Усе тры дні, што я ня еў, салдат выкідваў маю пайку у парашу, якая была праз калідор насупраць.
12.04.96 году
10 г. раніцы. З прагулкі, сёньня новая клетка, амаль квадратная, № 15. У камеры можна мець гатавальнік, але на ноч забіраюць. Па малой патрэбе - толькі ў вядро, бо ўнітазу (парашы) няма. У агульную прыбіральню выводзяць два разы: раніцай i вечарам. Сёньня армяніна Юру забіраюць з „хаты”, пасадзілі яго за кантрабанду: хацеў правезьці даляры зь Літвы ў Арменію.
13 красавіка
Aпошнi дзень „страснога” тыдня ў праваслаўных. Па радыё сумная музыка, п’есы Чайкоўскага. Плача скрыпка пад акампанемент раялю. Надвор’е пагоршала: ападкі, змрочна. За грошы, якія захоўваюцца ў турэмнай касе, змагу набыць нешта толькі з 20 красавіка.
19.04.96 году
Сёньня Галіна здае дзяржаўныя экзамены. Як яна там, мая салодкая?
Перавялі ў 9-ю, сусед - Аляксандар Маціеўскі, 100-я, удзел у групавым забойстве старшыні праўленьня „Медбанку” Валодзькі (Валадзько, як пiшуць, зыходзячы з правілаў расейскай мовы). Прынесьлі партатыўны тэлевізар „Гарызонт”. Глядзім хакей, матч „Беларусь - Японія”.
20 красавіка
Тэлевізар згарэў. Сусед мой A.M. служыў у сьпецназе, распавядае, што ўдзельнічаў у акцыях у Фергане, Баку, Намангане, Сухумі, ахоўваў у 1989 годзе М.Рыжкова. А пачынаў сваю кар’еру ў вучылішчы г.Новассбсрска, у якім рыхтуюць байцоў сьпецназу.
21 красавіка 1996 году, 9-я камера
Спрабую пісаць вершы, але вобразы, метафары, словы, рыфмы атрымліваюцца якіясь вялыя, ня тое, што магло б мяне задаволіць.
22.04.96 году
Вечар, па першай праграме беларускага радыё ідзе перадача „Сябрына”, у якой - пра расейскага паэта М.Рубцова. Загінуў, бедалага, ад рук уласнай жонкі, прыдушыла п’янага коўдрай. А можа якраз так i трэба паміраць паэту?
24 красавіка
Адбылася сустрэча з адвакатам, атрымаў асадку. Сфатаграфавалі. Зарос, барада, чорны, як чачэнец. На волі +26 °С.
25.04.96
Вечар. Опера Сен-Санса „Самсон i Даліла”. Афіцыйнае радыё перадае, што на заўтрашні „Чарнобыльскі шлях” прыязджаюць сябры з украінскай арганізацыі „УНА-УНСО”. Атрымаў перадачу ад былой фіктыўнай жонкі.
26 красавіка
Пятніца, 10 гадоў з дня аварыі на ЧАЭС i з часу майго першага жанімтсва. Ясны цёплы дзень, якога я ня бачу, толькіа чую гукі з волі: ціўкае сініца, мяўкае кот, званы на Катэдральным саборы. Сёньня там БНФ арганізуе шэсьце. Як яно будзе?
Ад I. Ф. К атрымаў перадачачку: пару майткаў, асадку, паперу.
Быў на „медаглядзе”, аглядалі дзьве кабеты, пра кваліфіксацыю якіх гаварыць не прыходзіцца. Сказаў, што некалі хварэў саркаідозам Бека, што нешта нездаровіцца майму пенісу. Абяцала арганізаваць яшчэ адзін агляд (флюараграфія i уролаг).
Прайшоў дождж, проста лівень. Паветра пасьвяжэла. У фортку залятае чмель i, здаецца, авадзень. Атрымаў інфармацыю, што на „Валадарцы” (цэнтральная сталічная турма, якая прылягае да вуліцы імя Валадарскага) сядзіць за „хуліганку” Алесь Шадрын. Хворы, гніе (язвы на целе), на зону не паехаў.