Выбрать главу

Праз тыдзень пакрылася царква стромкім дахам з вежачкай, якую завяршаў крыж. Побач з будынінай паставілі слуп, павесілі на яго меднае біла. Айцец Іона ўдарыў па ім жалезным прутам. На гэты звон сышлася да царквы дружына.

Тры папы абышлі жыллё свайго бога па кругу, пырскаючы на яго вадой. Потым зайшлі ў царкву, набілася туды частка дружыны, грэкі нешта пелі, цягнула праз адчыненыя дзверы саладкаватым кадзільным дымком, дружына ў царкве то станавілася на калені, то падымалася... Неўзабаве пасля гэтай службы абышлі дружыннікі пасад, загадваючы збірацца ранкам на Свіслачы для хрышчэння. А хто не прыйдзе, той князю вораг, і адпаведна з ім абыдуцца...

Раніцай ціха сходзілася на бераг застрашанае заслаўскае жыхарства. І Рагнеда прывяла сына, каб выканаць неабходную для ад'езду ў Полацак умову. Нарэшце сагналі ўсіх; натоўп шчыльна збіўся ззаду Рагнеды, жахаючыся таго, што яго чакала. Выйшаў на бераг і стаў тварам да натоўпу ўладыка Кірыла ў шытай золатам вопратцы. Узяўшы крыж, пачаў ён гаварыць пра новага бога - нейкага Ісуса Хрыста, які даў сябе распнуць на крыжы, хоць і быў сынам стваральніка свету. А потым уваскрос і падняўся на неба, і адтуль дапамагае кожнаму, хто ў яго верыць і на яго моліцца... Ззаду слухачоў, ахопліваючы іх сярпом, стаяла кіеўскае хрышчонае ваярства, і разбіваліся словы Кірылы аб глухату напалоханых, насцярожаных душ.

Але вось ён сказаў:

- Гасподзь бог наш, збавіцель наш, Ісус Хрыстос хрысціўся ў водах ракі, і па яго святому прыкладу здзейсніцца вашае павяртанне да ліку адзінага нашага госпада - ступіце ў воды і прыміце хрысціянскі крыж...

Натоўп не рушыўся, цішыня жаху і тугі завісла над пожняй. Неяк нядобра заварушыліся дружыннікі. «Зараз спіхваць пачнуць», - падумала Рагнеда і, падняўшы сына на рукі, першая пайшла ў Свіслач. Ледзяной здалася вада, Ізяслаў сціснуўся, ускрыкнуў і ахапіў маці за шыю.

«Цярпі, сынок, цярпі, - шаптала Рагнеда, - затое ў Полацак паедзеш». Яна ступала па гразкаму дну, пакуль вада не падышла да горла; тады яна павярнулася. Людзі сыходзілі ў раку, моршчыліся ад холаду і пакорліва ішлі на глыбіню. «І нашто было Хрысту такое купанне», - не разумела Рагнеда. Грэк Кірыла запеў нейкую малітву, а воддаль, на свяцілішчы, нерухома стаяў каля драўлянага ідала вяшчун і назіраў усеагульную здраду.

Тры дружыннікі, бачыла Рагнеда, нетаропка накіраваліся да вешчуна, задні нёс сякеру. Кірыла самазабыўна вадзіў крыжом над скалелым у рацэ народам, але ніхто не глядзеў на яго срэбраны крыж - увага засяродзілася на тройцы, што падыходзіла да вешчуна.

Ля ідала яны спыніліся, нешта сказалі старому, той нешта адказаў, тады першы моцна адштурхнуў старога, узляцела і ўваткнулася ў ідала сякера. У тое ж імгненне вяшчун усадзіў у бок святатніка доўгі нож. Гэта была яго апошняя ахвяра багам... Мільганулі мечы, і стары паваліўся на капішча мёртвы. Ні слова, ні гуку - як у сне...

Потым дазволілі выйсці з вады, Іона і Сымон вымалі з торбаў і дарылі кожнаму вымакламу медны крыжык. «Знак хрысціяніна, - тлумачылі папы. - Трэба насіць яго на грудзях, не здымаючы». Напалоханае жыхарства з палёгкай, што скончыўся гвалт, разыходзілася па хатах абсыхаць і прасіць даравання ў старых багоў за сваё абарачэнне ў невядомую веру.

Рагнеда выходзіла з Свіслачы апошняй. Яе сустрэў Кірыла і надзеў на яе і Ізяслава залатыя нагрудныя крыжыкі.

- Ці добра гэта, што вешчуна забілі? - спытала Рагнеда.

- Што вяшчун! Ён сам захацеў, - сурова адказаў уладыка. - Сцёк яго час, ён і памёр.

Увечары зазірнуў да яе Дабрыня. Стаў ля парога і коратка аб'явіў:

- Заўтра выходзім. Збірай Ізяслава. А сама што рашыла? Не перадумала?

- Смяешся, Дабрыня?

- Ну, не дык не.

І пайшоў.

Вось і настала ноч развітання з сынам. Рагнеда паклала яго побач з сабой, адбымала, слухала яго дыханне, галубіла - і пражыла апошнія гадзіны свайго мацярынскага шчасця без думак і гадання пра наступны дзень і свой лёс.

Ледзь заняўся ранак, прыйшлі Дабрыня і Бедавей - час.

- Пачакайце, - папрасіла Рагнеда. - Дайце хоць абняцца без вас. Зараз выведу.

- Толькі хутка, - сказаў Дабрыня.

- Не забудзь гэты дзень, Ізяслаў, мы расстаемся на гады, - шаптала яна. - Ведай, я буду чакаць цябе. Запомні мяне, такі мой твар. Расці, стань князем і вярніся па мяне. Любі Полацак, гэта твой горад, наша радзіма...

А сын, адчуваючы нейкую асаблівую важнасць яе словаў, плакаў і ківаў: «Так, матуля. Так...»