1964 г.
ПЕСНЯ БУДЗЕ ЖЫЦЬ
Памяці Якуба Коласа
Сягоння журацца бары на Беларусі,
Прыбіты сцежкі кроплямі расы,
Замоўкла песня на шырокім лузе,
I падаюць на пожню каласы.
Над Нёманам схіліліся рабіны,
Маўчаць над Сожам пушчы i сады.
Мой родны кут, якога сына,
Якога друга страціў ты!
Маўчаць палі у кроплях буйных рос,
Маўчаць бары, а сэрца плача ўголас.
Мой родны кут, упаў буйнейшы колас,
Што на тваёй зямлі узрос.
Ён не паспеў аб нашым слаўным часе
Ўсяго сказаць, усіх паэм злажыць.
Пайшоў пясняр, а песня засталася,
Памёр паэт, а песня будзе жыць.
1956 г.
ВІШНІ
На санцапёку даспяваюць вішні,
I на шчацэ густога соку след.
Нацяты павады,
i толькі лішні
Начышчаны да бляску пісталет.
Па горнай сцежцы цокаюць падковы,
Гарачы конь кусае муштукі.
Здаецца ўсё трызнёю выпадковай,
Ды нехта ўпарта сочыць з-пад рукі
I гоніць, гоніць.
Страшна азірнуцца —
Ратунку не прасі i не шукай;
Здаецца, больш па сцежцы не вярнуцца,
Што круціцца, як росчырк «Николай».
А можа, гэта толькі так здаецца,
Магчыма, ўсё пустой трывогі груз.
Ён прагна ловіць вішні i смяецца,
Што здаўся белым ветразем Эльбрус,
Што цёплы вецер ясені калыша,
Што ён яшчэ усіх перажыве.
А каля сцежкі костачкі ад вішань
Крывінкамі мільгаюць у траве.
Ён i дагэтуль не прыйшоў дадому:
Ударыў стрэл, i пакаціўся гром...
Але яму, заўсёды маладому,
Зрабіўся родным домам кожны дом.
Ён бачыў рэвалюцыі i войны,
Пераступіў у новыя вякі...
Шумяць, шумяць, як ветразь неспакойны,
На лермантаўскай сцежцы вішнякі.
1964 г.
НЕРЫС
Лісты ападаюць,
а верас
Цвіце i шуміць каля ног.
Імкнецца празрыстая Нерыс,
Шукаючы новых дарог.
Падмыла карэнні i гліну,
Плюскоча ў пажоўклай траве,
Здаецца, што ключ жураўліны
Па хвалях за хмару плыве.
I сіняе, сіняе неба,
I сосны, i сонца — ў вадзе...
Ляціць i на ўспенены грэбень
Бярозавы ліст упадзе.
Да стромкае кручы дзяўчынка
З вяслом па сцяжынцы ідзе,
Чырвоны каснік i касынка
Мігаюць у чыстай вадзе.
Сукенка, як ветразь, бялее,
Лісты ападаюць наўкол...
Дзяўчынка плыве — i лілеі
Збірае ў шырокі прыпол.
Звязаўшы лілеі i верас
Сваім касніком у букет,
Дзяўчынка
любімае Нерыс
Аздобіць маленькі партрэт.
У словах яна не умее
Яшчэ усяго расказаць,
А скора сябры Саламеяй
Пачнуць i яе называць.
1958 г.
* * *
«Раскажыце пра ваш творчы шлях».
Што ж расказаць пра ўласны творчы шлях?
Які там шлях! — няроўная сцяжынка,
Што пачалася ў веснавых палях
I прывяла адразу на дажынкі.
На ёй былі драсён i колкі мох,
За ёю — пералескі i аблогі,
I я уцяміць аніяк не мог,
Куды вядуць гасцінцы i дарогі.
Мне роўных бальшакоў не выбіраць
Hi восенню, ні летам, ні вясною.
Я навучыўся сеяць i араць,
I распісаўся першай баразною.