Раптам зараўлі ў сто галасоў - горка ім стала. Вось цалуе яе Ўладзімір... так, прыгожыя ў яго вочы, але чужыя, п'яныя, далёкія... Стаіць яна пасля гэтага пацалунка, чуе смех, чуе патрэбнае па звычаю пытанне Ўладзіміра: як называць яе наперад мужу і людзям; Рагнеда - імя дзявочае, а ў замужжы - хто? Застолле сцішылася, чакаючы яе адказу. Адны мужчыны сядзелі за вясельным сталом, зрэдку траплялі між імі невядомыя Рагнедзе жанчыны, і ўсе яны былі Ўладзіміравы людзі, выканаўцы яго жаданняў: загадалі ім рэзаць палачанаў - яны рэзалі, сказалі б зараз забіць яе - забілі б, а вось сказалі гуляць - гуляюць... Усё ж не да канца яны забілі яе, знайшоўся правільны адказ. Якое імя ў замужжы? - Гарыслава! Няхай такое будзе імя... Так, кіеўская княгіня Гарыслава! Згарэлі слава роду і яе добрая слава... А яны не зразумелі ці не прынялі і п'янымі крыкамі патлумачылі інакш, прыемна для князя: гары, гары славай, княгіня, славай Уладзіміра! Так ім хацелася: каб Уладзімір славіўся, а яна гарэла. Так і ёсць...
Багі мае, палачанскія багі, шаптала ў пустату ночы Рагнеда, і ты, вечная насмешніца Мара, табе адной дадзена ўсыпляць душы, вярні мне ранейшае забыццё. Хай любоў да дзетак задушыць безадказныя пытанні; баліць ад іх сэрца, няма сну, і прыходзяць у начной цемры дакараць за доўгую цярплівасць дарагія людзі, якіх вынішчыла бязлітасная рука. Ён звёў іх, бацька яе дзяцей; была яна полацкая князёўна, стала княгінькай на вёсачцы, гаспадыняй глухога двара на беразе рэчкі Лыбедзь. Жыла тут, кажуць, у даўнія часы няшчасная Лыбедзь, сумавала ля ціхай вады, у тую ваду і кінулася; а зараз ходзіць па яе слядах другая няўдачніца, носіць ачунялую крыўду. За што такі лёс? Рута стараецца суцяшальна ўтлумачыць: з усімі жонкамі Ўладзімір гэтак, усе пакрыўджаныя; няма сэнсу бедаваць: жывыя, дзеці гадуюцца, што нам яшчэ? «Усе пакрыўджаныя!» Не, не ўсе. Хіба Адэля, Алова, Мілаліка вытрымалі столькі, колькі ёй выпала? Каго гвалцілі на вачах бацькоў, пад поглядамі кметаў? У каго зарэзалі маці і братоў? І хто яны, гэтыя іншыя жонкі? Невядома, хто яны. Любоўю Ўладзіміра ўзнесены яны з невядомасці, з малых, слабых, простых родаў. А яна - полацкая князёўна, дачка крывіцкага князя, ва ўсім роўная Ўладзіміру; але ён зраўняў яе з імі, уціснуў у іхні гурт; яна прыніжана яго любоўю. Што ж гэта такое - ягоная ўлада? Чаму ёй цярпець гэтую ўладарнасць? Ён прагнуў улады і дзеля ўлады забіў старэйшага брата, разбурыў Полацак, забіў князя Рагвалода, абяскровіў Смаленск. Так, улада патрабуе цвёрдасці. Ды калі заўтра нехта іншы пажадае захапіць уладу - што стане? Зноў бойкі, кроў, вогнішчы, мерцвякі! Уладзімір! Яму хочацца перайначыць сэнс свайго імя - уладарыць светам, а не мірам. Чаго ж дзівіцца, што нагэтулькі таннае для яго чалавечае жыццё. А кроў? А што яму чужая кроў, яна ў зямлю прасочыцца, дажджы яе змыюць, курганы зарастуць палыном, а трызна на свежых курганах - адпачынак дружыны.
«Ён Кіеўскую дзяржаву мацуе!» Быццам гэта нехта другі аддзяляў Ноўгарад. За што Яраполк хадзіў на яго вайной, за што пасварыліся яны насмерць, загубілі тысячы людзей за перамогу ў сваёй сварцы? Хто варагаў вёў паліць Полацак, разбураць Смаленск, рабаваць кіеўскія двары? «Русь! Магутная Русь!» Люблю Русь, калі мая, а не мая - дык агнём яе і сякерай. Гэта Адэлі ці Мальфрыдзе можна расказваць пра любоў да Кіева і Русі - яны, можа, і павераць. А яна гадавалася ў княжацкай сям'і, яшчэ размаўляць не ўмела, а ўжо слухала расклад княжых справаў і клопатаў, бачыла верх абавязкаў над жаданнямі. Не дзяржаву, а ўладу ён любіў. Ну, а цяпер, трымаючы ўладу, можна і дзяржаву любіць, пашыраць яе і ўзбагачаць наездамі на суседзяў. Чаму ж яе не любіць; уся яна ягоная, ён усярэдзіне. «Дужа князь заняты!» Вяцічаў падпарадкаваў, яцвягаў выціскае з Буга і Ясельды, усе павінны быць пад яго рукой, злуе ён на тых, хто трымаецца незалежна. Вось розных багоў сабраў на адным капішчы побач з княжым дваром - усім адначасна можна маліцца. Але на пупку капішча ягоны ідал, бажаство вайны Пярун. Галаву з срэбра зрабілі, вусы з золата, у вачніцах зіхацяць крывавым святлом чырвоныя каменьчыкі. А іншых ідалаў зрабілі з дубу, яны і ніжэйшыя, і ўсе на Перуна глядзяць. Пастаўлены паўколам у яго за спінай, як дружына за князем. Галоўнае Ўладзімірава жаданне: каб і жыццё падобна ўладкавалася - усе на яго глядзяць, баяцца і славяць.