Выбрать главу
МАЛЯР
Цвітуць да замаразкаў астры. На ціхі сонечны бульвар У крэйдзе, вапне, алебастры Выходзіць з вёдрамі маляр.
За ім па вуліцах пасёлка Ляціць празрысты лёгкі пух, Усімі фарбамі вясёлкі Яго распісаны фартух.
Сярод асенняй пазалоты Высокіх клёнаў i дубоў Узняўся дом яго работы, Адменны ад усіх дамоў.
Яшчэ пусты — ані фіранкі Няма ні ўнізе, ні ўгары. Сюды, напэўна, заўтра зранку Пачнуць з'язджацца жыхары.
Нарваў маляр бярэма кветак, Прынёс, паставіў за акном. Здалося, што цяпло i лета Прыйшло адразу ў новы дом.
1956 г.
ПАДАРОЖЖА
Я не стаю на раздарожжы, Мне пэўны шлях даўно відзён. Усё жыццё я ў падарожжы — Ад першых да апошніх дзён.
Бо мой рубеж яшчэ не блізка, Хоць б'юць часамі перуны, А я вандрую ад калыскі I правандрую да труны.
Але шкада, што век кароткі, А свету не відаць канца, Што пехатою ад Находкі Ужо не дайсці да Камянца,
Што легкадумныя раманы Больш не паўторацца ў жыцці, Што непраходныя урманы Наўрад ці прыйдзецца прайсці.
Шкада. А каб усё спачатку
Зноў паўтарыць за кругам круг, Хадзіць праз вузенькую кладку Вясной з дзяўчатамі на луг.
I зноў навыперадкі лётаць Цераз купальскія кастры, Таптаць задымленую лотаць I цалавацца да зары.
Шкада, што не з усімі стрэўся, Kaго калісьці мог сустрэць, Што каля тых агнёў не грэўся, Дзе мог i я душу сагрэць
Жывым, гарачым хваляваннем, Любоўю, светлым пачуццём. Таму цяпер усё дазвання Хачу зрабіць сваім жыццём:
Паветрам дыхаць навальнічным, Таптаць i лотаць, i мурог, З акрайцам i з вадой крынічнай Прайсці яшчэ мільён дарог,
Не ўслед, а поплеч з маладымі, Каб смела марыць, прагна жыць, Узняцца сцежкамі крутымі, Дзе зорка ў бездані дрыжыць,
Дзе за ліловым небасхілам Арбіты зорныя прайшлі, Дзе самі вырастаюць крылы, Каб зноў вярнуцца да Зямлі,
Дзе пахнуць першыя рамонкі, Дрыжаць пад месяцам гаі I свішчуць на світанні звонка I традыцыйна салаўі.
Таму хвалюе i трывожыць Усё, што стрэнецца ў жыцці, Таму, прыйшоўшы з падарожжа, Ізноў збіраюся ісці.
1964 г.
МЛЕЧНЫ ШЛЯХ
У зорным небе — Млечны Шлях. Пад ім ляцяць у вырай гусі, I мне здаецца, кожны птах Крычыць: «Вясной дамоў вярнуся!»
Ляцяць у вырай жураўлі, Ляцяць буслы у зорным небе, А вось да роднае зямлі I Млечны Шлях ім не патрэбен.
1957 г.
ЭЛЕГІЯ
Мяцеліца ў завулках вые, Нясе снягі на ўсе бакі. Заледзянелі маставыя, I ледзь паўзуць грузавікі.
Вязуць жалеза i цагліны, Чырвоныя, нібы агонь, А вось у кузаве машыны Ківае галавою конь.
Худы, калматы, заінелы, Прыгнуўшы шыю, з вышыні Глядзіць ён скоса i нясмела На мітуслівыя агні.
Куды цябе вязуць, буланы? Чаму не звоняць капыты? У якія графікі i планы Ужо запісаны i ты?
Падковы ж для цябе кавалі З найлепшай сталі кавалі, I людзі помнікі стаўлялі Табе амаль на ўсёй зямлі.
Ты ў бой ляцеў, прымаў парады, Ты ў полі за траіх рабіў I кожнай бабскае брыгады Апорай i надзеяй быў. Цяпер цябе знялі з работы — З палка, з абоза, з баразны, Хоць i цягнуў заўжды да поту I гінуў у агні вайны.
Ты не апошні конь на свеце, A ўсё ж, заўважыўшы, з двара Бягуць i пазіраюць дзеці I на цябе, як на зубра.
1966 г.
НЯПІСАНЫЯ ЛІСТЫ