Выбрать главу

Мая неасьцярожнасьць служыць мне аховаю - дэвіз „Справы № 182”, якую скончыў чытаць 12 ліпеня.

25 ліпеня

Днямі думаў пра былую жонку Вольгу. Сёньня прысьнілася. Ніякіх знакаў з волі. Пішу, чытаю, нагой хістаю.

Няма голасу, які можа згубіцца бяз сьледу, няхай гэта нават адзінокі голас чалавека ў пустэльні.

26.07.96 году

Здаецца, за сьценамі „амерыканкі” пачынаецца мільтонаўскі кіпеж. Рыхтуюцца да заўтрашняга дня, калі была прынятая Дэклярацыя пра незалежнасьць Беларускай Рэспублікі.

Піма кажа, што ў турме ён хоць уласныя шмоткі мыць ды цыраваць навучыцца. Нябось, на свабодзе пра такія „дробязі” ня думаў - займаўся бізнэсам.

27 ліпеня 1996 году, субота

Пад’ём а шостай. Сарцір (туалет, клазэт, прыбіральня, дабл, нарэшце), а нас трох, а ўнітазы два. Выносім парашу i сьметніцу, у пластыкавыя бутэлькі набіраем вады. На апраўку даюць хвілін сем. Асабіста мне трэба дзесяць-пятнаццаць. Амаль заўсёды не пасьпяваю - вертухаі гоняць назад у камеру.

Перад прагулкай - „лазьня”. Гарачай вады няма - грэюць на кухні. На кожнага – па вядры гарачай. Плёхаемся ў тазіках, палошчам свае ўкарэлыя майткі. 15 хвілін – i „лазьня” адбылася.

Прагулка: квадратны бокс тры на тры мэтры на трох, сьцены пад „шубай”, зьверху - металічная сетка. Цвыркае птушка, яснае неба i бярозавы ліст ад веніка, якім падмяталі цумантовую падлогу-ток. На сьняданак далі аж тры батоны!

Зараз вечар, чуваць, як салютуюць гарматы. Дзень незалежнасьці. Лягавы, паскуда, называе нацыянальны сьцяг беларускім салам.

Мітынг апазыцыі адбыўся каля Палаца спорту. Тэлекампанія ГРТ паказала больш, чым тутэйшая тэлеперадача „Панарама”. У кадры мільгануў твар маёй маці. За сьценамі турмы сёньня ціха.

28 ліпеня (нядзеля)

Сон. Шматлюднае палатно-карціна. Нейкае мерапрыем-ства, на якім я ў цэнтры ўвагі. Тут жа дзяўчаты гарбаносенькія. I Глафіра, i я яе цалую-абдымаю...

Мясцовая доктарка прапісала „вікаір”, таблеткі для нармалізацыі работы страўніка, альбо, як сказаў бы нармальны чалавек, „ад жывата”. Але яны не дапамагаюць. Вечарам ізноў пякотка - пасьля кіслай капусты на абед i хлеба-цаглінкі.

29 ліпеня (панядзелак)

Вечар. Інфармацыя ГРТ зь Беларусі. Наш ублюдак сарваў усе коркі. Гразіўся прыкрыць партыі, абяцаў пашырыць паўнамоцтвы КДБ i МУС.

30.07.96

Дзень 27 Ліпеня наша 4-я камера адзначае сёньня. Дакладней, адзначыла. Яшчэ да ранішняй прагулкі мы выппілі па кубачку i па другім самастаялага вінца з чорных парэчак. Мы прамовілі тост за неўнікнёнасьць нашае перамогі.

А 27-га хадзілі ў лазьню - звычайны душ без гарачай вады. Потым абед, кіслая капуста, пякотка - першая прыкмета гастрыту, таблетка „вікаіру”, паабедзенны сон, туалет з двума ўнітазамі на нас трох, вячэрні чаёк, адбой.

27-га ліпеня два гады таму ў сваім інтэрнацкім катушку абдымаў я чужую жоначку: мы елі недасьпелыя пepciкі i нешта алкагольнае пiлi. Потым нам перашкодзіла другая чужая жоначка. Яна была старэйшая i атрымала мяне. I гэта справядліва. Вечарам па Галоўным Прасьпекце прайшла калона з паходнямі. Цудоўнае завяршэньне сьвятога акту нашае любасьці перад абліччам іхняе здрады.

ЧЫСТЫЯ РУКІ

Я скажу табе, мая любачка, чаму некаторыя на свабодзе так раўніва падыходзяць да праблемы чысьціні рук.

Па-першае, чыстыя рукі — здаровы арганізм.

Па-другое, не магу ж я хадзіць з бруднымі ру-камі, пазбаўляючы цябе тым самым радасьці цалаваць іх. Мае рукі заўсёды павінны быць гатовыя для тваіх пацалункаў. Ведаеш, калі мужчына цалуе рукі жанчыне — гэта часьцей за ўсё тра-дыцыя, этыкет, звычка. Калі наадварот — мужчына гэтай зьяве не знаходзіць найменьня.

Па-трэцяе, педантычнае ачышчэньне ад бру-ду — гэта найбольш эфектыўнае выкарыстаньне магчымасьці, якой заўгра можа й ня быць. Вось табе прыклад: 4 камера, параша, нары, пацёкі на сьценах, турэмны смурод. Я больш не магу займацца воднымі працэдурамі, як гэта ўласьціва толькі мне. Усяго і засталося, што памяць пра халадок тваіх вуснаў, захаваная эпітэліем маіх далоняу...

Па-чацьвёртае, мая салодкая, нехта ўсё ж павінен мыць рукі, своечасова і на ўсіх пальцах падстрыгаць пазногці, здымаць завусенкі. Навокал столькі людзей з бруднымі рукамі, што проста... Гэты пункцік пачынаеш асабліва разумець тут, за кратамі, дзе ты мусіш кожны дзень назіраць, як нячыстая, азызлая рука кантралёра пры раздачы хлябалава ашчапервае жалезную шлёмку, сьлізгаючы вялікім пальцам у твой гастрыт-ны супік. Адно суцяшае: брутальны палец кантралёра завісае пакуль толькі над пайкай зэка, а не над спускавым курком.