Выбрать главу
1964 г.
АРЛЫ
Сышліся горы ушчыльную Каля замшэлае скалы, I, як дазорныя, пільнуюць Спакой магутныя арлы —
Плывуць шырокімі кругамі У сіні сонечны прастор, Пад імі чыстымі снягамі Гараць хрыбты Каўказскіх гор,
А хмары паплывуць над імі, Віхор сагне вярхі чынар, — Здаецца, крыламі тугімі Маланку выкрасаюць з хмар.
Арлы з маланкай, як блізняты, Пад чорнай хмарай зіхацяць. I ў першы вылет арляняты Услед за імі паляцяць.
1956 г.
НАРОДНАЯ НАСТАЎНІЦА
Дакошаны лугі, адшапацела жыта, На сцежкі падаюць пажоўклыя лісты, Пра што ты думаеш i марыш, раскажы ты, Куды ідзеш, каго шукаеш ты?
Ці мо сяброў сваіх успамінаеш I думаеш, што тут зусім адна? Чаму начамі роснымі блукаеш, Чаму не спіш да самага відна?
Усе заснуць, а ты святла не гасіш, У шыбу стукае асенні матылёк, Ты доўга думаеш, якім у першым класе Твой будзе першы у жыцці урок,
Якім святлом, якім гарачым словам Дарогу к сэрцу кожнаму знайсці, Каб гэтым хлапчукам белагаловым Патрэбнай быць заўсёды у жыцці,
Каб кожны стаў i мужны i шчаслівы,
Каб з імі ты шчаслівая была... За вокнамі шумяць у садзе слівы, I месяц стаў над стрэхамі сяла.
A раніцаю ясна сонца свеціць, Сланечнікі даспелі на градзе, I ціха шэпчуць за парканам дзеці: «Вунь новая настаўніца ідзе».
Настаўніца! A ці даўно самую Вяла у школу маці за руку? Яна i сёння па табе сумуе У ціхім прыдняпроўскім гарадку,
Яна штодня лістоў тваіх чакае I журыцца: «Ну як яна адна?» Але цябе, як маці, сустракае Ласкавая лясная старана —
Шумлівыя бары, рачныя кручы I белыя лілеі на вадзе, I хлапчукі бягуць табе насустрач I соты раз гавораць: «Добры дзень!
Ты узышла на ганак новай школы, Ты гэтым дзецям блізкая, свая, I ўжо сябе не лічыш навасёлам, Бо тут твой дом i тут твая сям'я.
Тут будуць слёзы, тут i шчасце будзе I — першыя маршчынкі на ілбе. A ўжо i сёння называюць людзі Народнаю настаўніцай цябе.
1957 г.
ДВАЦЦАТЫ ГОД
Усе мы бачым, як піжон Часамі лезе на ражон, Як з тонкай модніцай у пары Яны шліфуюць тратуары, Як сноўдаюцца у абдымках, Нібы на галівудскіх здымках, Ад вечара i да світання, Даўно не верачы ў каханне.
Нібыта аплявухай звонкай, Мы ахрысцілі ix — «падонкі» I адхрысціліся ад ix, Хоць шум на вуліцы не сціх, Хоць пазнаём мы ix здалёку. Яны — нібы бяльмо на воку, Што засланіць ужо гатова I ясны дзень, i ранак новы.
Ды сонца нельга засланіць — Яно палае i звініць, Яно ў рабочыя кварталы Плыве расплаўленым металам. I па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, I кожнаму — дваццаты год.
Ідуць шафёры i шахцёры, Геолагі свідруюць горы, Гідролагі шукаюць брод, I кожнаму — па дваццаць год. А нашы дочкі i сыны Нам пішуць пісьмы з цаліны, Частуюць самым смачным хлебам I ўсё часцей глядзяць у неба.
Саджаюць кветкі, быццам дома, Дзяўчаты каля касмадрома. I дзень у дзень ідуць упарта Ад баракамеры да старта Вясёлыя зямныя зоры — Дублёраў верныя дублёры, Даўно гатовыя ў палёт, I кожнай з ix — па дваццаць год.
A ў дождж, у спёку, ў навальніцу Каля дзяржаўнае граніцы, Ад Брэста i да Сахаліна, Не спяць бязвусыя мужчыны, I ў акіяне маракі Глядзяць удалеч з-пад рукі, У першы ідучы паход, I кожнаму — па дваццаць год.
Такія нашыя сыны. На нас падобныя яны, Патрэбна толькі сёння бачыць, Што кожны будзе заўтра значыць.