А неба было i тады залатое,
У буйнай расе прачыналіся ранкі,
Ды плакалі горка над Палатою,
Ломячы рукі ў бядзе, палачанкі.
На Полацк ішлі чужаніцы вайною —
Крышыліся коп'і, ўзрываліся танкі,
A горад стаяў i стаіць над Дзвіною,
I песні пяюць пра яго палачанкі.
Каштаны i ліпы
шумяць над бульварамі,
Да раніцы сыплецца спеў салаўіны,
Ідуць у Задзвінне шчаслівымі парамі
Насустрач світанню
патомкі Скарыны.
Ступаючы мякка па стоптаным верасе,
Каханую любы заўсёды сустрэне
На вежавым кране, на сонечным беразе,
У першай, яшчэ не закончанай змене.
У вочы зірне, залатыя i сінія,
Што ззяюць, як росы ліпнёвага ранку,
I скажа: «Дзень добры табе, Ефрасінія».
«Дзень добры», — адкажа яму палачанка.
1959 г.
УСПАМІН
Да поўначы стаіць гарачыня,
I маладзік засланы белым пылам.
Палеглі травы, ім да дня
Устаць наўрад ці хопіць сілы.
Зачахла лісце у гаях,
I хвалі на Дзвіне замёрлі,
Расінка толькі ў салаўя
Ледзь чутна булькае у горле.
Трызніць самлелая зямля
Аб росах, аб дажджы i громе,
Прыслухаўшыся, як здаля
Гудзе лябёдка на пароме.
I зноў навокал цішыня,
Далёка бліскаюць зарніцы.
Табе i сёння, пэўна, сніцца
Пачатак леташняга дня.
У полі сіні-сіні лён
I ветразі сямі палатак.
Здаецца, тут дасюль відзён
Твой першы след i той пачатак
Яшчэ няходжаных дарог,
Яшчэ не зробленай работы,
Калі ў гразі спаўзалі з ног
Старыя кірзавыя боты,
Як на спіне трашчала соль,
Як завіхаліся дзяўчаты,
I першы на руцэ мазоль,
I радасць першае зарплаты.
Як часам не было папіць
Вады ў дзявочым інтэрнаце.
Ты спала, а над ложкам маці,
Здавалася, ўсю ноч не спіць
I шэпча: «Пацярпі крыху.
Я веру — зробяць без прынукі
I дом i новую страху
Твае маленечкія рукі».
Ты чуеш? — спорны дождж ідзе.
Гарачыня адразу спала,
А ты нібыта i не спала,
Ты моўчкі маці ўспамінала
I пачынала новы дзень.
1959 г.
КРАНАЎШЧЫЦА
Кранаўшчыцы Полацкага нафтабуда Валі Забаронька
Над лесам занялося ранне
У буйных кроплях дымных рос,
A ўжо гайдаецца на кране,
Нібы струна, нацяты трос.
Ужо гукаюць: «Майна!», «Віра!» —
I лёгка, як узмах крыла,
Услед за рукою брыгадзіра
Плыве ажурная страла,
Нібыта залатую пражу
Снуюць лябёдкі угары,
I зверху кранаўшчыца кажа:
— Узыходзіць сонейка, сябры.
Сягоння дзень яшчэ прыбудзе,
А сонца вось — рукой падаць.
Яно у нас, на Нафтабудзе,
Заўсёды першай мне відаць.
Відаць, як за Дзвіной пшаніца
Нагнула долу каласы...
I за плячамі ў кранаўшчыцы
Ляжаць тугія дзве касы.
Заплеценыя, як у школе,
Істужкай белаю яны.
Ад ix, здаецца, пахне полем
I ветрам ранняе вясны.
Маленькая, нібы падлетак,
Яна глядзіць на белы свет.
I у кабіне з першых кветак
Стаўляе кожны дзень букет.
Галінкі бэзу i язміну
Прыносіць з бліжняга сяла,
Зірнеш на Валіну кабіну
I бачыш — ліпа расцвіла.
То распусціліся рамонкі,
То браткі ў росным серабры.
Цагліны, як з рабіны гронкі,
Здымаюць з крана муляры.
Глядзіць удалеч кранаўшчыца
I нават дзівіцца сама,
Што ў полі бачыць камяніцы,
Якіх яшчэ пакуль няма,
Што бачыць плошчы i бульвары,
I белы горад над ракой,
Бо ведае, што здзейсніць мары
Сваёю ўласнаю рукой.
1959 г.
ЗАРАДКА
У хлапечым інтэрнаце
Пражаць вечарам гарох.
На стале, як на парадзе, —
Масла, бульба i тварог.