Выбрать главу
1963 г.
ЖНІВЕНЬ
Адшумелі ліпеньскія ліўні, Навальніцы ў полі адгулі. Толькі ледзьве чутна, як у жніўні Стукаюць зярняты па зямлі.
Шапаціць сухімі каласамі Сонечны празрысты летні дзень, I ляжыць з калючымі вусамі На загонах ядраны ячмень.
Пахне хмелем i дарожным пылам, Пахне цёплай вільгаццю раллі, Бусляняты ўжо спрабуюць крылы, Што у ix за лета адраслі.
Выбіраюць зорную дарогу Да чужой далёкае зямлі, I, нібыта чуючы трывогу, З крыкам пралятаюць жураўлі.
А мяне заўсёды цешыць восень, Радуе грыбоў i яблык пах, I тугое спелае калоссе, I абед у полі на снапах,
Вабяць ледзь прыкметныя сцяжынкі, Радуюць жытнёвыя вянкі, Што плятуць заўсёды на дажынкі Самыя дасціпныя жанкі.
Хай іржэўнік пасівеў на ніве, Верасень стаіць каля двара — У маім жыцці пачаўся жнівень Самая багатая пара.
1959 г.
МОЙ ЧЫТАЧ
Не помню я, даўно ці не, Сябрамі мы такімі сталі. Мяне з табою на вайне
Адны дарогі пабраталі.
Мы па адной паўзлі раллі, Аднымі грэліся кастрамі I пераможцамі прайшлі Пад аркай Брандэнбургскай брамы.
Мы разам разбіралі друз, У новым доме клалі печы — Усіх турбот вялікі груз Лажыўся нам з табой на плечы.
З табой хаджу я кожны дзень I кожны дзень вяду гаворку, Плыву па нёманскай вадзе, Куру бабруйскую махорку;
Жыву з табою, мой чытач: Хаджу ў кіно, дзяцей гадую, Ад цеснаты i ад нястач I я ніколі не бядую.
Ca мной ты, мой чытач, заўжды. I ў цішыню майго пакоя Апоўначы прыходзіш ты, Каб не даваць i тут спакою.
Я чую голас твой i смех, Гляджу, як легка колеш камень, Як раніцой ідзеш у цэх, Як ты купляеш кветкі маме.
Ты мне спакою не дасі, Я гэта ведаю i рады, Калі мне скажаш: «Не хлусі, Свае складаючы балады»,
Калі ты кажаш: «Адтачы Радкі i рыфмы, як са сталі, Каб ix любілі чытачы, Каб ix сябры твае чыталі».
З табой рвануліся ў пакой Вятры. Пад імі сосны гнуцца, I ад стала да ix рукой, Здаецца, можна дацягнуцца.
Запахла вільгаццю бароў — Знікае столь, знікаюць сцены, Ca свістам напаўняе кроў Мае артэрыі i вены.
Таму цябе я палюбіў, Мой лепшы друг, мой сябра першы. Калі б са мною ты не быў, Дык не было б i гэтых вершаў.
1959 г.
НЯМА ЧАСУ
I я аб смерці часам думаю, Хоць i не хочу паміраць. З мяне рабіць не варта мумію, Не варта дужа дакараць.
У крывадушшы ці ў няшчырасці Мяне мой друг не папракне, А скажа: «Не паспеўшы вырасці, Зваліў работу на мяне».
Дык вось таму цяпер да ночы я За трох адзін усё варочаю, Каб, ворагам усім на зло, Памерці часу не было.
1960 г.
* * *
Ix доўга сэрца няньчыла, насіла, Яны то стукаліся, то сціхалі зноў, То нечакана з адзічэлай сілай Ад ix у жылах бушавала кроў.
I вось, нібы зубцы кардыяграмы, На чыстым аркушы пабеглі з-пад рукі I адарылі сціплымі дарамі Маю душу няхітрыя радкі.
I боль прайшоў, нібыта дождж у маі, I гэтак стала лёгка на душы, Што песню, быццам голуба, трымаю, А сэрца просіць: новую пішы.
1964 г.