Выбрать главу

Зрабілі прышчэпку ад дыфтэрыі (альбо проста прафілактычны ўкол, чорт яго ведае?)

Заехаў дванаццаты па ліку малалетка з Талачына, Андрэй Казлоў. У галаве знайшлі ў яго вошы, ужо пастрыгаюць над парашай. Мойкі (лёзы) не выдаюць, шмон-брыгада пазабірала запальнічкі, патапталася па маіх паперах.

22 верасьня, нядзеля

З камеры 58 загналі тэлевізар, глядзелі фільм „Невінаваты” - пра міліцыю. Д. Кар-ч зьдзекуецца з Рыбкіна. Учора кантралёры хацелі вярнуць нам нашага маленькага Чосіка, зусім дзіцянё саплівае. Упіраўся адчайна, бо назад яму нельга: біць будуць за тое, што сядзеў у так званай камеры-абіжанцы, у якую ідуць самыя бяспраўныя ў турме (підары рабочыя і нерабочыя, крысы, казлы, чарты).

Восень халодная (-4 °С). Паліцайка ня піша за любоў. Калі суд? Няўжо не асуджуся да рэферэндуму? Прырэзаць бы якую суку!..

24 верасьня 1996 году

Рэдкая гарохавая каша. Сутычка з вывадным у санчасьці, хоць я не даваў ніякіх падставаў. Аператыўнік Лазуркін закінуў да нас сматрашчага па корпусе Астапа, які нам разганяў рамсы на прадмет узаемадачыненьняў з малалеткамі.

Медагляд паказаў, што ў нас „востры гастрыт”. Абяцаюць паставщь на дыетпаёк. Буду піць дэ-нол, лекі ад гастрыту.

26 верасьня, чацьвер

Ноччу малыя інтэнсіўна працавалі на дарогах. Потым злавілі ў цэлафанавы пакет мыш, пагуляліся зь ей ды адпусьцілі. Любяць малалеткі жывое - акрамя сабе падобных.

На наступны дзень

Стаматолаг запламбаваў мне зубік. Кажа, што нехта зь яму знаёмых цікавіцца маім лесам. Круглая ў дантыста мордачка, маладзенькая i, здаецца, нахабная. Усё выклікаў на размову, а калі я загаварыў па-беларуску, то запатрабаваў гаварыць да яго па-расейску. Ox, i карцела ж мне засадзіць у доктарскія бельмы сталёвы маніпулятар бормашыны!

Вечарам заехаў новенькі, 201-ы артыкул. Здаровы, загарэлы, забралі проста з поля, на якім бульбу капаў разам з бацькамі. А Дзіму-баксёра нагналі – адпусьцілі дамоў.

П’ю дэ-нол, але ня лепшае. Цывільныя прадукты скончыліся. Няўжо, блін, засудзяць? Няўжо выгарыць падонку чарговы рэферэндум?

28 верасьня, субота

Позна вечарам заехаў малалетка Алег Туронак. Рухавы. Бываў у Друі, што нагадала мне Галіну, ейную сакавітую чорт ведае як назваць штучку. Ноччу быў кіпеж: з камеры 58 пацан ламаўся з крыкам „Адпусьціце мяне дамоў!” Урэшце закінулі яго ў рэзінку, дзе ён спачатку крычаў немым крыкам, а потым заціх, зьбіты. I стала так сумна-сумна...

Холадна. Баландзёрскім чаем вымываем з кашы тэхнічны тлушч, зь якога ніякага толку, бо не засвойваецца. Ад гэтага клятага тлушчу пякотка страўнік рэжа без нажа.

30 верасьня 1996 году

Як абрыд гэты зьвярынец! Маскалёва прыдушыў бы, макрыцу!..

Да абеду заходзіў сяржант сьпецчасткі i ўручыў для азнаямленьня паперу, у якой паведамлялася, што калегія Вярхоўнага Суду будзе разглядаць прыватны пратэст аблпракурора. На прагулцы сёньня дождж са сьнегам, вецер. Тэрмінова трэба дастаць ватоўку й шапку. Ізноў Сьветка дзяжурыла - грудзі на кармушку-кармілку.

4 кастрычніка (пятніца)

Позны вечар. Прыгнобленасьць, злосьць, нянавісьць. Сёньня роўна 6 месяцаў з дня майго ўвязьненьня. Паўгоду за кратамі! За сваё, дзякуй богу, за Бацькаўшчыну, не за ліхое.

Пракурор запрасіў Стусу 12 гадоў. Страшна. Аддасьць лепшыя свае гады. Застаецца ў яго сын, жонка, хворая маці, якой усяго 45 гадоў, якую паккіуў бацька пяцідзесяці гадоў, пайшоўшы за маладой. Сёньня да прагулкі з Валянцінам Г. курдыкалі пра палітыку, мараль... Сэрца ў яго баліць. Жэню С. прывялі з суду са сьлязьмі на вачох. А такі быў вясёлы, пакуль была надзея. Судзяць жа яго па чатырох артыкулах за бандытызм.

6 кастрычніка (нядзеля)

Ізноў дрэнна, лёгкія болі ў жываце. Змрочна, Імжыць дождж. Сёньня ноччу камар не даваў спакою. Днямі клоп пагрыз шыю.

А дзевятай вечара заходзіў выхавальнік Шульцаў, патрабаваў у пятнаццацігадовага Андрэя Казлова з Талачына гаварыць „правільно” (Андрэй гаварыў па-беларуску).

Ем часнык (альбо чосьнік), горкі перац, яблыкі. У камернай сям’і нас цяпер чатырох плюс новы - Бароха. Падумаць толькі, ягонае маці Ўсяго 36! Успамінаю лета, сястрычку Сьвету, якая дапамагала мне перапраўляць на волю малявы. Тады напісаліся гэтыя радкі:

Такая ціхая i сьціплая, на шыі крыжык залаты, вяртаеш ты мяне, асіплага, зноў да жыцьця i пекнаты. Уколам, клізмаю i грэлкамі, i чысьцінёю прасьціны, i броваў чорненькімі стрэлкамі, i непрысутнасьцю маны, вхртаеш ты мяне ў дні радасьці, мяне, прыкутага за верш, вяртаеш з зоны бруднай стаднасьці...