Якіх ніхто яшчэ нідзе не бачыў,
Дзе аніхто пакуль што не жыве.
З бязважкай думкі цяжкія заданы
I вуліцы растуць у галаве.
1м душна, цесна, ім няма прасторы,
Пад імі нетрывалыя пласты.
I пераходзяць сцены i апоры
На ватмана шурпатыя лісты...
На пустырах будуюць дом за домам,
Фарбуюць сцены колерам зары.
А думка зноў, не ведаючы стомы,
Нібы іскра, імкнецца да іскры
I набывае форму i аблічча,
Адценні, пахі, колеры, вагу,
Усім валодае, прыспешвае i кліча,
Нібыта кожны у яе ў даўгу.
Усё, што збудавалі нашы рукі,
Усё, што мы стварылі на зямлі, —
Атамаходы i сімфоній гукі
Спачатку толькі думкамі былі.
1964 г.
* * *
Ступаю вобмацкам па лесе,
Сваёй не бачачы рукі,
У вочы то ігліца лезе,
То шчокі драпаюць сукі.
Мільгнуў агеньчык. Хвошча вецце
Бягу,
спыняюся ля пня:
Свіціцца нешта, ды не свеціць,
A дакрануўся — парахня.
1966 г.
ПЛЫНЬ
Вецер насустрач, насустрач імклівая плынь.
Хлопец у чоўне, смуглявы i рослы,
Прагна глядзіць i плыве ўдалячынь —
Вёслы рыпяць, выгінаюцца вёслы.
Сонца насустрач i сіні прастор,
Сіні прастор у вясёлкавай браме.
Хлопец плыве i плыве за сябрамі —
Вёслы, як дужыя крылы, прасцёр.
У далячынь, што расчынена насцеж,
Голасам сэрца i ўласнай крыві
Кліча цябе неспакойнае шчасце,
Толькі хутчэй да яго даплыві.
Шчасце у кожнай тваёй перамозе,
Шчасце — адолець i вецер i град,
Шчасце — нідзе не спыняцца ў дарозе,
Спынішся — плынню адгоніць назад.
1955 г.
ПАЛЕСКІЯ РЭКІ
Мне на світанні часта сняцца рэкі —
Струмень i Стыр, Стаход i Лань, i Цна.
Па ix нібыта шлях з вараг у грэкі
Ізноў праклала звонкая вясна.
Да цнотнай Цны ніяк не падступіцца
Hi нацянькі, ні напрасткі, ні ўброд,
I Лань, нібыта грозная ільвіца,
Накінуцца гатова на Стаход.
А Прыпяць настыраецца ca Стырам,
Струмень, як мора грознае, гудзе,
I вербы нахіліліся над вірам,
Схаваўшыся па плечы у вадзе.
Зліліся рэкі ўсе ў адно разводдзе,
Шумяць, іскрацца, пеняцца, гудуць,
A ўжо дзядзькі на белым параходзе
Пра сенажаці гутарку вядуць.
Спадзе вада, i травы забуяюць,
Зашамацяць мурожныя стагі.
Куды ні глянеш, без канца i краю —
Зарэчныя, прырэчныя лугі.
Яшчэ туман курыцца над вадою
I бакены падміргваюць здаля,
А мне здаецца — пахам сырадою
Набракла ўся палеская зямля.
Я чую салаўёў каларатуру,
Гудуць паводкай Прыпяць i Стаход,
I на світанні у туманны Тураў
Прыходзіць першы белы параход.
1964 г.
БЫЦЬ ПАЭТАМ
Нас прадзімае
Вецер свежы,
Мы ловім пырскі
I дрыжым.
Давай з табою
З узбярэжжа
Па зорнай сцежцы
Пабяжым.
Чаму няёмка
I нясціпла?
За што пашлюць
Услед дакор?
Зірні, чырвоны
Месяц выплыў,
Як добры дзядзька
Чарнамор.
Гарачым прысакам
I срэбрам
Ён сцежку вымасціў
У даль,
I паласатыя,
Як зебры,
Варочаюцца
Спіны хваль.
А сцежка просіць,
Сцежка кліча
За небакрай,
За небасхіл,
Туды,
Дзе аніхто не злічыць
Сузор'яў, зорак
I свяціл.
Хадзем!
Патрэбна быць паэтам
Не за сталом,
А у жыцці,
Адважыцца —
I над Сусветам
Па сцежцы месячнай
Прайсці.
1964 г.
ДРУГІ ПАРЫЖ
Парыж мне сніўся,
Сніцца,
Будзе сніцца,
З бульварамі,
З ухмылкамі хімер.
Грукоча у завулках
Калясніца —
На плошчы памірае
Рабесп'ер.