Парыж, Парыж! —
Заканадаўца моды.
Прыдуманы
Ці вычытаны мной:
Вось на званіцы
Плача Квазімода,
Эжэн Пацье
Ў апошні кліча бой.
Другі Парыж,
Другі i той жа самы:
Наўкол жывуць
Гісторыі сляды:
Стагодні пыл на вежах
I на брамах,
I тыя ж плошчы
Згоды i Звязды.
Другі Парыж,
Не бачаны ніколі,
Ты ці не ты
Пад сонцам i дажджом
Шумяць лістотай
Тонкія таполі,
Каханыя накрыліся
Плашчом.
Спяшаецца Парыж,
Смяецца, плача,
Глядзіць «Мысліцель»
На цябе ўначы,
Прыпамінае
Страты i няўдачы,
Шкадуе, што не мог
Дапамагчы.
Ён думае,
Яму даўно не спіцца,
Ён верыць
У загаданыя сны,
У «Чырвоны пояс»
Вечнае сталіцы,
У сілу праўды,
Mipy i вясны.
Гляджу з высокай
Плошчы Тракадэра,
Як ты снуеш,
Іскрышся i гарыш.
Я пазнаю цябе
I цвёрда веру
У сённяшні
I ў заўтрашні Парыж.
1966 г.
РЭКЛАМНЫ БУСЕЛ
Сержу Бярэжнікаву — рускаму парыжаніну
Стаіць маркотны, у глыбокай скрусе,
Старэе i сівее пакрысе,
З чырвонай дзюбай галянасты бусел,
Гайдаючыся на адной назе.
Пад ім — кафэ, над ім — гатэль прыгожы,
За парапетам плешчацца вада,
А ён сумуе i ніяк не можа
Пакінуць бутафорскага гнязда.
Ляцяць буслы над Эйфелевай вежай
I кружацца, i клічуць: «Паляцім
На ціхія азёры Белавежы»,
Але маўчыць рэкламны пабрацім.
Яго даўно не слухаюцца крылы,
I вылінялі вочы ад тугі,
Ён не пабачыць узбярэжжы Ніла
I беларускіх рэчак берагі.
1966 г.
ДЭЛЬФІНЫ, ЧАЙКІ I ПІЛОТ
I дзень i ноч — адна марока:
Салёны вецер б'е у твар,
Спякотай дыхае Марока,
закіпае Гібралтар.
Яшчэ ахутаны смугою
Вяршыні афрыканскіх скал,
Грывастай пенаю, тугою,
У бераг б'е дзевяты вал.
То вынырнуць крутыя спіны,
То зноў у хвалях прападуць, —
Нібыта лоцманы, дэльфіны
Нас у фарватэры вядуць.
За цеплаходам — завіруха
Біскайскіх чаек, белых крыл,
Яны крычаць i стогнуць глуха
I ўслед ляцяць з апошніх сіл.
У прорву падаюць таропка,
Гайдаючыся на вадзе...
A ў чыстым небе кружыць кропка,
Расце, зніжаецца, гудзе.
То на крыло спакойна ляжа,
То дзюбу звесіць, як сава,
I на хвасце i фюзеляжы
Чарнеюць знакі «USA».
Здаецца, хвалі заміраюць
I болей чаек не відно,
Дэльфіны стогнуць i ныраюць,
I скаты коцяцца на дно.
На лётчыка гляджу з папрокам
Няма дэльфінаў, чаек, рыб...
Смуга над горамі Марока
Плыве, нібыта белы грыб.
Скажы, пілот, чаго шукаеш?
Куды спяшаешся ў прасцяг?
Куды ляціш? Чаму знікаеш,
Убачыўшы чырвоны сцяг?
1966 г.
ЭЙФЕЛЕВА ВЕЖА
«Пад'ём на першы наверх Эйфелевай
вежы каштуе 1,5 новых франка, на
другі — З фр., на трэці — 5 фр.».
Трывалыя сталёвыя мярэжы
Трымаюць рэстаран i павільён,
На трох паверхах Эйфелевай вежы —
Турысты ўсіх народаў i плямён.
Адны ніжэй, другія — аж пад хмарай
Спакойна п'юць «Марціні» i віно,
На стол кідаюць франкі i далары,
Нібы тасуюць карты ў казіно.
A дзеўчынка з арабскага раёна
Пазычыла тры франкі на пад'ём...
«Бывай, бывай, Вандомская калона,
Булонскі лес i мой бляшаны дом!»
Яна ніколі ўжо не верне доўгу,
Сябрам ніколі не працягне рук, —
Апошні крок, апошні крык, i доўга
Яна ляціць i падае на брук.