Наўкол палалі панскія палацы.
Сярод лясоў i здратаваных ніў
Ішоў i я з паўстанцамі ў паўстанцы,
A герцанаўскі «Колокол» званіў...
Я помню барыкады Краснай Прэсні,
У Смольным — варанёныя штыкі
I крокі Ільіча.
Па ўсходцах лесвіц
Яны вядуць у новыя вякі.
Як кроў у кроў, як пругкае дыханне,
Як вочы, бровы, як гарачы рот,
Удары сэрца, пачуццё кахання,
Так памяць пераходзіць з роду ў род.
Няхай свайго не ведаю пачатку,
Не ведаю апошняе мяжы,
Бо жыў у продку, бо жыву ў нашчадку
У чулым сэрцы, у жывой душы.
Я перадам святую праўду века,
Што ў промнях сонца, з дыму i крыві
Да новых зор узнесла чалавека
Для шчасця i вялікае любві.
Паклічу ў сведкі спаленых, распятых,
Але заўсёды юных i жывых,
Каб нашы ўнукі ў будні i у святы
Не забываліся пра ix.
Я раскажу пра пекла ў Хірасіме
Прапраўнуку прапраўнука майго,
I ні адзін разумны не падніме
Смяротны смерч адзін на аднаго.
Зямля жыве: у бераг б'юць прылівы,
У вырай адлятаюць жураўлі...
Зямлянін я. I я таму шчаслівы,
Што ўсім хапае месца на зямлі.
Мы не дадзім яе крывёй запляміць,
Жывое растаптаць i спапяліць!
Няхай не зарубцоўваецца памяць,
I не дае спакою, i баліць.
1964 г.
ДУБОВЫ ЛІСТ
Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,
Дарогі — у ячменнай пацярусе.
Дубовы ліст, у жылках i ў расе,
Мне нагадаў абрысы Беларусі.
Яго мая кранаецца рука,
А ён нібыта выкаваны з броні,
I жылка кожная дубовага лістка
Злілася з кожнай жылкай на далоні.
1962 г.
БАБІНА ЛЕТА
Ты часта казала, што песенька спета, —
Вясна мінавала, a бабіна лета
Цябе замятае сухімі лістамі,
Што болей ніхто не трывожыць лістамі,
Ніхто не чакае цябе на спатканне,
Ніхто на цябе, як калісьці, не гляне.
A колісь глядзелі, a колісь чакалі,
Спачатку ля школы, пасля на вакзале.
Ты ночы не спала, лічыла мінуты,
Калі ён прыедзе дамоў з інстытута.
Да рання сядзелі у скверы, ля клуба,
I доўга смылелі гарачыя губы.
Ты шчасцю свайму пазірала ў вочы,
Ты чула, як сэрца ля сэрца стукоча,
Любіла начамі пад ліўнямі мокнуць,
Хадзіць, аж пакуль салаўі не замоўкнуць,
Глядзець, як знікае каханы ў тумане,
I думаць: «А колькі гадзін да спаткання?»
Вы разам чыталі, смяяліся, пелі,
I ўсе гаварылі, што хутка вяселле.
Адна ты казала: «Ніколі не позна»
I бегла дахаты сцяжынкаю роснай.
Цяпер ты шкадуеш, што ў майскія ночы
Залішне сумленна заплюшчвала вочы,
Што сцерлася ў памяці нейкая рыса,
Што болей нікому не скажаш: «Вярніся»,
Другога не стрэнеш, другіх не шукаеш,
Калі аднаго назаўжды пакахаеш.
Табе нічыёй не патрэбна спагады,
Што бабіна лета, што час лістападу,
Што косы завеяла першая замець,
Што нумар застаўся на целе на памяць.
А памяць, яна не старэе ніколі:
Дарога ў Майданак, i голае голле,
I сівер насустрач, i тысячы босых,
Скаваныя рукі, абрэзаны косы.
А дым, нібы хмара, вісіць над парканам
«Як хутка мяне разлучылі з каханым,
Нявестай была, a зрабілі ўдавою...»
Ды свішча бізун над тваёй галавою.
Цябе бессаромна салдаты раздзелі —
Лічылі радзімыя плямкі на целе,
Глядзелі у вочы i з нейкаю мэтай
Запісвалі доўга імя i прыкметы.
Ты тройчы ўцякала ад смерці i згубы.
Свістала завея ў жалобныя трубы,
Як здані, стаялі сівыя фальваркі,
I рвалі дзявочае цела аўчаркі.
Цябе на світанні вялі ў крэматорый,
Апошняя хмарка плыла над табою...
Ды раптам аднекуль чырвоныя зоры
Уляцелі, як іскры гарачага бою.
Чырвоныя зоры, знаёмыя твары,
Знаёмыя вочы глядзелі з-пад каскі,
Засмяглыя губы шапталі: «Таварыш»,
I падалі слёзы ад братняе ласкі.
Чамусьці сягоння ты ўспомніла гэта —
У час лістападу, у бабіна лета.
Не ведаеш ты i паверыць не хочаш,
Што вернуцца зноў салаўіныя ночы,
Што познім каханнем зардзеюцца шчокі,
Калі ты пачуеш знаёмыя крокі.
Каханне ніколі само не знікае,
Каханы заўсёды цябе адшукае.
Ты чуеш, ты чуеш — асенняю ноччу
Ляцяць самалёты i поезд грукоча,
У дзверы твае асцярожна, нясмела
Пастукае любы, крыху пасівелы.
Ты скажаш, што песня яшчэ не прапета,
Што сёння вясна, а не бабіна лета.