18 кастрычніка, пятніца
Медсястра перадала дзьве ўпакоўкі „Гексавіту”, але ня ведаю ад каго. Дзякуй табе, добры чалавек!
Сьніўся наш мастак Алесь Пушкін. Другі сон: пясочніца, у якой поўзаем мы, дарослыя. Чорт яго ведае, што такое! „Спэцназаўцы” Жэнька ды Валік вывесілі камсу на прасушку. Будзе правясная. Сохне, а разам зь ёю i мы.
Запомніць: аператыўнік (опер) капітан Miкалай Miкалae-вiч Бабарыкін. Позны вечар. Заўтра „усебеларускі народны сход”, ініщыяваны ППРБ. Малалеткі голяць Колю-пятнаццацігадовага. Ці не клапы пачалі мяне гразьці, бо ўскокваюць i не зажываюць струпы.
20 кастрычніка (нядзеля)
Позны вечар. Заўтра чарговы рабочы тыдзень. Як жа там прайшлі гэтыя два дні?
Лезу ў дачыненьні паміж малалеткамі. На хрэна мне гэта трэба?! Распыжыўся?
Днямі сьніўся сон. Язда на цягніку (электрычцы). За вакном сьветлы бярозавы гай. Я ў кампaнii маладых дзяўчат i хлапцаў. Сыходзім на разьбітых, антычна-рымскіх, як здаецца, могілках. На адным з помнікаў - выява ППРБ... Потым сьніўся гнілы зуб. Сківіцы-ткі сапраўды ныюць. Сёньня знайшоў вош на левай руцэ. Сяк-так прапаласкаў швэдар.
21 кастрычніка (панядзелак)
Змрочны дзень, сыры. Ноччу нылі зубы (верхнія справа). Прысьнілася якаясь пампушачка, песьціў яе на руках, у ейных бацькоў на кватэры. У абед прынесьді „Определение” Вярхоўнага Суда РБ.
16.10.1996 г. №02-382К
Начальник общего отдела С. Н. Ласкевич
Председатель, судья облсуда
Давлюд Е. В. Дело № 02-382К 1996 г.
Определение
11.10.1996 г. Судебная коллегия по уголовным делам ВС РБ в составе Председателя Крыгина В. Ф. и судей Чертовича В. П. и Моргульца И. Г. (...)
Определила
определение распорядительного заседания судебной коллегии по уголовным делам Витебского облсуда от 3 сентября 1996 г. о направлении для производства дополнительного расследования отменить, дело направить на новое судебное рассмотрение (...).
Вечар. Раптам закранулі беларускую мову. Myciў выслухоўваць „думку” камернага плебсу, як малалетак, так i дарослых. Аж да адбою „думаньнікі” малалетнія зьдзекваліся з Колі-Юры: аблівалі мыльнаю пенай, душылі, 6iлi кулакамі.
22 кастрычніка (аўторак)
Быў у Бабарыкіна, які абяцаў адправіць ліст на матчын адрас. Перад гэтым не пасаромеўся прачытаць. Газэтаў пра падзеі выхадных дзён няма. У прагулачным дворыку мушу слухаць дзяржбрахалаўку. Верашчаць пра рэферэндум i ППРБ. Сярэднявечча! Горай, чым пры камуністах 70-х гадоў.
Змрочна. Дождж. Небясьпека сухотаў. Бабарыкін спрабаваў загаварыць пра Верш, але я не павёўся. Вечарам зайшлі кнігі, сярод якіх адна пад назваю „Хризантемы у тюремной стены” са штампам Віцебскай дзіцячай бібліятэкі імя Н.К. Крупскай.
25 кастрычніка (пятніца)
Сонца сёньня, промні працінаюць камеру. Цывільныя прадукты скончыліся, застаўся чаёк. Але з цукрам. Учора быў пазапланавы шмон. Віно бродзіць поўным ходам!
Калі ж суд, качаць ix у рот!
27 кастрычніка
Сьніўся бацька малады. Мы зь ім сярод знаёмых i блізкіх, добра гаворым. У цокальных памяшканьнях дзесьці пад Будславам. Потым бацька зьнікае, дзеяньне пераносіцца ў раён Крывічоў, што пад Вялейкай. Сонечны дзень, іду са знаёмымі па вуліцы, густа забудаванай культавымі гмахамі. Валяецца будаўнічы друз, шчэбень. Раздаём нейкі вадзяністы тварог, які цячэ па сьценках посуду. Што ж гэта? Што там дома?
28 кастрычніка
Панядзелак. Учора ноччу прадольны ўзбурыў мяне з нараў. Загадаў зьняць атымаху, якою я завешваў сваё логава ад сьвятла камернай лямпачкі. Я адмовіўся. I вось сёньня адбыліся разборкі ў прысутнасьці выхавальніка Шульцава, опера Бабарыкіна i якогась „доктара”. Патрабавалі тлумачэньняў. Бабарыкін пагражаў перавесьці ў дарослую камеру, i ня проста ў дарослую, а ў „абіжанку” - камеру для так званых апушчаных, зь якой назад у нармальную ходу няма.
31 кастрычніка (чацьвер)
Першая вячэра ў камеры № 117. Новая „хата” i новыя адносіны. Паўночны бок цэнтралу. Адпісалі наконт мяне сматрашчаму турмы. Рэакцыі яшчэ няма. Адміністрацыя пазбавіла перадачаў на месяц. Адключылі ваду. Брудна, дызэнтэрыя побач. Думаю пра чыстае на волі. Суда чакаю, як манкі нябеснай.