Вось ужо за спінай землі радзімічаў, і землі северанаў з горадам Любеч на зялёных схілах, і ўсё бліжэй, бліжэй Кіеў, што раскінуўся на сямі горах, куды нацэліўся сесці на бацькава месца князь Уладзімір... Вось ужо праваруч і прыціхлы Кіеў, і радасна крычаць варагі, бачачы мноства хат, палаты, гародні без абаронцаў, але струг з Рагнедай не заходзіць у Пагойну, кіеўскую прыстань; плыве ён далей, да рэчкі Лыбедзь, і ўверх па ёй да нейкай маленькай вёскі. Рагнеда сходзіць на бераг, бачыць у далечыні, у марыве спякотнага дня, кіеўскія ўзгоркі, а перад сабой агароджаны двор, вароты яго расчынены, за імі стаіць хата з саламяным дахам, старыя вішні атачаюць гэтую хату. Гэта яе новы прытулак.
Рагнеда спыняецца ў варотах, ёй дзіўна і сумна - з наступным крокам пачынаецца для яе другое жыццё, адсечанае ад першага ноўгарадскімі і варажскімі мечамі. Бацькаўшчына, родныя, памяць, радасныя спадзяванні і светлыя мары - усё згінула ў ручаінах крыві. А наперадзе распасціралася цемрадзь невядомасці, і ў гэтую невядомасць віхурамі чужой волі гнала Рагнеду - малы ліст, сіратлівы, апалены агнём княжацкіх звадак і барацьбы.
На шостым годзе кіеўскага існавання здарылася з Рагнедай падзея, якая крута змяніла яе жыццё. Пазней, калі ўсё расставілася па адпаведных месцах, калі ў бяссонныя ночы ўся даўніна была перагледжана і ўзважана на цвярозы патрабавальны розум, змагла Рагнеда растлумачыць сабе, што адбылося з ёй апоўдні летняга дня, у час дрымотнага адпачынку пад вішняй. Новая душа ўвайшла ў яе ў той гарачы час - вось як вызначала Рагнеда сваёй сяброўцы Руце перажытае пачуццё, і ўвайшла новая душа з раптоўным болем праз сонечны блік. Ніхто не бачыў, не прыкмеціў, не перашкодзіў, бо ў няўлоўнае імгненне набыла яна новы дух, ды і хто мог прыкмеціць і перашкодзіць, калі ёй самой спатрэбіліся месяцы, каб асэнсаваць нутраную змену. Здарылася гэтае ўваходжанне пры такіх абставінах. Яна скрозь дрымоту назірала, як старэйшы сын Ізяслаў вучыў малодшага, Яраслава, дужацца; абодва малыя, баючыся маці, тузаліся ціха; меншая за братоў Прадслава рабіла ў траве схованку для лялькі; і больш нікога, ні малых, ні дарослых, на двары не было. Толькі каля варот размораны спякотай прываротнік тачыў нож, бавячы такім заняткам свой вартоўны час. Рагнеда на стражніка не зважала, і ціхі шоргат каменя па жалезе не закранаў яе слыху. І раптам шырокі нож вартаўніка ўспыхнуў, сонечны прамень трапіў у вочы Рагнедзе, і на імгненне яна аслепла, і за гэты міг невідушчасці яркае вастрыё промня спыніла шматгадовы сон думкі; быццам рассыпалася нейкая тайная камора, дзе хаваліся самыя галоўныя пачуцці жыцця.
Яе напужаў гэты нечаканы ўдар, нанесены бляскам наточанага жалеза, бо ўслед выявілася і ажыла куча паўмёртвых страшных вобразаў. Рагнеда жахліва ўскрыкнула, але дзеці толькі здзіўлена зірнулі на маці і вярнуліся да сваіх забаваў. «Кім жа мяне зрабілі?» - спытала сябе Рагнеда, збянтэжана аглядаючы двор, дзяцей, прываротніка. Адказ і паследаваў з бязлітаснай прастатой адкрыцця: ніякая я не жонка, не кіеўская княгіня, а спутаная паланянка, палюбоўніца, княжая жывёліна, прыбітая істота.
І застаўся ў душы пакутлівай плямай святла гэты востры кінжальны блік, завіснуў сонечным аскепкам дзеля выспялення ісціны. Уся зляжалая, пакрытая пылам пакоры груда дзён, што асыпаліся пасля полацкага пагрому, раптам разляцелася, падкінутая нечаканым ветрам, і на кожным былі чорныя знакі, якія цяпер прагна адшукваў адноўлены зрок. Зімовай, прамерзлаю пустэчай зеўралі цяпер кіеўскія гады, і праз гэтую шчыліну выразна бачыліся перадсмяротныя твары братоў, маці, бацькі, чорны дым над дзядзінцам, нажы кметаў, пасечаныя людзі ўздоўж вуліцы, якой вялі яе ў намёт, апусканне ў вогнішча пахавальнай ладдзі. Усё прыкмечанае ў тыя дні зараз дачакалася свайго часу, ажывала ў прасветленай памяці і прыпякала новую душу да нясцерпнага болю, як распаленае кляймо. Горкі дым віўся над яе апёкамі, над кляймом, што паставіў Уладзімір. Што атрымала яна замест сваіх страт? Чым перакрыў князь той крывавы ручай у Палату? Якімі справамі спрабаваў ён сцерці з яе памяці забойства родных? Рагнеда ўзіралася - і не магла прыгадаць за Ўладзімірам ніводнага вартага павагі ўчынку. Ён усё адразу забыў, да яе мінулага, яе памяці заўжды быў абыякавы, ейны боль быў занадта дробны для яго ўвагі на тле княжацкага клопату і нястрымнай весялосці.