее зерні,
А нехта на пярэдні край
Ідзе няходжанаю сцежкай,
У штармавую ноч не спіць,
На новай трасе ставіць вешкі,
Каб стэп вадою напаіць.
I не адкладвае нічога,
Нічога ён не праміне
I недзе, змораны дарогай,
Касцёр распаліць i засне.
Няхай блішчаць ад поту твары,
Хай плечы муляе рукзак —
Шчаслівы той, хто змалку марыў,
Што жыць патрэбна толькі так,
Каб быць заўсёды у дарозе,
Прайсці, дзе следу не было,
Каб у надзённай нашай прозе
Здабыць паэзіі святло.
Каб, узышоўшы на вышыні,
Руку таварышу падаць
І побач стаць на той вяршыні,
Адкуль наступны дзень відаць.
Каб зазірнуць у тыя далі,
Куды нам суджана дайсці,
I, не спыняючыся, далей
Дарогу пэўную знайсці,
Спазнаць цану любой хвіліны
I кожным крокам даражыць:
Шукаць, знаходзіць,
быць няспынным.
Не проста існаваць,
а жыць.
1956 г.
БЫЛЫЯ ХЛАПЧУКІ
У кожным з нас яшчэ жыве хлапчук,
Вясёлы, шчыры i ласкавы,
Хоць пасівеў i вылез чуб
Ад спраў i нечаканай славы.
Мы ж вызначылі дні прыёму
На шыльдзе фарбай залатой,
А сам! з дому i дадому
Даўно не ходзім пехатой,
Не пазнаём старога друга,
Забылі матчына імя,
А як прыйдзецца часам туга,
Дык тут ужо i я не я.
Баімся студзеньскага ветру,
На дзверы вешаем замкі,
За дзень не больш як дзесяць метраў
Так-сяк праходзім нацянькі.
А каб агонь душы не згас,
I не для славы, а для справы,
Няхай жыве у кожным з нас
Хлапчук вясёлы i ласкавы.
1961 г.