Грэчка: посная, з маслам, алеем, з сольлю i бяз солі, нармальны чай з цукрам. У запасе ў мяне толькі мёд. Г. Матусэвіч успамінае пра нас у „НН”. Юрась Мароз атрымаў сто тысяч рублёў штрафу за тое, што выставіў пікет у маю падтрымку.
26 чэрвеня
Пачынаецца дзень. На сьняданак макароны, кавалак варанай кілбасы, батон i салодкі чай.
Прыязджала маці. Адвакат Г. Паганяйла i С. Навумчык згадвалі па радыё „Свабода” маю праблему. Відаць, сёньня вернуць назад у ізалятар.
Вярнулі. У кабінеце начальніка была сустрэча з... Вальгай Тарасэвіч, журналісткай з газэты „Свободные новости”. Як? Чаму i зь якой мэтай дазволілі такое спатканьне, якое я, дарэчы, не заказваў? Размова з журналісткай была даволі доўгай, запісвала на дыктафон. Ці ж выпусьцяць яе, не праверыўшы зaпic?
Цяпер у камеры. Сядзім з сукамернікам Баевым, дымім. На вуліцы дождж.
30 чэрвеня 1996 году, нядзеля
Апошнія тры дні апухаюць ногі, асабліва правая, i баляць. Відаць, з-за таго, што не правялі поўны курс рэабілітацыі пасьля галадоўкі. Пішу заявы на імя генпракурора i начальніка ізалятара з патрабаваньнем вярнуць на далечваньне.
1 ліпеня
Ноччу ішоў дождж, былі грымоты. Галіна ўжо дзесьці на падыходзе да Будслава (яна зьбіралася ў пілігрымку на Будслаўскі фэст 2 ліпеня). Дык вось, сёньня зьезд, а заўтра фэст, людзі будуць маліцца, сустракацца з раднёю, а потым ізноў пойдуць грашыць.
А 10-й торгнулі да сьледчага. Патрабуе, каб я пачаў чытаць матэрыялы справы. Адмовіўся. Чакаю адваката, які павінен зьявіцца ў абед.
Ноч. Пасьля вялікага ліўня. У камеры душна. Глядзім канцэрт „DDT”. Сьпяваюць пра рэвалюцыю. Што зараз робіць Галіна? Дзе-з-кім начуе? Hoгi не адпускае.
2 ліпеня
Раніца. Чую зьмены ў нагах. Баляць. Аналізую паводзіны адваката i - ня веру. Нікому ня веру! Кругом сволач. Трэба неяк вяртацца ў шпіталь. Фёдар Ільіч хоча адправіць на бальнічку для зэкаў.
Вечар. Зайшоў намесьнік „хазяіна”, перадаў „Свабоду” i „Нашу Ніву”, у якой – мае вершы i занатоўкі са шпіталю.
3 ліпеня, серада
Ізноў у рэанімацыйным боксе шпіталю КДБ РБ, здаю аналізы.
4 ліпеня
Сьняданак: рысавая кашка, яйка варанае, чай. Кожныя тры гадзіны мушу мачыцца. Толькі што прывезьлі хворага ў суседні бокс.
Лета дажджыстае i халоднае. Як там мае дрэвы, дубкі, ці ўбіраюцца ў сілу? Чацьвёрты месяц адсідкі. Гэтым разам кайданы не здымаюць, вакно не расчыняюць, за медсестрамі сочаць. Ох, якая раскошная ходзіць! Ці то сястрычка, ці то з кухні, ды хоць сабе i зь месяца, галоўнае - якія формы!
Дзьве гадзіны дня. Званок доктару наконт мяне. Вячэра: шклянка чаю, шклянка кефіру, пюрэ з адваранай рыбай, батон, масла.
5 ліпеня
Падрыхтаваў маляву для перапраўкі на волю. Пачынаюць ныць зубы ў правым верхнім куце. Казлы, нават фрамугу не адчыняюць, каб праветрыць палату. I кайданы на левай. Зьявілася новая санітарка, смуглая, срачка i плечы - як у камбайна „Гомсельмашу”. Ізноў у зьмену выйшла Сьвета, мая надзейная „паштовая экспедыцыя”. Сьвятлана - студэнтка-першакурсьніца медінстытуту, родам з Гарадзеншчыны. Прыйшоў сьлядак, прынёс два тамы „Справы”. Чытаю, перапісваю. Чаго толькі няма ў гэтай пісаніне! Вось, напрыклад, з паказаньняў Кірсанавай, супрацоўніцы „Настаўніцкай газэты”: „З часу знаёмства адносінаў з Адамовічам я фактычна не падтрымлівала. Сустракалася зь ім два-тры разы. Па характары Адамовіч замкнуты, эгаістычны чалавек, вельмі высока сябе ацэньвае. Неўраўнаважаны, успыльчывы”.