- Што, Бедавей, - прыспешыла яго Рагнеда. - Адразу кажы, не ў госці ж прыехаў.
- Можна і адразу, - згадзіўся баярын. - Даецца Ізяславу горад, і будзеш ты там жыць разам з сынам. Астатнія дзеці застануцца пры бацьку. Заўтра ад'едзеце.
- Куды? - запытала Рагнеда.
- Далёка, княгіня, - усміхнуўся Бедавей. - На дрыгавіцкія межы, ёсць там горад Няміга на Свіслачы, а лепш не скажу - сам там не быў. Прыедзем - пабачым.
- Адкажы, Бедавей, - нахілілася да яго Рагнеда. - Уладзімір сам вырашыў ці Дабрыня парадзіў?
- Усе баяры рашалі, - сказаў Бедавей шчыра. - Ды і што табе - хто? - дадаў ён. - Магло і горш быць. Многім хацелася, каб табе галаву адсеклі. Ты радуйся, даравалі табе.
Рагнеда не адгукнулася. Баярын пасядзеў яшчэ хвіліну, не знайшоў, што сказаць, і паехаў.
Адну ноч адпусцілі ёй на развітанне з дзецьмі, а на золку - вечнае расстанне. Так ацаніў Уладзімір сваю кроў і рану, такую браў плату: хацела пакінуць дзяцей без бацькі, без сябе - хай здзейсніцца, не чуць ім больш твайго голасу... Гэтую апошнюю кіеўскую ноч Рагнеда прасядзела з дзецьмі. Спалі, паклаўшы пухленькія шчочкі на маленькія кулачкі, яе дочкі - Прадслава і Прамаслава; на бацькоўскі лад, закінуўшы за галаву рукі, ляжалі тры сына - Ізяслаў, Яраслаў, Усевалад, і яна галубіла іх, убірала ў памяць іх твары, згадвала нараджэнне кожнага, прагныя губкі на грудзях, іх першыя песенькі, першыя крокі і першыя іх словы, іх любоў да яе, якую непазбежна загасіць гэтая вечная разлука...
Заняўся новы дзень, двор прачнуўся, пачаліся зборы. Пад наглядам Руты чаляднікі выносілі скарб. Селі ў апошні раз сумесна снедаць - яна, дзеці, варта, дваровыя. Нехта нясмела сказаў пра віно, Рагнеда ўхваліла. З'явіўся і пайшоў па кругу карэц; усе выпілі, але нічога не гаварылі. «Як пасля пахавання, - падумала Рагнеда. - Трызна і ёсць: дзеці маці сваю хаваюць. Усе дарослыя гэта разумеюць і маўчаць». Не паспелі паесці, як прыехаў Бедавей з чатырма вазкамі. Вось і настаў час самага цяжкага выпрабавання - пацалаваць апошні раз дзетак, схлусіць ім, стрымліваючы слёзы і крык, што едзе ў далёкую вандроўку, няхай яны яе чакаюць, яна прывязе жаданыя гасцінцы. Яраслаў захацеў птушку, Усевалад - нож, Прадслава - шкатулку, а меншая, Прамаслава, няшмат ведаючы словаў, сваё жаданне не акрэсліла. Нічога ёй яшчэ не хацелася, апроч мацярынскай пяшчоты. І гэтак моцна яны верылі ў неразлучнасць з маці, што не зразумелі свайго блізкага гора, не заплакалі, а Ізяслаў нічога не сказаў братам і сёстрам, падвучаны маўчаць...
Рагнеда з сынам і Рута пакланіліся былому свайму прыстанку, рэчцы Лыбедзь, людзям, з якімі пражылі побач сем гадоў, і пакаціў маленькі абоз, ачолены маўклівым Бедавеем, да дняпроўскай прыстані. Тут пераселі яны ў стругі, вёслы ўдарылі па вадзе, і паціху знік з поля зроку стольны горад Кіеў, горад палону і пакуты.
Марудна, з доўгімі прыпынкамі праходзіла плаванне па Дняпры, потым па Бярэзіне, па лукавінах і выгінах Свіслачы да вусця дробнай рэчкі Нямігі, дзе стаяў горад Няміга. Тут заначавалі, а ранкам коламі пацягнуліся сярод балот па зыбкай дарозе ў нейкі горад, аддадзены Ўладзімірам сыну як ягоны ўдзел. Прыцемкамі дабраліся да месца; ніякага горада не ўбачылі, а была гэта застава - блізка Свіслачы высіўся насыпны пагорак, на ім быў дзядзінец, а навокал цясніліся хаты пасада - вось дзе меліся жыць сасланыя маці і сын. Вазы ўехалі на дзядзінец, скарб перанеслі ў невялічкую хату, і пачалі ўладкоўвацца. Рута запаліла печ, накрылі стол, каб адсвяткаваць пачатак жыцця ў згубленым сярод балот горадзе Ізяслава.
Малое места Ізяслаўль, ды сваё, і Рагнеда хутка прызвычаілася да нескладанага жыцця ў сынавым удзеле. Аднастайна праходзілі тут дні, але з полацкіх часоў не адчувала Рагнеда такога спакою на душы, як у цесным заслаўскім дварцы. Нават ранішні крык пеўняў, што ў Кіеве абвяшчаў новы дзень тугі, тут адгукаўся бадзёрасцю і весялосцю. Абдымаючы соннага Ізяслава, яна слухала пеўневы спевы, адзначаючы ўдачлівых і няўмелых пеюноў. І ў птушыным племені былі свае малайцы, зухі, свае галасістыя князі з правам на першы крык і розная драбяза, накшталт Бедавея, што паўтарала песню слабымі галасамі, былі нейкія ізгоі, якія заяўлялі пра сябе, калі ўсе іншыя заціхалі. Гэтае падабенства з чалавечымі адносінамі смяшыла Рагнеду. Калі немату ночы прарэзвала першая кукарэканне, яна казала сабе: «Вось князь Уладзімір запяяў!» Другі крыкун называўся Дабрынем, а ўжо ўвесь хор быў «баярствам», «кметамі», «карнікамі». «Баяры гарлапаняць!» - казала Рагнеда і падымалася. Сябе яна адносіла да анямелых людзей. Чаго лямантаваць, калі ўсё сказана. Неяк яна запыталася ў прызначанага ім ахоўніка Рудога, ці ёсць у горадзе пеўні, якія зусім не пяюць. Руды здзівіўся такой цікаўнасці і паабяцаў дазнацца. Распытаў людзей - аказалася, ёсць нямы пеўнік у Заслаўі, кінуў спяваць пасля бойкі з суседскім пеўнем. Рагнеда папрасіла паказаць ёй маўчуна. Здагадлівы быў Руды: калі прыйшлі на патрэбны двор, гаспадыня ўжо ведала пра магчымых гасцей, і вогненнай масці певень стаяў прывязаны за нагу. «Вось ён, княгінька, - казала баба, нібы вінавацячыся. - Так ён працавіты, але не крычыць, хоць ты яго забі. Можа, яму горла прабіў той дзюбай». - «Няхай жыве, - усміхнулася Рагнеда і дадала, на здзіўленне бабы: - Ён разумнейшы!»