Днём старыя сказалі Рагнедзе, што гарыць дзядзінец, - паліў Уладзімір старажытную палачанскую апору. Але і гэтая вестка не закранула Рагнеду. Яна спытала, як абышліся забойцы з яе бацькамі-нябожчыкамі; куды іх кінулі - у Дзвіну ці ў яміну? Старыя адказалі, што для іх ноўгарадцы рыхтуюць вогнішча. Увечары зайшоў у намёт Уладзімір, зірнуў на Рагнеду, на старых і, не прамовіўшы слова, выйшаў. Ён з'явіўся зноў раніцай і паклікаў Рагнеду развітацца з роднымі. Яна ішла за князем, а за ёй цягнуліся старыя. Пахавальнае вогнішча было падрыхтавана на стромістым беразе над Дзвіной. На бярвёнах стаяў струг, а ў ім убачыла Рагнеда бацьку, Усяслава, Брачыслава, маці - былі яны стойма прымацаваны да калоў. Некалькі забітых бацькавых дружыннікаў ляжалі ля бартоў. Рагнеда несвядома, як у сне, паднялася па галлю і плахах да струга, пацалавала халодныя пасінелыя ілбы бацькі і маці, кранула ледзяныя рукі братоў і сышла на траву. Запалілася галлё, загуло пад лёгкім вятрыскам полымя, і сівы дым ахутаў падарожнікаў у краіну Вырай, дзе жывуць людкі - душы людзей... Абкружаючы вогнішча, стаялі ў жальбе ацалелыя палачане, усе старыя і жанчыны; ні моладзі, ні мужчын у гэтым натоўпе Рагнеда не заўважыла. Маўкліва назіралі спаленне ноўгарадскія ваяры, убачыліся Рагнедзе сярод іх Уладзімір і яго стрый, але іхная прысутнасць не кранула яе... Струг ахоплівала агнём, шуганулі языкі полымя, скрозь іх праглядаліся, ахутаныя дымам, бацькі. Ёй успомніўся далёкі дзень, можа, зімовы, напаленая была печ - чырванеў там жар, яна сядзела на лаўцы паміж братоў, і яны чакалі ласунку - паранай рэпы... А калі маці садзілася за кросны, дык і яна сядала побач. За кроснамі маці заўжды напявала, ціха, сама сабе; гэтая песня і зараз загучала для Рагнеды, нібы маці запяяла яе з вогнішча на развітанне... Раптам струг пачаў асядаць, паглыбляцца ў агонь і знік у ім. Праз гадзіну дагарэлае кастрышча пачалі засыпаць зямлёй. Ледзь быў прысыпаны попел, як Дабрыня сказаў: «Досыць!», і ягоныя кметы паспяшаліся штурхаць людзей: «Усё, усё! Па хатах! Пайшлі, пайшлі». А днём Рагнеду адвялі на вялікі княжацкі струг, весляры паднялі і апусцілі вёслы, і разбураны Полацак пачаў аддаляцца, паціху адыходзячы ў даўніну...
Рагнеда і дзве прызначаныя да яе старыя сядзелі на кармавой лаўцы, ззаду іх ціха сапеў стырнавы, а тварам да іх гайдаліся ў аднастайным вяслярскім руху дзесяць ноўгарадцаў і, пазіраючы на згвалтаваную Ўладзімірам полацкую князёўну, вялі гутарку пра поспехі і няўдачы мінулага дня. Нейкага Бела ці Белага зарэзала нажом баба, калі ён прылёг на яе дачку... Хтосьці здабыў пяць грыўняў, хтосьці дзве, хтосьці добрую вопратку... Камусьці недабіты сабака пагрыз нагу... Нехта вязе ў абозе ладную дзеўку, і варагі набралі дзевак для ўцехі і продажу... Рагнеда намагалася ўспомніць, якія словы выгукнуў бацька, калі яе паваліў і гвалціў Уладзімір. Нешта важнае крычаў князь Рагвалод, нейкі свой запавет спяшаўся ён укласці ёй у памяць, аднак толькі імя сваё запомніла яна з бацькоўскага наказу, астатнія словы не захаваліся ў цэласці сэнсу; яна хацела сабраць аскепкі; здавалася, калі злучыць іх, адкрыецца нейкая таямніца, прыйдзе выратаванне... Ды не даваліся гэтыя словы, а падказаць іх маглі Ўладзімір, Дабрыня ды некалькі баяраў і кметаў, што чакалі тады загаду забіць нажамі полацкі княжацкі род. Яны не скажуць, яны будуць хлусіць; таму не маглі забыцца і знікнуць словы перадсмяротнага наказу бацькі, яны тояцца на дне памяці, трэба іх адшукаць. І Рагнеда адшуквала іх, перабірала ўспаміны, ствараючы ў бессэнсоўнасці пакінутага ёй жыцця хоць нейкі сэнс сваёй прысутнасці на гэтым свеце...