Выбрать главу
Ён першы садзіцца у мулкі аўтобус, Упалі на вокны расінкі з галля. Пад коламі, быццам раскручаны глобус, Насустрач світанню імчыцца зямля.
То ўлева, то ўправа нахіляцца сосны, То кружацца ў шыбах густыя rai, I чутна, як побач пра раннія вёсны Пяюць нафтабудаўскія салаўі.
Парторг па характару трошачкі лірык (Без лірыкі кожнаму цяжка пражыць), Прарабы — рамантыкі, a брыгадзіры Гатовы найлепшую песню злажыць.
I вось яна, вось яна — гэтая песня: Укладзены сцены, нібыта радкі, Як самыя поўныя рыфмы, на ўзлессі I рана i ноччу звіняць цягнікі.
Падумаў парторг: каб праз дзвесце ці трыста Гадоў зазірнуць выпадкова сюды, Адразу пазнаў бы, што тут камуністы Дамы будавалі, саджалі сады
I слухалі часам пагрозы i ноты, Ды толькі адзіным жаданнем жылі — Зрабіць як найболей патрэбнай работы, Паспець як найболей стварыць на зямлі.
У майцы i ў форменнай шанцы танкіста Вядзе экскаватар нядаўні маёр. Куды ні паглядзіш, — ідуць камуністы — Бетоншчык, маляр, трубаклад i шафёр.
У ботах гумовых i сіняй спяцоўцы Для радасцей новых i новых трывог На самай адказнай, ударнай пляцоўцы Ад рання да ночы працуе парторг.
1961 г.
СУПРАЦІЎЛЕННЕ МАТЭРЫЯЛУ
Аўтобус «Полацк — Нафтабуд»
Заўсёды поўны пасажыраў: I муляры, i цеслі тут, I капітаны без мундзіраў,
I маладыя лейтэнанты. Ад службы толькі засталіся канты I звычка добрая, старая — Быць першым на пярэднім краі.
Ідзе аўтобус поўным ходам, Туман курыцца на Дзвіне. Жартуе хтось: «Замест узвода Цяпер брыгада у мяне».
Гартаюць ля акна дзяўчаты Падручнікі па сапрамату, Складаныя вядуць разлікі — Сягоння ім здаваць залікі,
I новы дом, i цэх здаваць У лік наступнага квартала, I кожным рухам адчуваць Супраціўленне матэрыялу:
Бетонныя укладваць пліты І заліваць гарачы бітум, Вучыць механіку ўначы I ўсё самім перамагчы.
A заўтра зноў усё пачаць, I скрозь паспець, хоць часу мала. Нашчадкі будуць вывучаць, З якога вы матэрыялу.
1961 г.
ДЫСПЕТЧАР
Усыпаны зорамі вечар, Ля клуба іграе баян. Танцуюць усе, а дыспетчар Глядзіць на блакітны экран,
Глядзіць на сігналы на пульце, А пальцы, нібыта на пульсе, — Пад імі гудуць правады: «Канчаем адкачку вады», «Гатова другая калона», «Чаму не падвозяць бетону?»
Дыспетчар хвалюецца, кліча То Оршу, то Віцебск, то Крычаў, A ў вокнах, нібы на экране, Ужо занімаецца ранне.
Туман за ракою густы Паслаўся на буйныя травы, Грукочуць на станцыі Кеты З цэментам i шчэбнем саставы.
«Бетон адпраўляем i трубы», — Пачуўся ў селектары свіст. Дыспетчар не спіць. А ля клуба Чакае яе баяніст.
1964 г.
ДАЛЬНІ ПРЫПЫНАК
Пры дарозе — толькі слуп, Бо прыпынак дальні, Але тут, нібыта клуб, Школа i чытальня.
Тут i песню запяюць, Пажартуе майстра, I пытанні задаюць Пра Фідэля Кастра.
Тут завочнік на пяску Піша, піша штосьці, Тут гавораць, што з Баку Прыязджаюць госці.
А з-за Новага Двара, З невялічкай хмары, Нечакана як з вядра Цёплы дождж ударыў.
Заскакалі басанож Хлопцы i дзяўчаты — Спорны дождж, харошы дождж Мые, як на свята,
Прабірае да касцей, Хвошча, як у душы. Мо таму у ix чысцей, Чым у іншых, душы.
1961 г.
* * *
Ад сцюжы пасівелі вейкі, I стынуць рукі ад жарствы. Ты б ix схавала ў рукавы Сваёй шурпатай целагрэйкі.