Выбрать главу
I не прашу ў цябе спагады, — Хоць кожны дзень мяне калі, Але пакінь за мной пасаду — Быць Чалавекам на зямлі.
1959 г.
ПЛАТЫ
Ці раз у змроку я i ты Ілбамі біліся ў платы? Сярод гаёў i росных траў Плот нечакана вырастаў — Бетон, жалеза, быццам дот, I на слупах калючы дрот.
Платы вакол садоў i дач, Навокал паркаў, хоць ты плач! Куды ні глянь — платы, платы З прантоў, з бетоннае пліты, З цалёвак, а на ix цвікі Глядзяць у неба, як штыкі.
За плотам — кветкі i вішняк, Звон ланцугоў i брэх сабак. За плотам — скверык i гарод. I нават на магіле плот. Калі б сабраць усе платы, Праз акіян ляглі б масты, А з цэглы выраслі б дамы Ад Камянца да Калымы. I наш стаіць за плотам дом, Ды прасла мы здалі на лом, I кожны ходзіць напрасткі, Хоць i злуюцца дзівакі, Што столькі год, нібы краты, На свет глядзелі праз платы. Цяпер вясновыя вятры Ляцяць у нашыя двары, I сонца свеціць у акно, I стала нам далей відно, Праспект бліжэй на паўвярсты. Каму ж патрэбныя платы?
1962 г.
ПЕРАМОГА
Цяжэй за ўсё сябе перамагчы, Стаць над сабой бязлітасным суддзёю
Судзіць удзень, уранні i ўначы Свае імкненні і свае настроі.
Жаданне лёгкай славы засудзі На вечнае выгнанне i пакуты, Няхай ніхто з дакорам не глядзіць, Што замінаеш у жыцці яму ты.
Для зайздрасці палёгкі не прасі, Сваёй віной не вінаваць другога I сам сабе ніколі не схлусі, — Нялёгкай гэта будзе перамога.
Другіх не папракай i не вучы, А паспрабуй сябе перамагчы.
1959 г.
ЛЫЖНЯ
Міколу Лобану
На досвітку i я праклаў лыжню У снежаньскі празрысты хрусткі морак. A ўжо крычаць: «Трымайся, даганю!» I вылятаюць на круты узгорак.
Вось нехта падае ў іскрысты цёплы снег — Клубіцца след i параю i пылам, На віражах — галёканне i смех Ляцяць услед за лыжнікам двукрылым.
А я праз лес пракладваю лыжню — Тугую звонкую дарогу — I хлапчукоў i клічу i дражню, Што адстаюць ад лыжніка старога.
Мігаюць іскры белага агню, У твар сячэ сустрэчны вецер стылы. Па цаліку пракладваю лыжню Тым, што ляцяць i наступаюць з тылу.
То іней асыпаецца на скронь, То хвошча лес ігліцаю i снегам, А я, прадзьмуты сцюжаю наскрозь, Далей імчуся за няўлоўным рэхам.
1963 г.
ПЕРШАЯ ПЕСНЯ
Адаму Русаку
Я не апошні i не першы Складаў крадком калісьці вершы. Дазнаўся нехта, стаў строіць кпіны. Я чырванеў, казаў: «Пакіну», Казаў: «Не буду». А праз гадзіну, Узяўшы кошык, блукаў па лесе, Шукаў арэхі, шукаў маліну, Але знаходзіў радкі для песні. Знайшоўшы слова, баяўся страціць, Нёс асцярожна, нібы расінку. Зірнуўшы ў кошык, казала маці: «Ты, мабыць, збіўся з дарогі, сынку. Вунь колькі ягад прыносяць людзі. З цябе ж, як бачу, дабра не будзе. Ну, хоць бы меншым, хоць бы для смеху Прынёс ці ягад, ці тых арэхаў».
Я кожным ранкам хадзіў далёка Па росных сцежках у чарналессе — Шукаў арэхаў, спяваў, галёкаў, I раптам выйшла такая песня, Што сам здзівіўся, пачуўшы рэха Канца той песні. А дзесь дзяўчаты, Што абіралі з кустоў арэхі, Ужо спявалі яе пачатак.
Я чуў, як песня ішла паволі Праз нашу вёску, паўз нашу хату. Па пералесках, па жытнім полі Яе панеслі у свет дзяўчаты.
Ляцелі гуci далёка ў вырай, Вятры маліну даўно абтрэслі, A вечарамі спявалі шчыра У кожнай хаце ўсё тую ж песню.
Яна хадзіла ў лугах зарэчных, Па вечарынках, па сенажацях, Яе у доўгі зімовы вечар Спявала разам ca мною маці.