Ён мог бы жыць не толькі ў нашых сэрцах,
A i ў сваёй маленечкай кватэры,
Убачыць Брацк i зорныя вышыні
I слухаць бой курантаў у Крамлі.
А мы за гэты час прайсці паспелі б
Яшчэ далей, яшчэ вышэй узняцца,
Калі б хоць два ці тры дзесяцігоддзі
Ён з намі жыў i з намі працаваў.
Яшчэ ж яго паплечнікі працуюць
I выступаюць на партыйных з'ездах,
Любуюцца святочнаю Масквою.
Яшчэ яго равеснікі жывуць.
А што было б, каб Ленін жыў дагэтуль?
Нікога б мы не страцілі ніколі,
Пабудавалі б, што збудуем заўтра,
Зрабілі больш i менш перажылі б.
Магчыма, што фашысцкая навала
Не падпаўзла б да нашага парогa,
А каб адважылася, каб паспрабавала,
Ніколі б не пусцілі за парог;
Не ведалі б трывог i недаверу,
Не чулі б пра унжлагі i сіблагі,
A Постышаў, Якір i Тухачэўскі
Былі б заўсёды ў баявым страі.
Салдаты, што загінулі пад Брэстам,
Касілі б сена i стагі вяршылі,
Заводы i плаціны будавалі б
I адпраўлялі ў космас караблі.
Слупкі дагэтуль невядомых формул,
Сімфоніі i оперы пісалі б,
Карціны i натхнёныя паэмы,
Якіх за ix ніхто не напісаў.
Мы ix напішам, мы усё здабудзем,
Бы кожны сёння за траіх працуе,
Бо кожны прагне ўсё зрабіць, што трэба,
I нават немагчымае зрабіць.
Бо кожная цагліна, кожны колас,
Сагрэтыя шурпатымі рукамі
I клопатамі партыі пра шчасце,
А шчасце ў нас завецца — Камунізм.
Заўжды жыве у нашых сэрцах Ленін,
Што свет i нашы лёсы перайначыў,
Што нам адкрыў бязмежныя вышыні,
Што партыю ў баях загартаваў.
Яна — наш розум, нашае сумленне,
I праўда непадкупная, i вера,
Надзейны компас у цяжкой дарозе
I самы ясны, самы мудры зрок.
Мы ведаем, што наша пакаленне
Узыдзе на вышыні камунізма
Пад ленінскім непераможным сцягам,
I ўслед за намі пойдзе цэлы свет.
Няхай растуць спакойна нашы дзеці,
Няхай рашаюць цяжкія задачы,
Няхай працуюць, думаюць i мараць
Пра новы дзень i пра наступны век.
1964 г.
ПАМЯЦЬ
За ўсё жыццё я столькі слоў сказаў
I выслухаў, што ix ніхто не злічыць,
Што ix ніхто ніколі не запомніць,
Ды i ці варта ix запамінаць?
Яны знікаюць, як у полі вецер,
I галасы змаўкаюць назаўсёды,
Што мне калісьці сэрца хвалявалі
I не давалі да зары заснуць.
A ў памяці жывуць сяброў абліччы:
На ix то боль, то радасць, то усмешка,
Святыя слёзы першага кахання,
Адкрыты рот, як у нямым кіно.
Я зноў гляджу ў бяздонныя глыбіні
I хлопчыка маленькага гукаю...
У шарачку, у лапціках лазовых
Ён ажывае ў памяці маёй.
I я пазнаць у ім сябе спрабую,
Гляджу зусім староннім чалавекам,
Як ён у спёку барануе ляды,
Дужэе, i сталее, i расце.
Як ён ідзе мурожнымі лугамі,
Пад белымі аблокамі, з касою.
Як на узлессі спелыя суніцы
Губамі ловіць, лежачы ў траве.
То возіць дровы ён у завіруху
I падае ў сыпучыя сумёты,
Дрыжыць ад лютай сцюжы заінелы,
Аж слёзы прымярзаюць да шчакі.
А ўвечары гудзе агонь у печы,
Цвыркун тугу да раніцы пілуе,
Шуміць завея па замшэлых сценах
I вокны замятае да брывей.
Мігае кнот у трохлінейнай лямпе,
У цёплай хаце рошчынаю пахне,
Сухімі смалякамі, сырадоем
I снегам, што ў парозе растае.
Пяе паціху каля печы маці,
А чорны цень ад прасніцы здаецца
То лесуном, то казачнікам-дзедам
З кудлатаю густою барадой.
Такім жыве у памяці дзяцінства.
Няхай такім яно i астаецца
Да самае апошняе хвіліны
I да апошняй кропкі у жыцці.
Ідзе хлапчук асеннімі шляхамі
У свет прасторны i адкрыты насцеж.
А што ён знойдзе, што ён можа страціць?
Kaго сустрэне? Пасябруе з кім?
Ніхто ж не чуў, што ён жыве на свеце,
Ніхто яго нікуды не чакае,
Ніхто у хату першы не запросіць,
А ён ідзе ў адкрыты насцеж свет.