Табе здаецца, што не вельмі
Яшчэ лютуюць халады.
Вятры ж гудуць на ўсе лады,
I прыстае к далоні кельма.
Ты мне гаворыш з вышыні,
Што праз гадзіну кончыш змену.
Цябе я, любая, сустрэну,
Калі запаляцца агні.
А ноччу зноў гудзе завея
У нашым ціхім гарадку.
Ты змерзла?.. Я тваю руку
Сваімі вуснамі сагрэю.
Ад шчасця i ад хвалявання
На вейках знікне сівізна,
I чыстай кропляй на світанні
Да нас пастукае вясна.
1961 г.
НАСЦЯ
Ледзь не задыхаецца ад шчасця
Беленькая, як бярозка, Насця.
Вось ужо i прозвішча змяніла,
I пры людзях кажа: «Пойдзем, мілы,
Мы з табою ў Маладзёжным садзе
Побач дуб з бярозкаю пасадзім.
Хай растуць, няхай сплятаюць вецце,
Хай ніколі ix не зломіць вецер.
A калі шырэй раскінуць голле,
Будзе побач клёнік ці таполя».
I стаяць заўсёды, як пад шлюбам,
Белая бярозка разам з дубам,
Ix у спёку палівае Насця.
I расце, расце «Алея шчасця».
1961 г.
ГОРНАЯ ДАРОГА
Аўтобус нырае то з хмары, то ў хмару,
То ў пырскі вясёлак, то ў лівень i гром,
Мінае Ай-Петры, мінае Байдары,
Ляціць i пятляе над безданню стром.
Маўклівыя сосны стаяць на каменні
Ад нізу да самай вяршыні гары.
I як ix трымаюць на скалах карэнні?
I як ix не зваляць у бездань вятры?
Круты паварот, i насустрач — трохтонка
Мільгнула у шыбах, i зноў — паварот.
Успомняцца кожнаму дзеці i жонка
На гэтай пятлі ля Байдарскіх варот.
Над самаю кручай віецца дарога,
I мы на шафёра глядзім, як на бога.
1958 г.
* * *
Прощай, свободная стихия.
Я Чорнае мора зялёным назваў бы,
Як толькі заціхнуць i бура i шторм.
Сюды мяне змалку i клікаў i вабіў
Бязмежны, жывы i нястрымны прастор.
Далёкія чайкі мяне прывіталі,
Спыніла на беразе мора мяне,
Дзе хвалі бягуць, уздымаюцца хвалі
I б'юцца, як біліся, пэўна, даўней,
Калі развітацца з марскою стыхіяй
Прыходзіў паэт да крутых берагоў...
Хвалюецца мора, i стогне, i вые,
Нібыта шукае i кліча яго.
1956 г.
САМШЫТ
На галышах, ля стромкай кручы,
Расце самшыт з каравым суччам.
Зялёны мох звісае з вецця,
Бо сонца толькі часам свеціць
I зноў хаваецца за горы.
А ён без скаргаў i дакораў
Расце у засені халоднай
На глебе цвёрдай, але роднай.
Граніт i голае каменне
Свідруюць тонкія карэнні,
Шукаючы жывой крыніцы,
Каб чыстае вады напіцца.
Каб перад бураю не гнуцца,
Самшыту трэба дацягнуцца
Да самай стромкае вяршыні,
Дзе столькі сонца, столькі сіні.
Ён на скале расце вякамі,
I сам — нібыта горны камень.
1956 г.
ГРАНАТЫ
Як песню юнацтва,
Як словы «Грэнады»
Мы ўсе паўтаралі: «Гранаты, гранаты».
Былы падрыўнік i ў запасе салдат
Прыпомнілі звязкі гарачых гранат...
Гранатамі пахне ў Гісарскай даліне.
Гранаты даспелі на кожнай галіне —
Чырвоныя сонцы наўкол узышлі,
I грэюць, i свецяць, i ззяюць высока,
А лопнуць — шыпшыннік апырскаюць сокам
I спелыя зерні вяртаюць зямлі.
Куды ні зірнеш — каля кожнае хаты,
На кожным узгорку — гранаты, гранаты.
Пагодную восень прыносяць далінам
Гарачага сонца i хмар пасланцы,
I ўжо не гранаты нясуць мудрацы,
А добрыя сэрцы яны аддалі нам.
Гаворыць у белай чалме Абдуло:
— Каб цёпла i светла на свеце было,
Каб пелі рубобы, ігралі барбаты,
Каб вусны ірдзелі ад соку ў дзяўчат,
Каб людзі забылі пра попел i чад,
Хай падаюць толькі жывыя гранаты
З рубінавым сокам i жменяй зярнят.