СШЫТАК № 2
Працягваю запісваць. 16 сьнежня, панядзелак
Трэцяе пасяджэньне Віцебскага абласнога суда па крымінальнай справе № 182.
Прывезьлі, сяджу ў боксіку. Чытаю на сьцяне: „Гурко - казёл”. Гурко - гэта той, які мяне судзіць...
I вось зала суда. Казань кажа пракурор. Разглядаюць хадайніцтва майго падзельніка Плешчанкі, які адмаўляецца ад адваката. А яму, як i Xaмайду, адмаўляюць у хадайніцтве. У сувязі са скаргамі Плешчанкі, Хамайды i маёй судзьдзя абяцае праверыць работу Віцебскага цэнтралу. Прыклалі да справы газэты з публікацыямі i кнігу вершаў. Пракурор не падтрымаў хадайніцтва маіх таварышаў Віктара Корзуна i Сяргея Харэўскага пра азмену меры стрыманьня ў выглядзе арышту на падпіску. Выказаў недавер суду i адвакат Паганяйла. Суд выйшаў параіцца, што адказаць на адвод Паганяйлы. Мянты здыхаюць ад духаты. Пракурорчык i перакладчык (ці то асістэнт, ці то асьпірант) сядзяць у зале. Ня бачу ніводнага літаратара з СП. Дзе гэтыя „народныя мудрацы”? Дзе гэты „мозг нацыі”?
Трэцяя гадзіна дня. Па абедзе. У залу зайшлі ня ўсе, хто быў да паўдня. Дык перад кім, для каго рот зашываць?
А што ж я пра маці, пра маці маўчу, якая глядзіць i глядзіць на мяне? Чаму мне так цяжка нават пра сябе сказаць ей: „Мама, ма-ма!..” Ці будзе ў мяне хоць некалі такая жанчына, якая так глядзела б на маю дачку?
Судзьдзя чытае літаратурнае заключэньне прафесара Алега Лойкі на гэты самы „Верш”. Пракурор Чэчка падтрымлівае хадайніцтва Хамайды пра запрашэньне ў суд сьпецыялістаў-літаратуразнаўцаў.
17 сьнежня (аўторак)
Другі дзень працэсу на гэтым тыдні. У боксе. Назіраю дзедаўшчыну ў рэжыме максімальнай рэальнасьці. Радавы Сердзюкоў прымае „упор лёжа”, але хутка вяртаецца ў зыходнае - вертыкальнае - становішча: мяне выклікаюць у залу суда. Гэтым разам - у зусім невялічкую. Пачатак працэсу зацягваецца – перакладчык спазьняецца. Пакуль яго няма, зьвернем увагу на народных засядальнікаў. Вось Ляхава, жанчына гадоў трыццаці пяці - сарака, ёмкая, крамяная, такую i палюбіў бы. А што? Ахвяраваў бы для яе некалькі cвaix ночак бяссонных, а то й некалькі месяцаў. А як міла яна чаўпе, спрабуючы гаварыць па-беларуску: „даў дзяку” замест „даў дзягу”, „на беларускую мытню” замест „на беларускую мытню”...
Пасьля абеду судзьдзя Гурко пачаў дапытваць грамадзяніна Плешчанку.
18 сьнежня (серада)
Допыт. Узяліся за мяне. Я гаварыў пра палітычны характар маёй справы. Потым пайшлі пытаньні па 80-м артыкуле Крымінальнага кодэксу („Чаму вырашыў перайсьці мяжу?”), па лістоўцы „Лукашэнская праўда” („Хто сфатаграфаваны на здымку, у ёй зьмешчаным?”). Адвакат кажа, што да Новага году працэс ня скончыцца, хопіць яшчэ й на 97-ы. Разам са мною, толькі што ў іншае залі, судзяцца па сотым дарослы i два падлeткі.
„Я жив!” - надпіс на сьцяне ў боксе. „Кекс, на выход!” - гукае каравульны. „Кексамі” мусарня называе нас, падсьледных, якія ўжо заўтра стануць паўнавартаснымі зэкамі.
З матэрыялаў да стварэньня арганізацыі „Беларускі Нацыянальны Кангрэс”
Пра тактыку й стратэгію Нацыянальнай Рэвалюцыі на тэрыторыі гістарычнай Літвы (сёньня - Рэспубліка Беларусь).
1. Беларусь як Літва - гэта стратэгія. Выпрацоўваючы футуралагічную лінію нацыянальных паводзінаў, мы абавязкова памятаем пра сябе як пра беларусаў (крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў). Мы таксама памятаем пра сябе як пра ліцьвінаў - нашчадкаў гістарычнай Літвы.
2. Беларусь як тэрыторыя, якая існуе ў вядомых межах, зьяўляецца неад’емна-нечлянімым цэлым. Разам з тым Рэспубліка Беларусь як дзяржава, якая зьяўляецца гарантам існаваньня i разьвіцьця беларускай нацыі, мае права на вяртаньне ў этнічныя межы.
3. Заходні вектар нашых памкненьняў: Германія, Францыя, Чэхія, Славаччына, Харватыя. Гэта так званы другі эшалон нашага пранікненьня ў зьнешні сьвет.
4. Інтэграцыйны этна-эканамічны экспансіянізм - Літоўская Рэспубліка, Латвія.
5. Асаблівай ўвагі патрабуе выпрацоўка стратэгіі ў адносінах з Польшчай i Украінай (дыпламатыя на грунце геапалітычных інтарэсаў).
6. Усходні вектар. Выпрацоўка тактыкі i стратэгіі экранаваньня, г. зн. папярэджаньне этна-эканамічнай, культурна-моўнай ды інфармацыйнай экспансіі з боку Масквы. Палітыка экранаваньня забясьпечваецца дзяржаўнымі i грамадскімі інстытутамі ўлады i кіраваньня.
19 сьнежня (чацьвер)
На судзе. Выступаюць сьведкі: Вячаслаў, выкладчык крымінальнага права ў інстытуце КДБ; Барцэвіч, кантрактнік пагранвойскаў. Апошняму задаюць пытаньне, хто ж пратаптаў сьцежку, на якой мяне затрымалі.