Выбрать главу
Узяць білеты на касмічны лайнер I паляцець у госці к марсіянам... Фантастыка? A колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў?
I тут я ўспомніў пра сваё дзяцінства Пад цёмнай саламянаю страхою, З шаптухамі, папамі, знахарамі I невялічкім дымным каганцом.
Здаецца гэта мне былым стагоддзем. Здаецца, нешта каляндар наблытаў: Калі лічыць па зробленай рабоце, — Прайшло не пяцьдзесят, а дзвесце год.
Я азіраюся i думаю заўсёды: А што было б, каб не радзіўся Ленін, Каб у кастрычніку не паднялі паўстанне, Каб не ўвайшла «Аўрора» у Няву?
Сядзеў бы я i сёння ў курнай хаце, Тачыў бы верацёны пры лучыне, Насіў бы лапці, зрэбныя кашулі I вечным бы нядоімшчыкам быў,
Баяўся б старасты, урадніка i бога, Глядзеў бы на чыгунку, як на дзіва, Насіў бы крыж усё жыццё на шыі, Як цяжкае i мулкае ярмо.
А белы свет канчаўся б за узгоркам, I толькі б не канчаліся нястачы, I толькі крыўды, гора i знявагі Я ў спадчыну б унукам перадаў.
He ведаў бы ні Пушкіна, ні Гётэ, Не бачыў бы палотнаў Рафаэля, Застаўся б невядомым Цыялкоўскі, A Маякоўскі кайданы б насіў.
Галоўнага канструктара не мелі б, Не сустракалі б нашых касманаўтаў, Не рыхтавалі б новых да палётаў, Бо ix у нас напэўна б не было.
Калі б не рэвалюцыя, не Ленін, Калі б не камсамольскія пуцёўкі, Не светлыя чытальні інстытутаў, Нам бы сваіх каханых не сустрэць.
Усё жыццё тады пайшло б іначай: Былі б у нас цяпер другія сем'і, Другія дзеці i сябры другія, А тых, што ёсць, ніколі б не было.
Руда рудзела б пад гарой Магнітнай, Гула б тайга на берагах Амура, Каля Старобіна ляжалі б сільвініты, А на Палессі панаваў каўтун.
Вякамі людзі марылі пра шчасце, Складалі казкі пра сваё збавенне, Шукалі мужных волатаў, а потым За імі ўслед на катаргу ішлі.
Павінен стаць быў Леніным Ульянаў, Каб увабраць любоў i гнеў народа, Паклікаць самых дужых i адважных I павярнуць усёй планеты лёс.
Мы ўсе яго сучаснікі i сведкі, Як ён жыццё i лёсы перайначыў. I нашыя нашчадкі пазайздросцяць, Што продкі ix пры Леніне жылі,
Што бачылі той самы дождж i хмары, Якія бачыў Ленін над Масквою, Чыталі тыя самыя газеты, Што Ленін кожнай раніцай чытаў.
Той самы хлеб, цяжкі, шурпаты, глёўкі, Што еў Ільіч i мы ў дзяцінстве елі, I пакляліся Леніну жывому Быць гэтай клятве вернымі заўжды.
Апошні раз мы не стрымалі слёзы У студзені, калі гулі сірэны, I сцюжа лютавала над зямлёю, I ўпершыню пачулі — Маўзалей.
Мы ўсе за тую зіму пасталелі Так, як у горы сіраты сталеюць, I сталі вочы вострымі, сухімі, А плечы i дужэй, i трывалей.
Здавалася, што ленінская воля I сіла перайшлі ў мільёны сэрцаў, Што гэтай сілы, мужнасці i веры I гэтай праўды хопіць на вякі.
Нам стала неабходна, як паветра, Нялёгкая гарачая работа, Бо сэнс жыцця, i нашае бяссмерце, I шчасце пакаленняў толькі ў ёй.
Прымаюць нашы дзеці эстафету Ад першых трактарыстаў i вучоных, Ад сталявараў, дойлідаў, хірургаў, Каб новым пакаленням перадаць.
Спрачаецца, працуе, марыць Ленін, I кожны з нас, калі бывае цяжка, К яму ідзе па мудрую параду, Бо ён вось тут, у сэрцы i ў душы.
Ён выступае на Дваццатым з'ездзе, Усе мы чуем ленінскую праўду, Суровую, адкрытую, святую, Што вучыць нас, вядзе i беражэ,
Што адкрывае нам такія далі, Дае такую ўпэўненасць i сілу, Такую мудрасць i такую волю, Якая зможа ўсё перамагчы.
То свеціцца блакітнымі агнямі, Гартуе сталь, то праз сівую сцюжу Вядзе цяжкія гулкія саставы Энергія жывога Ільіча.
Мы Леніна маглі б i сёння бачыць Не ў гранітным строгім Маўзалеі, А на трыбуне, на Чырвонай плошчы, З заціснутаю кепкаю ў руцэ.