Я ставіў хаты вокнамі на ўсход,
Я сонца з ветрам заганяў пад шпалы,
I ведаю, што будуць з году ў год
Яны служыць надзейна i трывала.
У сцюжы ix снягі не замялі,
Не разышліся вушакі i дзверы.
Я рад, што след пакінуў на зямлі,
А вершы асталіся на паперы.
Ці ў сэрцах...
1966 г.
ПРАФЕСІЯ
Мае сябры заслужанымі сталі
Майстрамі лесу, вугалю i сталі,
Ёсць дойліды, ўрачы i педагогі,
Ёсць інжынеры, што вядуць дарогі,
Умельцы шліфаваць алмазы.
А я?
Шукаю i шліфую сказы,
Але не маю званняў i пасад,
Мне нават не прысвоены разрад
I ATK не выдае пячатку,
Бо кожны дзень усё раблю спачатку,
Бо пачынаю з нулявога цыкла,
I ўжо даўно сама рука прывыкла
Выкрэсліваць, сціраць i бракаваць.
Выходзіць — мне ў падмайстрах звекаваць.
Наўрад ці напішу раман i п'есу,
Таму зайздрошчу майстру лесу.
1964 г.
* * *
З гадамі маленства здаецца бліжэй —
I памяць зацягвае вузел тужэй,
Звязаўшы канец i пачатак.
Я ўсё прыгадаў i хачу, каб i ты
Пачуў, як па грэблях звіняць капыты,
Як ціха спяваюць дзяўчаты,
Хачу, каб успомніў начлежны касцёр,
I зорнага неба высокі шацёр,
I конскае ў змроку іржанне,
На выгане дымны заблытаны след,
I мокрыя травы, i ліпавы цвет,
I ядраны холад світання.
Напэўна б ca светам расстаўся лягчэй,
Каб тых не запомніў кастроў i начэй,
Каб дзічкі вясной на мяжы не цвілі,
Каб песень купальскіх не чуў аніколі,
Каб жытам не пахла даспелае поле,
Каб так не любіў беларускай зямлі.
1966 г.
* * *
Мне дзве каханыя спакою не даюць.
Адну люблю з маленства i да скону
Яна пяе i разам з ёй пяюць
Дажджы i травы, воблакі i клёны.
Яна мяне ў наступны кліча век,
Дае тугія крылы для палёту,
У поўнач дакранаецца павек,
Вядзе к сталу, саджае за работу.
Мне без яе i тыдня не пражыць,
Бо звяне лес i перасохнуць рэкі,
На голас не азваўшыся, збяжыць
I змоўкне напалоханае рэха,
Ад шчасця не аглухнуўшы, глушцы
Забудуць пра шчаслівую хвіліну,
Затупяцца сталёвыя разцы,
Не ажывіўшы мармур або гліну.
Другая мне каханая штодня
Расказвае пра радасці i слёзы.
Яны абедзве — блізкая радня,
Адна паэзія, другая — проза.
1966 г.
ПАВЕРКА
Яшчэ i не развіднела як след,
A ўжо грыміць трамвай на скрыжаванні,
Аўтобусы праклалі першы след
У залатое чэрвеньскае ранне.
Спыняецца аўтобус на рагу,
З кабіны усміхаецца дзяўчынка,
I я, не азірнуўшыся, бягу
Да ціхага суседняга прыпынка.
Адчуўшы сілу добрае рукі,
Заціснуты шырокімі плячамі,
Я паглядаў у розныя бакі
Шчаслівымі i прагнымі вачамі.
Спяшаецца ў далёкі рэйс пілот,
Прараб — на будаўнічую пляцоўку,
Бяжыць хлапец на трактарны завод
I на хаду зашпільвае спяцоўку.
Па новай вуліцы ідзе
I наш аўтобус невялічкі,
Кандуктар з раніцы вядзе
На ўсіх прыпынках пераклічку.
I выклікае кожны раз
Усім знаёмыя імёны,
А мне здаецца, што на нас
Глядзіць Купала задумёны
I Колас шэпча новы верш,
Народжаны ў будзённым гуле,
Здаецца, раіцца ідзеш
Да Чорнага або Бядулі.
Яны, як блізкая радня,
Запісаны у нашы сэрцы,
Мы ўспамінаем ix штодня,
Нібы салдатаў на паверцы.
1966 г.
УСПАМІН
Неба вясной залатое i сіняе,
Вецер пялёсткі кружыць па плошчы.
Некалі Полацкаю Ефрасінняю
Тут называлі струхлелыя мошчы.
Некалі тут гадаваліся княжычы,
Білі паклоны сівыя манахі,
Стражнікі, рукі вяроўкамі вяжучы,
Прадзедаў нашых цягнулі на плаху.