Выбрать главу

А хто перад ім не схіліцца, таго дружына схіліць. Піць ды біць - іншага занятку не маюць. Князю прага ўлады спакойна жыць не дае, гэтым - сквапнасць. Срэбра насыпае ім з торбы. Ды адкуль важкія грыўні бяруцца? Не з Дняпра ж іх сеткай цягаюць. Падпарадкаваць некага трэба, застрашыць, прыціснуць данінай. Ад сваіх адымі - аддай князю Ўладзіміру, баярам яго, кметам, отракам - безліч іх. Калі равуць: «Слава князю!» - пэўна, серабро раздаваў. Па восем дзён цягнуцца бяседы, па трыста бочак мёду наварваюць, п'яныя пластом ляжаць, можна па іх спінах, як па масніцах, гарадскую вуліцу прайсці. На дурную галаву і крычаць «Слава!». Уладай ён ні з кім не падзеліцца, а мёд што? - новага бортнікі прывязуць.

Яму ўлада, а што ёй? Хіба можна параўнаць: ён - вялікі князь, - «сонейка яснае», «месяц светлы», «дзяржаўны волат», як толькі ні праслаўляюць яго лісліўцы, яна - палец ад рукі адсечаны. Дык за кім праўда?.. Забыцца зноў, але адступілася вераломная Мара, не цікавіць яе новая насцярожаная душа; не паверыць ўжо Мары княгіня Гарыслава так, як верыла шэсць гадоў назад князёўна Рагнеда, адразу ўбачыць немудрагелісты падман, усміхнецца і развее дурманлівы дымок над гаркотай праўды...

Прачнулася памяць, і разбурыўся спакой ціхага шматгадовага вар'яцтва. Вось і хадзіць Рагнедзе ўздоўж Лыбедзі, ахалоджваючы свае палкія думкі. Збоку глядзець - добрае ў яе жыццё, зайздросцяць ёй тутэйшыя смерды; не трэба ёй жаць, даіць, прасці, гатаваць; хочацца - сядзіць на прызбе, захочацца - гуляе з дзецьмі, не захочацца - іх нянькі даглядаюць, захочацца сумнай песні - варта паскача, схопіць дзе старца, прывязе - ён спявае; што яна скажа - тое згатуюць; захоча на свяцілішча - ёй вазок падаюць; захоча спаць увесь дзень - ніхто не ўпікне. Лепшага жыцця і быць не можа, чараўнік лепшага не дасць, бо і прасіць няма чаго, усё мае княгіня, адно, можа, няма залатых яблыкаў і птушынага малака; нібы сказка, такое жыццё: пальцам паварушы - і ўсё быццам само сабой зробіцца. Вось што яны думаюць, а яшчэ думаюць: каму ўсё дадзена, таму і дабро не ў радасць, ужо не ведаюць, што пажадаць, толькі і застаецца гуляць дзень за днём уздоўж рэчкі...

Так, усё ёсць, думае Рагнеда, усё маю, толькі радасці не маю. Ім і ў галаву не прыходзіць, што яна больш ім зайздросціць, чым яны ейнаму шчасцю. Цяжка ім жыць, ды весялейшае ў іх жыццё - муж у хаце, ёсць з кім пасварыцца і памірыцца, ён паб'е, ён жа і пашкадуе; і радуюцца яны шчыра, і вяселлі ў іх іншыя, і не становяцца іх мужамі забойцы бацькоў, ды рэдка бывае, каб у хвіліну выбілі ўсю сям'ю. Далёка ўнізе яны ад яе, а шчасця ў іх болей. Вось яна і кіеўская княгіня, жонка Ўладзіміра, маці княжычаў, і не пужае яе неўраджай, голад, вайна, але не ўсе захацелі б памяняцца з ёю лёсам - стаць жонкай карніка, забойцы, ката бацькоў... Дык чым жыццё Ўладзіміра даражэйшае за жыццё князя Рагвалода, думае Рагнеда. Ці Ўсяслава і Брачыслава? Даўно кліча яго ў магілу чужая кроў, цягне ў пахавальны агонь, а ён адбіваецца, бароняць яго срэбралюбцы ад удару мсціўцы. Не адкупіўся ад Ягі, але жыве. Заўсёды акаляюць яго ўзброеныя малайцы. Ведае князь Уладзімір, як лёгка ўваходзіць у чалавечае цела наточаны каменем нож...

І складваліся гэтыя думкі ў гарачкавае жаданне вярнуць гонар. Ці рана, ці позна жыццё скончыцца, а гонар праз вякі жыве, ён разам з душой на той свет сыходзіць. Пойдзе душа, сустрэнуць яе людкі, убачаць, што без гонару, - і пакінуць адну: памерці, скажуць, памерла, не баялася, а вярнуць гонар пабаялася - і не прымуць да сябе, і зноў цярпець пакуты адзіноцтва, як і тут. Не выпадкам жа бліснуў святлом, выводзячы з зачараванай невідушчасці, нож прываротніка. Папрасілі багоў даць знак пакрыўджаныя людкі - забітыя маці і бацька; чакалі, пакуль дачка сама прасвятлее, не дачакаліся і самі далі падказку. Трэба звесці Ўладзіміра з гэтага свету. А потым яе звядуць. Дабрыня ўласнай рукой засячэ. Але ўсё роўна трэба забіць. Просяць бацькі і браты. Здаецца, яны і крычалі тады: «Адпомсці, Рагнеда! Адпомсці!» Яна - даўжніца за іхныя жыцці і за сотні іншых палачанскіх жыццяў. З ёю павязалася іх смерць. Клічуць крывіцкія багі праліць кроў за кроў па святому закону адплаты.

Удзень Рагнеда намагалася не думаць пра Ўладзіміра, каб дзеці не адчулі змрочнага яе клопату ці вока прызначаных Уладзімірам ахоўнікаў не разгадала сэнс яе роздуму. У таямніцы рыхтуецца помста; нечакана абрушваецца яна на злачынцу; ужо забылася чорная душа пра свае грахі, ужо лёгка ёй, нястрашна сярод парослых травой магілаў, ужо лічыць яна сябе чыстай, дараванай багамі - вось тут і знішчае яе помста, і ўспыхвае ў вачах злачынцы жах гібелі - тут і прыходзіць свята для людкаў, супакойваюцца яны там, на сваім свеце. Галоўнае, каб таямніча, нечакана, гэта найбольш пужае - навучыў Уладзімір воўчым сваім скокам на Полацак. Як ён, так яму...