Выбрать главу

Ноччу i днём дождж, але цёпла. Малалеткі падрэзалі чырвоны стрыжань. Пішу чорным.

Канчаецца лета. Яблычны спас. Пра Афрыку мараць птyшкі. Ах, як жа на волі прыгожа ў вас! Як, як жа за кратамі скрушна.
У вас там кажуць пра новы стыль („Прадай Радзіму” назвалі). А мы тут гніём, як падвальная цьвіль, як брудная пена хвалі.
У вас там нардэпы ідуць у бой з „усенароднаабраным”, а мы тут штодня становімся ў строй, штодня залізваем раны.
Мы тут прырастаем грудзьмі да нар, мы тут заціхаем дачасу, а ноччу смакуем чыфірны ўзвар усёй арыштанцкай расай.
На волі ў гародчыках астры i кмен, нясьпелы агонь каліны, а ў нас на прадоле нахабны мент пагардліва цыркае сьлінай.
Яму дазволена, ён „круты”, цяпер ён сил i права, а нам застаецца - грудзьмі на драты, худым абліччам у гравій.
А нам застаецца нічога i ўcё - турэмная вош i Радзіма, і наша нянавісьць, зь якой мы расьцём насустрач рэжыму.

8-га, нядзеля

Сон сьніўся, быццам сяку я сякерай нейкага адстаўнога маёра. Сон каляровы. Потым замятаю сьляды, многа крыві на адзеньні, якое я кідаю ў сьметніцу. Урэшце мая ахвяра даруе мне.

Па абедзе на дальняку сыходзіў крывёю: ці то страўнік, ці то гемарой, хай бы яго халера!

„МАЛАЛЕТКА”

Пасьля этапу нейкі час сяджу ў камеры-адстойніку. Зьяўляецца оперупаўнаважаны Лазуркін, частуе цыгарэтамі, цікавіцца маёй справай. Прызнаецца, што ён незадаволены ППРБ, які ўжо ўcix дастаў. Што ж да рэферэндуму, то яго ня будзе, думае оперупаўнаважаны. Дзеля прыліку мяне абшукваюць. На склад здаю скураную дзягу i белае шаўковае кашнэ. I марш-марш па калідорах турмы. Разам з групаю этапіраваных спыняюць каля капцёркі. Выдаюць спальнае: зямлістага колеру коўдру, прасьцірадла, навалачку i прылады для хлябалава: лыжку з абламанай ручкай ды кубак-баландзёрку. Праз хвіліну кантралёр адчыняе перада мной дзьверы камеры шэсьць нуль.

Прывітаньне, братва малалетняя!

Неспакойны кантынгент у турме - малалеткі. Вось Сярожа-гарадзкі ловіць утрапёнымі вочкамі маладога шакала мае позіркі. Хутка стукне яму 18, i тады ён падымецца на ўзрасьляк - пяройдзе ў дарослую камеру. Маладому i нябрыдкаму з твару, яму ўжо цяжка жыць у нармальным грамадстве. Першыя дні два па маім заезьдзе ўся „хата” гартала „Свабоду” й „НН”. Даў прачытаць свой матэрыял пра расейскіх фашыкаў. Выйшла, што Сярожа ведае пра РНА. Філія гэтай расейскай арганізацыі дзейнічае i ў Віцебску: займаецца прапагандай антыбеларускіх поглядаў у школах, ПТВ, ВНУ... Сярожа малюе па памяці эмблему РНА - мадэрнізаваную свастыку.

Малалеткі сядзяць за згвалтаваньні, крадзяжы, разбоі, хуліганку. Сядзяць па другім, а то й па трэцім разе. На першы раз ім звычайна даюць умоўны тэрмін, альбо з адтэрміноўкай выкананьня прысуду. Вядома, гэта ў выпадку, калі злачынства не зьяўляецца цяжкім, напрыклад, за хуліганку.

Калі я заехаў у шэсьць нуль, тут ужо сядзелі чацьвёра, сярод ix літовец Вадзімас Лашчэўскіс i нехта Віктар Віктаравіч, маёр міліцыі з валасата слановымі, як у ППРБ, рукамі. Маёра адпусьцілі, i мы дагэтуль чакаем прадуктовай перадачкі, якую ён нам абяцаў.

Ноч. Малюпасенькія чырвоныя мурашы хаатычна перамяшчаюцца па абшчаку. Турма варушыцца, стогне, крычыць, харкае, крэкча на дальняку, прымае з волі ў свае абдымкі і ня хоча адпускаць назад. Яна жыве днём і ноччу, зьвіваецца й выпростваецца камернымі кіпежамі, вужачыцца й сыкае языкамі-заточкамі. Можна жыць па законах турмы, можна паводле сваіх (і тады ты бязьмежнік-беспрэдзельшчык), але нельга здавацца на міласьць турмы. Тут ня дзейнічае мараль свабоднага супольніцтва. Тут кажуць: памры ты сёньня, а я заўтра. I калі з суседняй камеры табе да дня нараджэньня зайшоў падарунак – зьвязаныя жанчынай ваўняныя шкарпэткі - гэта зусім не азначае, што пры выпадку аўтар падарунка ня здолее перарэзаць табе глотку.

Ноч. Поўня. Малалетка Рыбкін ківаецца ў сьне. Вертухай правщь службу, сука. У суседняй шэсьць адзін, дзе сухотнікі, кагосьці б’е кашаль. Сухотнікам даюць дыетпаёк: малако, тварог, яйкі, масла, мяса. Гэтыя прадукты мы выменьваем у баландзёраў на чай i цыгарэты з фільтрам. Нам трэба выйсьці на волю здаровымі.