Бо ўсюды ёсць прытулак чалавеку,
У сэрцы, за сталом i пад страхою,
I хлеб i соль дзяліць умеюць людзі
З далёкімі i з блізкімі людзьмі...
Ляцяць лісты па вуліцах Бабруйска,
Галосіць сівер у пустых завулках,
Я ўпершыню іду на біржу працы
I станаўлюся ў доўгую чаргу.
Яшчэ апошні ў горадзе рамізнік,
Па сумяшчэнню мабыць, кожны ранак
Пілсудскага i Чэмберлена лае
i прадае газету «Камуніст».
Дзяўчаты у юнгштурмаўках i ботах,
У паркалёвых хустачках чырвоных
Бягуць на сход, на маладзёжны дыспут,
I я за імі назіркам хаджу.
Ды нечакана сэрца засмылела
Па роднай хаце, па асеннім полі
З гусінымі чародамі ў тумане,
З трывожным крыкам позніх журавоў.
Падумалася з болем i надзеяй:
Адны ляцяць, другія астаюцца
I вышыню ніколі не пабачаць,
Не заляцяць за першы небасхіл.
А мне тады здаваўся вышынёю
Зашклёны дах у беладрэўным цэху,
Пракопчаны густым сталярным клеем,
Прапахлы пілавіннем i смалой.
Я не шукаў тут лёгкае работы...
З жалезнаю аднакалёснай тачкай
Мы абагнулі тры разы экватар,
Хоць i не выйшлі з цэхавых варот,
Мы цэлы лес за зіму перавезлі,
Набраклы шкіпінарам i жывіцай,
З чырвонымі празрыстымі сучкамі
I меткамі гарачае пілы.
Нам не ігралі урачыстых маршаў,
Не выдавалі граматаў i прэмій.
Ніхто пра ix ніколі i не думаў,
Ніхто сябе героем не лічыў.
А я хлапцам, бязвусым i бясслёзным,
Што мерзлі ў сцюжу першай пяцігодкі,
Дзяўчатам у пацёртых целагрэйках
Паставіў бы найлепшы манумент.
Цяпер адны спраўляюць юбілеі,
Другіх скасіла смерць пад Ленінградам,
Над Мінскам, пад Варшаваю, Берлінам,
A іншых — на дарогах Калымы.
Але жывуць у памяці заўсёды
Вясёлыя, гарачыя, худыя
Рамантыкі, паэты, алтымісты —
Далёкія равеснікі мае.
Я клічу вас, я запрашаю ў госці —
Прыходзьце да мяне хоць кожны вечар,
Хай будзе цесна, дымна, як калісьці, —
Нам з вамі ёсць пра што пагаварыць.
Вы, мабыць, не паверыце адразу,
Што мы кіруем электронным мозгам,
Што з Марса далятаюць пазыўныя,
A касманаўты — нашы землякі,
Што каля Мінска — атамны рэактар,
Што б'ецца сэрца у руках хірурга,
Што без пасадкі рэактыўны лайнер
Пералятае з лета у зіму.
Вы чуеце, як на далёкай Кубе
Чытаюць па складах: «Масква» i «Ленін»
Як на зямлі на ўсіх вядомых мовах
Даўно пяюць «Інтэрнацыянал»?
Вы чуеце?
А мне паверыць цяжка,
Што вас няма сягоння побач з намі,
Што вы даўно замоўклі назаўсёды,
Што кожны толькі ў памяці жыве.
Здаецца мне, што бачу вашы спіны,
Прысыпаныя першым мяккім снегам,
Здаецца, вы бяжыце на работу
I не было вам часу пасівець...
Мы ведаем, што замянілі паўшых
На маршы, за канвеерам i ў полі.
А чым заменіш трапяткія сэрцы,
Што так любілі родную зямлю?
А чым заменіш неспакойны розум,
Што біўся да апошняе хвіліны,
Што ўрэзваўся ў глухую невядомасць,
Што мог бы неадкрытае адкрыць,
Што мог знайсці гаючую вакцыну
Ад страшнай неадольнае хваробы,
Што растапіў бы лёд у Запаляр'і,
Каб красавала i цвіла зямля?
А колькі фізікаў, паэтаў, астраномаў,
Няўрымслівых, лабастых, непакорных,
Сказаць галоўнай праўды не паспела.
I гэта ўсё — равеснікі мае.
Яны не прыйдуць болей на спатканне,
Яны нічога болей не адкрыюць,
I толькі маці доўгімі начамі
Ў трывожных снах усё калышуць ix.
Калышуць i спяваюць калыханкі,
То ў дальнюю дарогу выпраўляюць.
А дачакацца аніяк не могуць,
I ўсё глядзяць на захад i на ўсход.
I берагуць лісты i «пахаронкі»,
I кажуць: «Гэта ўсё, што асталося
Ад самых дарагіх i самых кроўных,
Што не прыйшлі з апошняе вайны».
Не!
Асталася нашая Радзіма,
Чырвоны сцягi ленінская праўда,
Што стала вечным компасам сумлення,
Што ў строй вярнула мёртвых i жывых.