Выбрать главу
Буфетчык кажа. : «Усякае бывае», А у мяне цямнее уваччу: «Не, самагубцаў хтосьці забівае», — Я сытаму буфетчыку крычу.
Натоўп расходзіцца. Паехала машына. Струменямі іскрыстае вады Маўклівы абыякавы мужчына Змывае з бруку ліпкія сляды.
1966 г.
ГРЭШНЫ ГОРАД
Дажджынкі за акном закапалі, Прымялі мокрую траву, А я — усё яшчэ ў Неапалі I ў Рыме сонечным жыву.
Стаю пад парасонам пініі Ля ватыканскае сцяны I жмуруся на неба сіняе, A ў небе бомкаюць званы.
Усе чатырыста касцёлаў Склікаюць грэшных на імшу I гулкім звонам, невясёлым, Трывожаць сонную душу.
Ідуць манахіні ў сутанах I тоўсты ксёндз з капелюшом, А побач, між іконак танных — Паштоўкі грэшніц целяшом.
Усё, што трэба, прадаецца Турыстам, юным i старым. Гудуць званы, а мне здаецца, Што найвялікшы грэшнік — Рым.
Граміла з крыжыкам на шыі Зноў спавядальніка кране Прызнаннем: «Сёння саграшыў я I то не па сваёй віне».
Крычыць, гандлюе i гаруе Набожны Рым i б'е ў званы, Грахі нягоднікам даруе, Каб паўтараліся яны. Дзе больш грахоў, там больш касцёлаў, Скалечаных i кволых душ...
Шуміць вятрак, i круціць кола Журботны рымскі Мулен Руж.
1966 г.
СПАКУСА
Прыйшла паціху, без дазволу, Аловак выбіла з рукі I, як няўмольная назола, Мяне штурхае пад бакі.
Параскідала ўсе паперы, Пазамыкала стэлажы, Завалай зачыніла дзверы I кажа: «Трохі паляжы».
Страфа замерла на паўслове, Ляжыць недачытаны ліст, Што мне на беларускай мове Прыслаў балгарскі журналіст.
Пасля, як хлопчыка, раздзела, Накрыла коўдрай з галавой, Аблытала душу i цела, Наводзячы парадак свой.
Чаго прыйшла, адкуль i хто ты Ну, што ты маеш да мяне? Ты бачыш, колькі тут работы I тэрміновых спраў, ці не?
Герой не скончанай паэмы Прыспешвае: «Хутчэй пішы!» У сэрца стукаюцца тэмы, А ты мне шэпчаш: «Паляжы».
Не, я не ўлежу. Вокны насцеж, Ад гулу хай дрыжыць пакой. Мне трэба людзі, трэба шчасце I не патрэбен твой спакой.
Паэт — заўсёды на рабоце, Аж дух займае кожны раз. Ён не капаецца ў блакноце, Што накрыж перакрэсліў час!
Ён сам усё пабачыць хоча, — Паспець усюды за траіх. Паэт працуе дні i ночы Без адпускоў i выхадных.
1956 г.
ХВАЛЯВАННЕ
Урачу Я. У. Шейфаху
Мяне хвалюе квецень мая I радуе дзявочы смех, Хоць я заўжды адпачываю, Калі іду на свой паверх.
Мне раіць доктар не стамляцца, Пасаду лёгкую знайсці, Забараняе хвалявацца I працаваць пасля шасці.
Я п'ю мікстуру, ем таблеткі I па усходцах не бягу, Але ні восенню, ні ўлетку Не хвалявацца не магу.
Хвалюе гул пракатных станаў, Хвалюе ў полі сіні лён, Хвалююць лічбы новых планаў, Што сталі явай нашых дзён.
Мяне хвалюе новы скверык, Што зашумеў на пустыры, Хвалююць негры дзвюх Амерык I пакістанскія сябры.
Мяне турбуе, што ў суседа Яшчэ ўсяго адзін пакой, Што хтосьці грошы на «Пабеду» Сабраў нячыстаю рукой.
Мяне хвалюе — дзесьці ў багне Загразлі ноччу цягачы. Мяне туды заўсёды цягне, Дзе я магу дапамагчы,
Дзе трэба адшукаць дарогу, Пракласці новую шашу... Лепш быць сляпым або бязногім, Чым мець халодную душу.
Мой добры ўрач, адну папраўку Я ўношу ў ісціну тваю, Хоць сэрца просіцца ў адстаўку, А я адстаўкі не даю.