Выбрать главу
У СУДЗЕ
Ізноў адклалі суд (калядныя вакацыі). На волі маразы, у камеры смурод. Радзіму прадаюць методай трансплантацыі пад шыльдай індульгенцыі пад назваю „народ”. А я, сяджу я ў камеры, на мне фуфайка чорная, на мне шузы ад фраера i стрыжачка пад „нуль”. Нібы матор за бамперам, я сьцяўся, супакойваю свой рухавік з прадсэрдзямі, у страўніку шумы; ня лаюся з суседзямі, i толькі дух настройваю паводле верша ўласнага на хвалю барацьбы.

Каравульным абед прывезьлі, а нам - не. Гэта даўняя практыка - не карміць падсудных у час працэсу. Вядома, ні ў якім законе такое не прапісана.

27 сьнежня (пятніца)

Зайшла перадача на імя Гешы, так што на Новы год будзем з заваркай i цукрам.

Кантралёр Сьвятлана раніцай дапамагла атрымаць нажніцы. Сяк-так пастыргся, згаліў сваю чачэнскую бараду, хаджу цяпер па камеры маладзяком.

28 сьнежня

Мароз, вільготнае паветра. П’ём чай; я чытаю, пiшy, мару пра вясну, у пачатку якой сустрэну свае трыццаць пяць. Пасьля прагулкі - прыліў энэргіі, заружавелі шчокі.

29 сьнежня (нядзеля)

Наш Сямён Сямёнавіч, былы таленавіты будаўнік, потым алкаш, а цяпер зэк, схадзіў на „сьветку” (парашу), а рукі пасьля працэдуры памыць „забыўся”. У турме гэта грубы „касяк” (памылка). Вось такія i выбіраюць на выбарах cвaix рыгоравічаў. Сямёнавічу 50, мае двох сыноў: старэйшы таксама ў турме, меншаму 16 гадкоў, жыве ў інтэрнаце вучылішча. Чатырохпакаёвая кватэра бацькі стаіць апячатаная. Праз тры гады i адзін дзень, калі бацька ня вернецца, кватэра адыйдзе ў даход дзяржавы.

Вечар. Чытаю навэлу К. Тарасава „Милость для атеиста, или Странствие в тесном кругу”. Пра брэсцкага падсудка Казіміра Лышчынскага, якога за так званую ерась абезгаловілі, спалілі, а прах выстралілі з гарматы.

Хочацца вясны, калі „вол бушуе”, калі чыстае паветра ў прырэчных хмызах, цьвітуць пралескі i курасьлеп, i першыя мурашкі па белых ствалах бяроз.

31 сьнежня (аўторак)

Ноч. Учора таксама адмянілі прагулку, але ў выніку мaix i Гешы Дронікава актыўных пратэстаў нашу камеру вывелі. I мы-ткі надыхаліся паветрам старога году, году, які прайшоў амаль увесь за кратамі.

Абед. Атрымаў ад Анюты з жаночай „хаты” малюначак з віншаваньнямі. Прыемна. Запахла сярод камернага смуроду дзяцінствам i елкай. Пахне ў маіх фантазіях, а так - парашай i склепам.

„Тваё Сэрца - як кніга” - напісала Анюта. Слаўны гэта знак, добры. Будзем на свабодзе. Веру!

СШЫТАК № 3

ЧАСТКА III. ВЫЗВАЛЕНЬНЕ

1997 год. 1 студзеня (серада)

Раніца. Ноччу глядзелі тэлевізар, злаваліся, адным словам, кожны думаў пра сваё. Зьлез быў з другога паверху нараў памачыцца, ды ледзь пасьпеў - стала дрэнна, абсунуўся паміж дзьвярыма й парашай. Нэрвы, навагодняе напружаньне ў мазгах падвяло. Дзіва што - сустрэць Новы год у турме!

Прагулку ізноў скарацілі, вывадны злуецца...

12 студзеня (нядзеля)

Пасьля таго, як мяне кінулі на 10 сутак у карцэр, камеру 64 раскідалі. Мяне вярнулі ў 117-ю. Але перад гэтым некалькі гадзін правёў у "хаце" 65, куды перавялі i Гешу. "Старажылы" гэтай камеры сустрэлі мяне па-людску: накармілі, далі пачак чаю i некалькі пачкаў цыгарэт "Радопі". 65 - камера, у якой затрымаліся салідныя злачынцы. Прынамсі, да такой высновы схіляе каляровы тэлевізар "Шарп", які тут глядзяць 6 чалавек. Але сёмага салідныя не захацелі: цесна, ды i чужы быў бы я ў той кампаніі.

10 сутак адбываў я на халоднай кічы першага паста. 10 сутак у тапках на гумовай падэшве, 16 гадзін на нагах i 8 гадзін - спробы заснуць у кашулі й швэдары. Галаву накрываў рушніком. Тры разы карпусны Славік перадаваў чыф з 6-й, адзін раз - цыгарэту бяз фільтру.

Пытаешся, за што я патрапіў у карцэр? Ды нешта падарвала мяне 1 студзеня пасьля абеду. Падалося, што на прадоле кагосьці б'юць. Я ўсхапіўся i да дзьвярэй; вуха прыклаў, слухаю. А тут якраз карпусны: "Чаму вочка ў дзьвярох закрываю?" Ну я i папёр, маўляў, мянты сьмярдзючыя, адліюцца вам нашы сьлёзы... Адразу ж выклікалі групу рэзерву, якая выхапіла з камеры. Паспрабавалі адлупцаваць: штурхалі, вырвалі гузік з чорнай кашулі, адзін здаравезны бугай некалькі разоў стукнуў кулаком па галаве. Усю дарогу ад камеры да кабінету начальніка цэнтралу Хведара Карпавіча Міхеенкі - штурхалі. Надта ж ім хацелася зьбіць мяне. Начальнік i адмераў мне "дзесятку".