Хлопцы ставяць на пліту
Смажыць бульбы тры патэльні.
Пахне салам за вярсту,
А вось бульбаю не вельмі.
— Янка, падавай кефір,
Апанас, нясі аладкі, —
Кажа хлопцам брыгадзір, —
Прыступаем да зарадкі.
Сеў за стол, пакроіў хлеб,
Разлажыў усім па лусце.
— Ты, Пятро, хіба аслеп:
Рукавы ужо ў капусце.
Дзесяць хлопцаў — дзесяць страў
Выстаўляюць на абрусе.
Хтосьці з ix пажартаваў:
— Я адзін за ўсіх бяруся
З'есці бульбу, i тварог,
I капусту, i аладкі.
— А скажы, без нас бы змог
Ты адзін закончыць кладку?
— Вам з вячэрай без мяне
Не управіцца ніколі:
Я ж за год на цаліне
З'еў не меней пуда солі.
— Я паверу, што з'ясі
Ты адзін не пуд, а тону.
Лепш вазьмі ды панасі
Ты за нас адзін бетону.
Хопіць лётаць па зямлі,
Замацоўвайся, як людзі.
Паспытаў бы, як жылі
Летась мы на Нафтабудзе.
А не згодзен — прабачай,
Ты між нас не знойдзеш пары.
Гатаваць бярыся чай,
Падавайся ў кашавары
Ці на пост вартаўніка
Каля нашай хлебнай крамы,
A імя будаўніка
Не гнюсі, пакінь за намі.
— Зноў счапіліся яны!
Брыгадзір, канчайце сварку:
Стыне ж бульба i бліны,
Перасмажыліся скваркі...
Селі ўсе за стол яны.
Паглядзела б з боку маці,
Як вячэраюць сыны
У хлапечым інтэрнаце.
1959 г.
ПРЫГОЖЫЯ РУКІ
У час сустрэч i ў час разлукі,
Выходзячы ўдваіх на шлях,
Навошта ты хаваеш рукі
У драпінах i ў мазалях?
Заўжды шурпатыя ад тынку,
Парэпаныя ад вады,
Яны не знаюць адпачынку
У гарачыню i ў халады.
Ад цэглы i ад арматуры
Яны зрабіліся дужэй...
За сотні рук у манікюры
Такія рукі прыгажэй.
Яны трымаюць у па лоне
Душу i сэрца юнака.
Не выкаўзне з такой далоні
Яго шурпатая рука.
1959 г.
БАЦЬКІ I ДЗЕЦІ
Брыгадзіру такелажнікаў
Івану Міхайлавічу Чарненку
Яны дзяцей пагадавалі,
Бацькамі сталі ix сыны,
Народжаныя на Урале,
Пажэненыя ля Дзвіны.
Ужо здалёку аб нявесце
Завёў гаворку меншы сын.
Ці ж не прыйшла пара асесці,
Прайшоўшы столькі пуцявін?
Ад Кемерава да Алтая,
Ад Ішымбая да Чыты
Шумела восень залатая,
Пад ногі сцелючы лісты.
Зімой дарогі замятала
Завея белая, як дым.
A ім здавалася, што мала
Зрабіць прыйшлося маладым.
I зноў збіраліся ў дарогу,
Складалі кельмы ў рукзакі
I праз таежныя бярлогі
Ішлі, ішлі будаўнікі.
Рыпела пад рыдлёўкай гліна,
А ноч марозамі гула.
У ix маленечкага сына
Брыгада нянькаю была.
Камбінезон насіла жонка,
З кляймом казённыя пімы
I пела радасна i звонка,
Як салавей сярод зімы.
Так i дзяцей пагадавалі,
Бацькамі сталі ix сыны...
Паездзілі, павандравалі —
I вось прывал каля Дзвіны.
Зірнеш назад, а шлях кароткі.
Калі б ізноў усё прайсці:
Баракі першай пяцігодкі,
Трывогі першыя ў жыцці,
Другога не хацеў бы шчасця,
Другіх бы не шукаў дарог,
I так пачаў бы сцены класці,
I так бы любую бярог,
I так бы радавала стома,
I мары светлыя, i сны,
I стаў бы самым родным домам
Зялёны горад ля Дзвіны.
На стол парэпаныя рукі
Паклаў руплівы брыгадзір.
Пытаюцца паціху ўнукі:
«А мы
паедзем у Сібір?»
1961 г.
ПАРТОРГ
Мікалаю Чэчату
Адзін ён не мае кароткай суботы:
Як толькі развіднее — зноў за парог.
Рыпяць па дарозе гумовыя боты —
Ідзе на работу парторг.