I панеслі хто што мае:
Скварку, шклянку малака,
Тут i каша прасяная,
Тут i жытняя мука.
Завіхаюцца салдаткі.
Печ гудзе, звіняць нажы.
На сталы нясуць аладкі,
Цеста месяць у дзяжы.
Бохан кмінам пасыпаюць:
Будзе смачны хлеб, круты,
I у печ яго саджаюць
На кляновыя лісты.
Стол накрылі так, як трэба,
Як бывала да вайны.
I запахла свежым хлебам
Над мястэчкам Курганы.
Пасядзелі, паспявалі,
А на золку акурат
Хлеб у торбачку паклалі,
I пайшоў далей салдат.
У салдата груз не цяжкі,
Бо ідзе не на кірмаш, —
Хлеб у торбачцы, біклажка,
Тытуню на тры зацяжкі,
Стрэльба, штык i патранташ.
Дзе пад'едзе, дзе падыдзе,
Дзе задрэмле на траве,
I не болей як за тыдзень
Апынуўся у Маскве.
Тут сустрэлі на вакзале,
Да начальства павялі,
Накармілі i сказалі,
Што служыць яму ў Крамлі.
Ён прыйшоў. Наўкол палацы,
За сцяной цячэ рака.
У каго б яму спытацца,
Дзе тут школа ЦБК.
А насустрач невысокі
Чалавек якраз ідзе.
Паглядзеў, прыжмурыў вока,
I салдат яму здалёку
Крыкнуў:
— Браце, школа дзе?
Незнаёмы ўсміхнуўся
I гаворыць на хаду:
— Калі так, дык я вярнуся,
Вас да месца давяду.
Вы адкуль, з якога фронту?..
Што там добрага чуваць?
— Добра ўсё. Шкада, што з контрай
Не далі даваяваць.
Кажуць: «Трэба падвучыцца».
— Так, вучыцца трэба ўсім...
— Але брацца за табліцу
Не з характарам маім:
Гаспадарка ж не ў парадку,
Жонка колькі год адна.
А цяпер — ізноў салдатка,
Хоць i кончыцца вайна.
Прыпыніліся ля дома
З нейкай шыльдай на сцяне,
I гаворыць незнаёмы:
— Можа зойдзем да мяне?
Абмяркуем гаспарадку,
Як жывуць у вас, i чым
Не адной, a ўсім салдаткам
Трэба нам дапамагчы.
У прасторным кабінеце
Сеў салдат каля стала.
I пра ўсё, што ёсць на свеце,
Лёгка гутарка пайшла.
Пра зямлю, пра хлеб i школы
Доўга гутараць яны,
Пра ячэйку камсамола
У мястэчку Курганы.
Увайшла ў пакой дзяўчына,
Азірнулася наўкол,
Чай прынесла i нішчымны
Хлеб паставіла на стол.
— Калі ласка чым багаты... —
Прапануе гаспадар
I падсоўвае салдату
Хлеб шурпаты, як сухар.
Зняў салдат мяшэчак, скатку,
Аж забыўся: што ў Крамлі,
Хлеб вымае што салдаткі
На дарогу напяклі,
Падае суседу лусту:
— Не пагрэбуйце i вы,
Можа прыйдзецца па густу
Хлеб салдацкі, франтавы.
— Хлеб адменны, скажам прама.
Хто яго пячэ i дзе? —
А салдат ніяк не ўцяміць,
З кім ён гутарку вядзе.
Развітаўшыся, гаворыць
Клапатлівы гаспадар:
— Вас чакае ў калідоры
З вашай школы камісар.
Камісар на тратуары
Дакрануўся да пляча
I спытаў:
— Ну як, таварыш,
Гасцяваў у Ільіча?
1958 г.
ТРЫ ВЫМЯРЭННІ
Апоўначы, калі сціхае горад
I тухнуць вокны у суседнім доме,
Калі ляцяць апошнія сняжынкі
I гімн яшчэ ў прыёмніку гучыць,
Дачка дамоў прыходзіць з інстытута,
Прыносіць коцікі i весела жартуе,
Што пахне снег вясноваю вадою,
А снегам пахне ранняя вясна.
Яна прыносіць тоўстыя канспекты,
Тугія скруткі ватманскай паперы,
Бярэ лагарыфмічную лінейку
I, мабыць, да світання не засне.
А на стале — часопіс «Юны тэхнік»
I карта нашай сонечнай сістэмы,
Цвічкі, стамескі, лобзікі, свярдзёлкі
I сынаў папяровы самалёт.
Пра што сягоння мараць нашы дзеці?
Ix вабяць электроніка i космас,
У ix свае праблемы i трывогі,
Якія нам нялёгка зразумець.
А каб зірнуць на ix гадоў праз дваццаць,
Дазнацца, што яны зрабіць паспелі,
Куды праклалі новыя дарогі,
I ці не вельмі збіты Млечны Шлях,