Не!
Асталася дабрата людская,
Любоў i дружба, ласка i спагада.
I першыя сустрэчы, i каханне
Тых, што прыйшлі у свет пасля вайны.
Яны бягуць з ракеткамі на корты,
Гуляюць у футбол i пішуць вершы,
Даследуюць пратоны i нейтроны
I часта ў неба зорнае глядзяць.
А падрастуць, паходзяць з мазалямі, —
I поруч з намі стане пакаленне
Няўрымслівых, трывалых, неспакойных,
За ўсё адказных на зямлі людзей.
Я уяўляю змену пакаленняў
Жывою шматступенчатай ракетай:
Яшчэ адна ступень у поўнай сіле —
Наступная ўключаецца ступень
I працінае новыя вышыні,
Адвечныя знаходзіць таямніцы.
Што не паспела наша пакаленне,
Паспеюць дзеці нашыя зрабіць.
Яны, упартыя, цыбатыя, худыя,
Заўзятыя плыўцы i футбалісты —
Курчатавы, Гагарыны, Купалы
Спяшаюцца у дваццаць першы век.
Я ім зайздрошчу, i заўжды здаецца,
Што зноў іду з равеснікамі побач,
Вясёлымі i вечна маладымі,
I сам на дваццаць год памаладзеў.
1963 г.
ПАЧАТАК ДАРОГІ
Я ў кажушку, што колісь маці
У спадчыну пакінуў дзед,
Апошні раз прайшоў па хаце
I выйшаў першы раз у свет.
Мне маці ў торбачку паклала
Ручнік, кашулю з палатна,
Скрылёк пазычанага сала
I жменьку цёплага пшана.
I павучала, як умела:
— Глядзі ж, сыночак, не зблудзі,
Калі спытаць прыйдзецца, смела
У вочы кожнаму глядзі.
I не лянуйся, не ад працы
Твой бацька жыў кароткі век.
Пачнеш вучыцца i старацца,
Глядзіш — i выйдзе чалавек.
Тут рукі матчыны худыя,
Што учарнелі ад зямлі,
Здаецца, ўпершыню за шыю
Мяне так моцна абнялі.
Так пачыналася дарога
У новы дзень, у новы свет,
Хоць я тады зусім нічога
Яшчэ не ўмеў рабіць як след.
Майго умельства i навукі
Адным пасведчаннем былі
З вясны парэпаныя рукі
I на далонях мазалі.
Былі маёй пуцёўкай мары
Пра тысячы работ i спраў.
I на паўстанку Камунары
Я ўпершыню заначаваў.
I не пытаючы парады,
Ісці далей ці можа не,
Прасіў хлапцоў, каб у брыгаду
Уключылі зранку i мяне.
Мы секлі лес, часалі шпалы,
Калолі тоўстыя камлі,
I к дваццаці гадам нямала
Ужо зрабілі на зямлі.
I грузчыкам, i лесарубам,
I грабаром быў кожны з нас.
Ад смагі трэскаліся губы,
I сівер твары сек не раз.
Так пачыналася дарога
У новы дзень, у новы свет.
Я не цураўся анічога,
Каб на зямлі пакінуць след,
Каб шпалы сто гадоў звінелі
I словы, што ў радкі ляглі,
Ca мною разам не старэлі,
А каб мяне перажылі.
1963 г.
ЗЯМЛЯНІН Я
Няхай не зарубцоўваецца памяць,
Няхай i кроваточыць, i баліць,
I смагай неўтаймованаю паліць,
Якой ніхто не можа наталіць.
Жыву нібыта тысячу стагоддзяў:
Пры мне, здаецца, маманты раўлі,
Раслі лясы на захадзе i ўсходзе
I не было ні жыта, ні раллі,
Паўзлі пачвар раз'ятраныя пашчы,
Звісаў з хвашча пражэрлівы павук,
I ўпершыню мой валасаты прашчур
Падняўся i сагнуў рагаты сук.
Не слухаліся скручаныя пальцы,
Не выпрастацца згорбленай спіне,
I ўсё ж перамаглі неандэртальцы
У бойцы за сябе i за мяне.
Я i цяпер яшчэ ад жаху стыну,
Хоць i не ўспомню, у каторы век,
Ад зайздрасці разгневаны,
дубіну
Падняў на чалавека чалавек.
Гартае памяць новыя стагоддзі,
Хоць я не бачны, але ўжо жыву,
I за мяне кладзе пры ўсім народзе
На плаху Сценька Разін галаву.
Гудзе казённых барабанаў пошчак.
Я помню год i ведаю, калі
Грымелі залпы на Сенацкай плошчы
I пяцярых на кару павялі.
Я ведаю заплаканыя вёскі
(Апроч жыцця, усё было ў цане).
Тады з пятлёй на шыі Каліноўскі
Апошні ліст пісаў i да мяне.