- І ў парубе пасядзець не зашкодзіць, - адказаў вяшчун. - Пыха рухае вамі, і няма сэнсу ў вашых жаданнях.
- А ў чым сэнс? - спытала Рагнеда.
- Выстаяць жыццё. Не сагнуцца.
- Ну, не сагнуся. А далей што?
- А далей - смерць.
Рагнеда міжволі здзівілася.
- Што, здаецца, мала? - сказаў вяшчун. - Не тая ўзнагарода?
- Так, мала, - прызналася Рагнеда.
- А ты пратрымай груз жыцця, каб спіна не зламалася, не трэснуў хрыбет.
- Што ж тады наш лёс?
- А што мы ведаем пра яго? Ад яго не схаваешся. Таму і баяцца няма чаго людзям.
- Чаму ж людзі баяцца?
- Пакорлівыя, - адказаў вяшчун.
На пачатку бабінага лета спраўдзілася трывожнае прадчуванне: з'явіўся ў Заслаўі Дабрыня і прывёў з сабой тысячны полк, які хутка аколіў горад павецямі і буданамі. Рагнеда, пачуўшы ад Рудога ненавіснае імя, разумела, што неўзабаве яе зарэжуць, - ніякая іншая мэта прыходу Дабрыні ў горад ёй не ўяўлялася.
Увечары стары забойца зайшоў да яе ў хату. Яна ведала, што ён прыйдзе, і чакала яго, трымаючы пры сабе Ізяслава. Дабрыня павітаўся з ёю, пагладзіў па галоўцы княжыча, свайго пляменніка, і грузна прысеў на ўслон. Вочы яго з нейкай савінай нерухомасцю разглядалі маці і сына. «Зараз кіпцюры пакажа», - падумала Рагнеда, не верачы соннаму выгляду старога баярына. Так і здарылася. Без адкладу нанёс Дабрыня першы ўдар, разбурыўшы трыма словамі надзейную, здавалася, дакладнасць яе разлікаў. Сказаў жа ён нетаропка, што загінуў яе дзядзька князь Тур.
- Значыць, і сыны яго загінулі, - сцвярджальна адзначыла Рагнеда.
Дабрыня згодна кіўнуў. Яна прыгадала полацкую бойню і ўявіла, як калолі нажамі яе тураўскіх сваякоў. Не ўтрымаўся Ўладзімір, каб не высекчы і тураўскую галіну роду. Яна запыталася, як загінуў Тур.
- Загінуў, ды і ўсё, - не захацеў пускацца ў падрабязнасці Дабрыня. - Адмовіўся ўпускаць у Тураў уладыку для хрышчэння народу, сядзеў за сценамі, амаль месяц страцілі на асаду... Цяпер Святаполк там княжыць...
Святаполк быў аднагодкам Ізяслава, і Рагнеда імгненна зразумела, нашто спатрэбілася Ўладзіміру высякаць Тураў і яго князёў.
- І маці яго з ім, у Тураве? - асцярожна спытала Рагнеда, жадаючы мець поўную яснасць.
- Нашто? - усміхнуўся Дабрыня. - Княжыч да пяці гадоў у жаночых руках, а з пяці - мужчына. Ты ж ведаеш, княгіня...
- Яраславу майму пяць гадоў, - сказала Рагнеда, - што, можа, і яго пасадзяць князем?
- Ужо павезлі, - пацвердзіў Дабрыня. - У Растоў.
- А Ізяслава куды намецілі? - працягвала свой роспыт Рагнеда.
- У Полацак, - сказаў Дабрыня і, гледзячы на Ізяслава, патлумачыў як бы выключна для яго: - Вяртаецца табе, княжыч, бацькаўшчына па дзеду. Вось ахрысцім тваё Заслаўе - і паедзем. Хочаш у Полацак?
- Хачу, - збянтэжана адказаў Ізяслаў.
- Хочаш - будзеш. А зараз ідзі пагуляй!
Засталіся ўдваіх, але нічога Дабрыня не дадаваў, і нашто ён пазбавіўся Ізяслава, Рагнеда не разумела.
- Калі пачняце хрысціць? - спытала яна, дзівячыся, што так лёгка прымірыла яе з хрышчэннем вестка пра Полацкі ўдзел Ізяслава.
- Збудуем святыню - тады.
Вось бы і закончыць тут размову, каб у адзіноце парадавацца за Ізяслава, за здзяйсненне сваёй мары, патужыць аб князі Туры, пасумаваць аб Яраславе, прызначаным у далёкі Растоў - жыць сіратой пад жорсткім баярскім наглядам. Але пра яе будучыню яшчэ не перамовіліся ні словам. А пэўна, усё яны вырашылі. Няхай паведае.
- Ці праўда, Дабрыня, што Ўладзімір ажаніўся?
- Праўда.
- І веру грэчаскую прыняў?
- Усе прынялі. І я ахрысціўся. І ён ахрысціўся. Імя яго новае, хрысціянскае - Васіль.
- Васіль, - паўтарыла Рагнеда.
- Так, Васіль.
- Значыць, Васіль - як цар рамейскі?
- Ага, - кіўнуў Дабрыня. - А жонку яго зваць Ганна.
- Выходзіць, - вывела Рагнеда, - ён мне не муж, я для яго не жонка і магу жыць па сваёй волі?
- Так, не жонка, - згадзіўся Дабрыня, але пра волю не ўдакладніў.
Пагрозай павеяла на Рагнеду ад гэтага ўмаўчання. Ды што мог зрабіць ёй Уладзімір? Што другім жонкам - тое і ёй.
- Дзе Алова? - спытала яна.
- Замужам, - адказаў Дабрыня. - За Корла пайшла. Памятаеш такога варага?
- А Мілаліка?
- Таксама замужам.
- Мальфрыда? Адэля?
- Усе хрысціліся, усе за новымі мужамі! - вычарпальна сказаў Дабрыня.
- Другога выйсця няма, так, Дабрыня?
Ён змаўчаў.
- Ну, а мне каго дае ў мужы князь Васіль?
- Каго абярэш, - адказаў Дабрыня. - Даражыр, Бедавей...
- Хто, хто? - перапытала яна, нібы не расчуўшы.
- Бедавей, Даражыр, - няспешна і абыякава паўтарыў Дабрыня. - А што? Чым, княгіня, яны табе не падыходзяць?