Выбрать главу

Пад вечар узнікла пыльнае воблака на кіеўскай дарозе; прыкмеціўшы яго, узбадзёрыўся прываротнік, павылазіла з розных куткоў ахова, забегалі бабы - едзе! Мчыцца Ўладзімір Святаславіч да жонкі! Хутка адзелі ў чыстае дзяцей, сама Рагнеда апранулася ў святочны строй. У ім, як ёй думалася, сустрэне яна ранкам сваю смерць. Ніколі яна так шчыра не вітала князя, як у гэтую сустрэчу; выйшла за вароты, нізка пакланілася, кранаючыся рукой зямлі - дзякуй, маці-зямля, што прывяла князя да смяротнага ложка! Уладзімір лоўка саскочыў з каня, падышоў, крыху здзіўлены такой нечаканай пашанай, і раптам весела засмяяўся - ох, ладны Ўладзімір, прыгожая ў ім сіла; нават жаль коратка ўкалоў Рагнеду, што не дадзена ім злюбіцца, - ён засмяяўся, абняў і пацалаваў яе. Але халодныя былі яго губы, жаль выпырхнуў ад гэтага холаду, і спатканне пайшло звычным ладам.

Ён пагуляў з дзецьмі, потым селі да стала, Рагнеда наліла і паднесла мужу чару, ён адпіў і вярнуў ёй - адпіць за радасць сустрэчы пасля паходу. Напачатку яму і гаварыць было неяк цяжка, зусім не ў ахвоту - нагаварыўся на папярэдніх гулянках, нудна, здавалася, пераказваць усё для жонкі, ды пасля некалькіх чарак князь запаліўся і падрабязна гаварыў пра паход, асаду і ўзяцце Корсуні, пра далёкія выгады перамогі: захвалюецца кесар Васіль, задумаюцца яго радцы, атрымаем саступкі, узмоцніцца паўднёвая кіеўская мяжа, сцішацца печанегі... Рагнеда слухала, згаджалася; князь разважаў пераканаўча, гэтак, відаць, усё і будзе, як ён гаворыць, у дзяржаўных справах ён стаў разумны; ды і ён не ўсё ведае - не ведае ён, што далёкіх выгадаў яму не ўбачыць, а роўна і блізкіх; наўрад ці падымецца ён на досвітку. Вось прыцемкі падышлі, сонца закацілася, а разам з ім коцяцца да канца жыццё князя і ейнае жыццё... Гэтая неадхільнасць, непазбежнасць яго пагібелі, яе смерці, немінучыя бедствы і пакуты дзяцей, асуджаных на сіроцтва, засмучалі яе; хацелася ёй, каб ён адчуў незвычайнасць гэтага вечара, угледзеўся ёй у вочы, убачыў яе боль, суровасць, тугу, узгадаў свае грахі, неадмытую кроў і павініўся, сказаў хоць бы слова суцяшэння, шчырага жалю... І яна даруе, у яе рука не падымецца, калі яна ўбачыць у ім раскаянне і спагаду.

Рагнеда чакала гэтых выратавальных словаў, у думках яна прасіла: «Абудзіся, князь! Не губі сябе і мяне праз грубасць! Пачуй мяне!»; аднаго пяшчотнага слова, чуйнага позірку было б дастаткова, каб зламаць яе рашучасць. Але ён, захоплены ўдачамі сваёй справы, гаварыў пра ралляў, балгар, печанегаў, кесара, пра новы вялікі паход на вяцічаў і голядзь, і нішто іншае не закранала яго душу...

Нечакана ён успомніў аб дзецях і схадзіў пагладзіць іх. Але зноўку сеўшы за стол, адразу пра іх забыўся і пачаў старое, больш для сябе важкае: вяцічы бунтуюць, балгары хітруюць, даніны не хапае, Царгорад хістаецца, Таўрыя мая. Потым зірнуў на Рагнеду, пажадліва ўсміхнуўся, выпіў апошнюю чару і кіўнуў на ложак: «Спаць?» Яна паднялася: «Так, самы час!» Князь сам імкнуўся насустрач смерці... Вось ён зняў пояс і паклаў на стол меч і нож. Вось яна ідзе да ложка; скідае на падлогу спадніцу... Ох, як труна, халодная іх сямейная пасцель. І нашто прымаць гэта апошняе катаванне спарваннем. Ды ніяк не абысціся без гэтай пакуты, і муку сваю трэба стрываць. О, багі, дайце сцярпець холад ягоных рук, груз яго цела! Тахкае, б'ецца яго сэрца за панцырам рэбраў. Варта палашчыць іх, выбіраючы зручны ўваход для нажа. Вось яны, лагчынкі між рэбрамі... Так, усе прыступныя, не толькі князь Рагвалод, яго жонка і сыны! У вялікага князя кіеўскага такая ж тонкая скура... Вось блішчаць яго вочы; у іх бурліць юр; аслеплены князь Уладзімір юрам, агідна глядзець зараз на яго твар; лепш заплюшчыць вочы і перачакаць хвілі яго шаленства, нічога не бачачы... Вось ён дыхае стомленымі ўздыхамі пераможцы. Пэўна, прыемна князю, што ён аддаў гадавую даніну Гарыславе і цяпер ужо будзе вольны ад яе да наступнага лета, і ўжо бачацца яму новыя людзі, новыя землі, радасць дзяржаўных загадаў. Вось рука яго лянівым сонным рухам прапаўзла па яе целу, кранула грудзі і схавалася пад уласную галаву. Усё, ён закінуў рукі - змарыў яго сон. Спі, князюшка, спі! Лёгкая будзе табе смерць, без тых жахаў, што прымусіў ты зведаць маіх бацьку і маці, не ўбачыш ты сваю дачку на бруднай саломе пад насільнікам, не пырскне па тваіх вачах кроў тваіх сыноў, і сам ты не ўбачыш смяротнага цёсу. Лёгка табе ўсё давалася, нават смерць у цябе прасцейшая, чым у іншых...