Выбрать главу

20 сьнежня (пятніца)

Учора судовае паседжаньне пачалося а 12-й дня. Доўга чакалі перакладчыка.

Сёньня прывезьлі рана, не пасьпеў ні памыцца, ні паесьці. Ізноў чакаем перакладчыка. Знайшлі новага. Гэта Дзядова (ці Дзядкова?) Алена Сяргееўна, 1969 году нараджэньня, асьпірантка катэдры беларускай мовы Віцебскага дзяржунверсітэту. Перакладчыца-аўтаматчыца. Так хутка, бедненькая, перакладае, што аж загаворваецца. Замужняя, глядзіць у мой бок. А я гляджу на чырванагрудага гіля, які скача па дрэве за вакном суда.

Судзьдзя й засядальнікі зачытваюць „выбраныя месцы” з майго прыватнага дзёньніка, разглядаюць групавыя здымкі байцоў „Правага Рэваншу”. На адным зь ix - мужчына й жанчына. Ён - з гранатай i кулямётнай лентай на плячах, яна – з узьнятым угору абрэзам...

Суд так i ня высьветліў:

- ці існуе ў рэальных прасторы i часе таямнічая арганізацыя „Правы Рэванш”?

- ці можа гэта дзяўчына з прыгожымі вачыма пад банданам аднойчы выстраліць з абрэзу, які трымае ў руцэ?

- ці мае ў cвaix выбуховых вантробках запал граната, якую трымае мужчына, адлюстраваны на чорна-белым фотаздымку?

Чаму ўсё ж я напісаў такі крыважэрны верш - „Убей президента”? А чаму кінарэжысёр N назваў сваю кінастужку для дзяцей страшнай назвай „Скінь маму з цягніка”? Якраз на прагляд такога кіна вадзілі мяне, калі я сядзеў на „малалетцы”.

Алесь Пушкін робіць замалёўкі фізіяномій удзельнікаў працэсу. Усе ўжо стаміліся ад чытаньня пратаколу па другім разе. Бедная мама! Дрэміць, напакутавалася за гэтыя дні.

Сёньня мароз, сьвежы сьняжок, яшчэ белы, не зьляжалы.

Як паведаміў перад пачаткам судовага разьбіральніцтва Хамайда, на віцябляніна Юрася Мароза ізноў зроблены напад. Як жа насаліў антыбеларускай поскудзі гэты наскрозь хворы чалавечак!

I ўсё ж люба жыць, калі бачыш, як нырцуе ў роце язычок перакладчыцы, як працуе яе шматфункцыянальны артыкуля-цыйны апарат!

23 сьнежня (панядзелак)

Ясны дзень, мароз. Вывелі ў бокс першага паверху, пасьля вярнулі. За сьцяною тубік крычыць, што ў яго распад лёгкага. Выклікалі да пракурора па наглядзе, бо з аблсуда прыйшло распараджэньне разабрацца адносна рэжыму майго ўтрыманьня. Аператыўнік другога паста нехта Сяргей спрабаваў мне даводзіць тое самае, што й сьледчы Сакольчык: людзі, якія ідуць у БНФ, - ненармальныя; Пазьняк - паляк; нельга пісаць з мяккімі знакамі. Пушкін ім, „нармальным”, таксама не падабаецца, бо ходзіць з пяром у капелюшы і ў нячышчаных ботах.

24 сьнежня (аўторак)

Ясна, марозік, апошні дзень адвэнту - Посная Куцьця.

25 сьнежня (серада)

Вось i Каляды - турэмныя! I мне не чуваць, як „на марозе рыпяць санкі”. Надвор’е прыгожае, але мы таго ня бачым, адно слухаем па радыё зводку гідраметцэнтру. Па Віцебску - мінус 15. Пасьля прагулкі чытаю Ніка Хаакіна, філіпінскага пісьменьніка. Дзесьці ў заснежанай Альхоўцы Мядзельскага раёну, у матчынай хаце, стаіць калядны стол, пакрыты сенам. Паверх сена - чыста вымыты стары ільняны абрус, на якім ляжаць: сьвініна, вантрабянка, капуста, грыбы (салёныя i поліўка з сушаных), фасоля, бульба i - аплаткі. Адна - для мяне.

Кантралёр Сьвятлана адкрыла кармушку ў дзьвярох ды паўсчувала мяне за тое, што згадаў яе ў сваім лісьце на волю. Пісьмо тое пepaxaпiлі i, відаць, не без асалоды прасьлібізавалі аператыўнікі. Сьвятлана перажывае, што могуць звольніць з працы. А ці ж бабская гэта ўвогуле справа - арыштантаў пільнаваць?! Кажу, калі, 6apaнi бог, звольняць, мы цябе не пакінем, знойдзем работу i па-за турэмнымі сьценамі. Усьміхаецца, зубы ня ўсе. Але ё-маё - палюбіў бы й шчарбатую!

Вось i канчаецца калядны дзень. Хутка праверка i адбой. Заўтра суд. Мама, пэўна, зьбіраецца на працэс. Едуць зь Менску сьпецыялісты-літаратуразнаўцы – будуць аналізаваць i выносіць прысуд майму Вершу.

26 сьнежня (чацьвер)

Раніца. Сямён Сямёнавіч шліфуе штыркі для Гешы. Санек гайдаецца на сваей „валне”. Я фантазірую наконт жанчын i межаў сэксуальна-эратычнай гульні. Мікола Аршанскі сьпіць на доле. На самаробнай электрамашыне грэецца бульба-пюрэ.

Дзень. У боксе суда з двума малалетнімі забойцамі. Ужо палова на адзінаццатую. З такімі тэмпамі я буду судзіцца да вясны. Прагулку сёньня адмянілі на падставе нізкіх тэмператур (-25 °С). Цікава, ці адпавядае такая адмена нормам закону?

12-я гадзіна. Вось i скончыўся „суд” - адклалі працэс чысла да 10 студзеня. Сьведкі-сьпецыялісты не зьявіліся. Відаць, яшчэ Багатую Куцьцю не пераварылі.

Абед. Ізноў у боксе. Галодны. Мушу сядзець так да вечара. Затое хоць верш напісаў.